Не абдзелены клопатам, увагай і не губляюць прысутнасці духу

Да Дня Вялікай Перамогі

Усё болей і болей аддаляюцца ад нас грозныя гады Вялікай Айчыннай вайны. Праз некалькі лічаных дзён мы адзначым ужо 72-ю гадавіну Вялікай Перамогі. Падумаць толькі – больш сямі дзесяцігоддзяў прайшло ўжо з таго светлага і незабыўнага для многіх пакаленняў дня. Няўмольны час не быў літасцівым да тых, хто цаной свайго здароўя, сваёй мужнасці і адвагі прынёс нам гэтую Вялікую Перамогу. Але і сёння яны застаюцца такімі ж вернымі сабе – гэтак жа мужна і адважна супрацьстаяць сваім хваробам і балячкам, франтавым раненням, не губляюць прысутнасці духу, бадзёрасці і аптымізму. Праўда, цяпер ім, як ніколі раней, патрэбна наша агульная дапамога ў гэтым нялёгкім супрацьстаянні ўзросту, хваробам. 

Як жывуць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, хто дапамагае ім зараз, на кім трымаюцца клопаты аб іх?
Адразу скажу: па-рознаму жывуць. Нехта ўжо не ўстае з ложка, як напрыклад, Л.П. Лобан з вуліцы Катоўскага райцэнтра і І.А. Горбач з аграгарадка Веляцін, нехта яшчэ на нагах. Так склаўся лёс, што ветэран В.С. Гардзеенка з Клівоў, фота якога ў армейскай гімнасцёрцы можна ўбачыць на вялікіх плакатах нашага горада, сёння знаходзіцца ў Доме-інтэрнаце для пажылых людзей у Капаткевічах.
А вось, да прыкладу, Р.І. Паўлюкавец, Р.Д. Балобан і С.А. Акуленка зараз цалкам пад апекай сваіх дзяцей. На мінулым тыдні мы і пабывалі ў гэтых людзей.
Былы кулямётчык Рыгор Іванавіч Паўлюкавец, які з баямі дайшоў да Берліна, пасля смерці жонкі жыве ў сваім доме ў Казялужжы адзін. Але адзіноцтвам гэтае жыццё ніяк не назавеш. Ужо з самой раніцы кожны дзень з ім сын Мікалай Рыгоравіч. Сам ён таксама ўжо на пенсіі, а таму ўсе бытавыя клопаты аб 91-гадовым бацьку ўзяў на свае плечы.
Дапамагаюць нявестка Валянціна Фёдараўна і сацыяльны работнік. Часта цікавяцца жыццём і праблемамі ветэрана дэпутаты Судкоўскага сельскага Савета, работнікі сельвыканкама, школьнікі і настаўнікі Казялужскай і Судкоўскай школ, з забеспячэннем сельгаспрадуктамі штогод бясплатна дапамагае КСУП «Судкова». Рэгулярна наведваюць яго і мясцовыя медработнікі.
Адной толькі надзённай праблемай падзяліўся з намі Рыгор Іванавіч: пакінуць, не ліквідаваць водаразборную калонку каля яго дома.
Усё ў парадку і ў былога франтавіка Рыгора Данілавіча Балобана. Яго даглядае старэйшы сын Аляксандр Рыгоравіч – чалавек, якога добра ведаюць за яго, без перабольшвання, «залатыя рукі» не толькі ў нашым горадзе, але і за яго межамі. Толькі дзіву даешся, адкуль у яго знаходзіцца час паспяваць паўсюды: і на рабоце ў райспажыўтаварыстве, і на ўнікальныя прыдумкі, а таксама іх увасабленне ў жыццё ў кватэры і каля знакамітага, лепшага ў горадзе, пад’езда дома па вул. Жукава, 9, і на клопаты па догляду за бацькам.
Аднак і Рыгор Данілавіч таксама трымаецца малайцом, нягледзячы на тое, што ў студзені сёлета адзначыў свой 92 дзень нараджэння.
– Бацька, пакуль я раніцай на рабоце, можа і ежу сам прыгатаваць, і ў пральнай машыне памыць сёе-тое з адзення, – з гордасцю дзеліцца з намі Аляксандр Рыгоравіч. Шчыра ўдзячныя гэтыя двое мужчын адміністрацыі і калектыву Палескага вытворчага ўчастка ААТ «Мілкавіта», якія ўжо нямала год не толькі падтрымліваюць ветэрана маральна, але і пастаянна бясплатна забяспечваюць сваёй смачнай і карыснай прадукцыяй. Традыцыя гэтая была закладзена яшчэ ў той час, калі дырэктарам прадпрыемства была Г.В. Бондар, не парушаецца яна і сёння. Рэгулярна бываюць тут з цімураўскай дапамогай вучні гімназіі. Адчуваецца клопат з боку раённага Савета дэпутатаў, райвыканкама і актыву раённай ветэранскай арганізацыі.
Бадзёра трымаецца і Сямён Аляксандравіч Акуленка. Гэтаму чалавеку да дасягнення 90-гадовага ўзросту засталося зусім няшмат. У яго сям’і ўсе клопаты на дачцэ Ірыне Сямёнаўне. Працуе яна майстрам па дамавому ўліку ЖЭУ на палову стаўкі, а большую частку астатняга часу праводзіць у доме бацькоў. І ў гэтым доме таксама ўсё чыста, дагледжана і прыбрана, а той пяшчоце, з якой размаўляе з бацькамі гэтая жанчына, можна толькі па-добраму пазайздросціць. Дапамагаюць ёй у доглядзе за бацькамі два сацыяльныя работнікі з тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, адна з якіх бывае кожны дзень, а другая прыходзіць два разы на тыдзень.
Асабліва ўдзячны ў гэтай сям’і настаўнікам і вучням сярэдняй школы № 1, якія рэгулярна бываюць у гэтым доме і дапамагаюць свайму былому дырэктару ўсім, чым могуць. Удзячны Сямён Аляксандравіч і былому дырэктару рамонтнага завода Уладзіміру Аляксандравічу Хорсуну, які ў свой час за паўцаны (як ветэрану Вялікай Айчыннай вайны) устанавіў тут новыя вароты з металапрофілю.
– Можа, знойдзецца хто і сёння для таго, каб паставіць нам такую ж металічную агароджу? – пытаецца Сямён Аляксандравіч. Агучваем яго просьбу і таксама спадзяёмся на дапамогу ветэрану.
Вынікі гэтай паездкі падводзіць старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Віктар Сцяпанавіч Васькевіч.
У народзе кажуць: «Адзін у полі не воін». А таму наша ветэранская арганізацыя працуе ў цесным кантакце з раённым Саветам дэпутатаў і райвыканкамам, упраўленнем па сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама, ТЦСАН, сельвыканкамамі і дэпутатамі сельскіх Саветаў, кіраўніцтвам прамысловых, сельскагаспадарчых і прафсаюзных арганізацый, воінамі-афганцамі, Саюзам афіцэраў.
Ёсць канкрэтныя і плённыя вынікі гэтай работы. У прыватнасці не магу не адзначыць, што вельмі карысным стаў графік, у адпаведнасці з якім за кожным з ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны замацаваны канкрэтныя арганізацыі. Асабліва актыўна вядуць работу па дапамозе былым франтавікам ПВУ ААТ «Мілкавіта», ДЛГУ «Хойніцкі лясгас», аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Хойніцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй.
А ў цэлым магу смела сказаць, што ніводны з 15 застаўшыхся ў раёне ветэранаў вайны не абдзелены сёння нашым клопатам, увагай і дапамогай. Яны заслужылі гэта.

Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *