Іх гавань у буры жыцця


Госці разышліся позна. Стомленыя гаспадары прыселі каля стала. Наступіла тая цішыня, што пасля людскога гоману нібы павісае ў паветры.

– Не будзем ужо сёння прыбірацца, – абняўшы жонку за плечы, сказаў Васілій Іванавіч. – Тым больш, што і новае свята зайшло ў дом…

– З чым цябе і віншую, малады, – усміхнулася Ніна Іванаўна. – З Днём абаронцаў Айчыны…

Доўга яшчэ свяціліся вокны сям’і  Паўлючэнкаў у доме па вуліцы Заводскай горада. Успаміналі прайшоўшы вечар, гасцей, якія сказалі шмат добрых слоў юбілярам, пражыўшым 50 гадоў разам, як Маша Машэўская накінула  гаспадыні вэлюм ды дружна закрычалі ўсе “Горка!” Па сутнасці , усе 40 чалавек, што сабраліся за святочным сталом, родныя і блізкія. 36 год жывуць Паўлючэнкі ў Хойніках і сустрэлі тут многа добрых сяброў.

– А памятаеш?..

Усё да драбніц Ніна Іванаўна памятае. Як у школу з Васілём хадзілі ў Багушах Брагінскага раёна. Як праводзіў Васіль пасля танцаў да дому і доўга падбіраў словы ў той студзеньскі вечар 1959-га, пакуль на адным дыханні не вымавіў: “Давай пажэнімся!”

– Табе ж яшчэ ў армію ісці трэба…

– Ну, дык што? Ты ж чакаць будзеш…

І пажаніліся, і чакала тры з палавінай гады, і сустракала з сынам Сяргейкам, які адразу знайшоў агульныя інтарэсы з бацькам, спрытна забіваючы цвікі ў шалёўчыну і весела спяваючы модную ў той час песню: “Держись, геолог, крепись, геолог! Ты ветра и солнца брат…”

У хуткім часе дом адбудавалі. Не лічыліся сваты, хто колькі дапаможа маладой сям’і. Бацька Васіля загінуў у першы год вайны, у 1941-м. Якія ж дастаткі маглі быць у  салдаткі-ўдавы?

Гаспадаркай абзавяліся маладыя. А тут хрушчоўская палітыка ў вобразе ветранай Лявоніхі, што збыла карову і, як усё пакаленне савецкіх людзей, сабралася жыць пры камунізме. Упаўнаважаныя хадзілі па вёсцы, запісвалі, хто лішняга парсюка трымае.

Толькі не надта верылі людзі  Лявонісе і таму, што будуць жыць пры камунізме, грызучы цвёрды хлеб з кукурузы. 8 гадоў Ніна Іванаўна адпрацавала ў жывёлагадоўлі, плюшняк разам з вясковым маладзіцамі нарыхтоўвала для здачы, каб  дадатковую капейчыну ў сямейны бюджэт прынесці. А Васілій Іванавіч, атрымаўшы вадзіцельскае пасведчанне, шаферыў, будаваў дамы.

Так склаліся абставіны, што ў 1973 годзе купілі Паўлючэнкі дом у Хойніках і пераехалі на новае месца жыхарства. Нарадзіўся яшчэ адзін сын Віталій. Гаспадар уладкаваўся ў гаргаз, дзе і адпрацаваў 27 год да выхаду на пенсію, а Ніна Іванаўна шмат год аддала камунальнай гаспадарцы, займалася там вырошчваннем кветак.

Ды не кветкамі быў усланы іх жыццёвы шлях. Вялікая бяда прыйшла ў сям’ю тры гады назад – трагічна загінуў малодшы сын. Як вытрымаць сэрцу мацярынскаму? Стоячы на каленях перад абразамі, расказвала Яму аб горы сваім, не суседзям, не сябрам, а Яму. З часам прытупляецца боль, але ніколі не пакіне. І жыць варта, бо ўнукі ёсць, старэйшы сын, нявестка. Есць сямейны ачаг, які ўсе 50 год быў надзейнай гаванню ў жыццёвым моры. І гавань гэта – не проста месца знаходжання, а месца, куды заўсёды хацелася вярнуцца.

Шчаслівы той чалавек, хто шчаслівы ў сябе дома, – гэтыя словы Л. Талстога як нельга лепш пасуюць да сям’і Паўлючэнкаў. Ніколі не было ў ёй рэўнасці, якая заўсёды бачыць учынкі і рэчы пад павелічальным шклом, не было разборак. Была дарога ў 50 год, была доўгая размова, якая, як зазначыла Ніна Іванаўна, перапынялася  спрэчкамі зрэдку, але ніколі не было сварак, грубых, абразлівых слоў…

Зноў на двары вясна, хутка ўвесь падворак іх будзе патанаць у кветках: цюльпаны, гладыёлусы, нарцысы, якія так любіць вырошчваць гаспадыня. А Васілій Іванавіч нетаропка і ўпэўнена будзе нешта майстраваць. І няхай яшчэ многа-многа такіх вёснаў сустрэнуць юбіляры.


У. СЯМЁНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *