Без дазволу ў зону нельга

Законнасць і парадак

Без дазволу ў зону нельга – гэтае патрабаванне, вылучанае на парадак дня катастрофай на ЧАЭС амаль 25 гадоў назад, павінна было стаць неаспрэчным для выканання кожным грамадзянінам. Усім вядома, што за несанкцыяніраванае пранікненне ў зону, вядзенне браканьерства  на адселенай і адчужанай тэрыторыі, здзяйсненне іншых правапарушэнняў прадугледжана адказнасць згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Аднак, як ні прыкра гэта канстатаваць, службам і ведамствам, якім дзяржава даверыла ахову зоны, даводзіцца сутыкацца з фактамі, якія сведчаць аб тым, што насуперак усяму некаторыя асобы ўсялякімі спосабамі, у абход пастоў, ігнаруючы забараняльныя знакі імкнуцца рэалізаваць там свае злачынныя намеры.

7 снежня 2010 года ў 10.00 пры правядзенні ахоўна-рэжымных мерапрыемстваў на тэрыторыі Хойніцкага ўчастка ПДРЭЗ інспектары сектара аховы С.У. Тамілка, В.І. Кулакоўскі,  В.Л. Міхедзенка, вадзіцель патрульнай машыны В.Э. Юкко па дарозе Навасёлкі-Мокіш убачылі сляды двух чалавек, якія вялі ў напрамку тэрыторыі запаведніка. Пачалося праследаванне, на дапамогу былі выкліканы супрацоўнікі РАУС па ахове тэрыторыі запаведніка. Парушальнікі заўважылі міліцыянераў і кінуліся на ўцёкі па балоту, выкінуўшы па дарозе дзве стрэльбы і патранташ з патронамі (на здымку), якія былі потым знойдзены і здадзены ў аддзел унутраных спраў. Як аказалася, зброя была незарэгістраванай.

 Пагранічным атрадам аддзела пагранічнай службы “Прудок” Мазырскага раёна 21 снежня 2010 года ў 19 гадзін 20 мінут на тэрыторыі Нараўлянскага ўчастка ПДРЭЗ  у раёне адселенага н. п. Баровічы ў квартале 117 Партызанскага лясніцтва быў затрыманы грамадзянін Д. на аўтамабілі УАЗ-452Д. У 19 гадзін 45 мінут намеснік дырэктара ПДРЭЗ па Нараўлянскаму ўчастку М.І.Кузьменка паставіў у вядомасць аб гэтым  старшага інспектара аховы аддзела лясной гаспадаркі і аховы В.В. Кавальчука, які сумесна з вядучым спецыялістам Адміністрацыі зон адсялення і адчужэння па Нараўлянскаму раёну Ю.К. Недашкоўскім і прапаршчыкам аддзялення па ахове тэрыторыі запаведніка Нараўлянскага РАУС М.А. Жураўскім выехалі на месца здарэння.

У выніку агляду транспартнага сродка было  ўстаноўлена, што ў аўтамабілі знаходзіліся: 3 кіслародныя балоны, 2 прапанавыя балоны, разак са шлангамі і рэдуктар, а таксама лом чорнага метала, выразанага ў зоне. На парушальніка складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні згодна з арт. 16.3 ч.2 КаАП Рэспублікі Беларусь. За пранікненне ў зону з мэтай самавольнага вывазу чорнага метала парушальніку пагражае штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь з канфіскацыяй.

На наступны дзень было праведзена радыяцыйнае абследаванне лому чорных металаў з наступным састаўленнем заключэння  (пратакол №178 ад 22 снежня 2010 г.). Справа аб адміністрацыйным правапарушэнні накіравана ў суд Нараўлянскага раёна.

23 снежня 2010 года каля 11 гадзін 20 мінут пры правядзенні ахоўна-рэжымных мерапрыемстваў на тэрыторыі Брагінскага ўчастка запаведніка старшы інспектар сектара аховы ПДРЭЗ М.І. Музычэнка пачуў выстралы прыблізна  ў раёне населеных пунктаў Кацічаў і Аляксандраўка. Адразу звязаўся па мабільным тэлефоне з начальнікам Брагінскай міжраённай інспекцыі  аховы  жывёльнага і расліннага  свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь П.Ф. Раманюком і паведаміў аб выстралах, а сам з вадзіцелем А.П. Злабенкам выехаў у раён вёскі Аляксандраўка. Прайшоўшы пехатой уздоўж канала, пабачылі сляды чалавека, якія вялі на тэрыторыю Чыкалавіцкага лясніцтва ва ўрочышча Сіверскія горы (квартал 26). Праз некаторую адлегласць  прымкнулі сляды другога чалавека, якія прывялі ўрэшце рэшт да тушы здабытага браканьерамі лася.

У гэты час на мабільны тэлефон М.І. Музычэнкі пазваніў камандзір падраздзялення міліцыі па ахове тэрыторыі радыяцыйнага забруджвання Брагінскага РАУС А.Л. Талака і паведаміў, што міліцыянерамі непадалёку ад граніцы ПДРЭЗ знойдзены аўтамабіль, належачы грамадзяніну Л., і яны рухаюцца на сустрэчу прыблізнага выхаду браканьераў з тэрыторыі запаведніка. Праз некаторы час супрацоўнікамі РАУС былі заўважаны два чалавекі з мяхамі. Пачалося іх праследаванне. Кінуўшы паклажу, правапарушальнікі схаваліся ў лесе, выкінуўшы па дарозе стрэльбы, а ў мяхах знаходзілася мяса дзічыны.

У ходзе аператыўных мерапрыемстваў П.Ф. Раманюком і М.І. Музычэнкам былі знойдзены дзве стрэльбы, якія пасля праверкі ў РАУС аказаліся незарэгістраванымі.
Узбуджана крымінальная справа, вядзецца расследаванне па фактах, выяўленых на тэрыторыі Брагінскага ўчастка ПДРЭЗ.

Аб тым, які ўдар па здароўю магло нанесці мяса гэтага лася, думаю, тлумачыць не варта. Зразумелая справа, браканьер прызначаў гэты дэлікатэс не для сябе.



А. БОНДАР, загадчык сектара АЛГіА ПДРЭЗ. 


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *