Работы ў разгары

Сельское хозяйство

Хлебаробы Гомельскай вобласці на мінулым тыдні прыступілі да ўборкі зерневых і зернебабовых культур. У ліку першых жніво стартавала ў васьмі рэгіёнах Гомельшчыны: Брагінскім, Буда-Кашалёўскім, Добрушскім, Ельскім, Калінкавіцкім, Мазырскім, Петрыкаўскім і нашым. Намалочаны першыя тысячы тон збожжа.

Усяго ў нашым раёне неабходна ўбраць 16 993 га названых культур. Нашы сельгаспрадпрыемствы правялі ўсю неабходную работу, дзякуючы якой плануецца атрымаць ураджай зерневых коласавых культур вышэй за мінулагодні ўзровень. Летась у раёне намалацілі 37 628 тон.
У сёлетняй кампаніі задзейнічана 43 камбайны. Як і абяцалі ў мінулым выпуску нашай газеты, працягваем знаёміць вас, паважаныя чытачы, з экіпажамі нашых працавітых механізатараў.

На мінулым тыдні распачалі ўборку яравога ячменю, за гэтай работай і заспелі механізатараў КСУП «Судкова», тут, дарэчы, і самая высокая ўраджайнасць – 32 цэнтнеры з гектара, і эксбазы «Стралічава».
Па звычаі пастараліся хуценька пазнаёміцца і зрабіць фотаздымкі тых руплівых механізатараў, якія не трапілі на газетную старонку ў мінулы раз, але заслугоўваюць увагі не менш за астатніх.
Фонам для фотасесіі стралічаўскіх механізатараў сталі краявіды каля Рудакова. Судкаўчан жа мы сустрэлі каля в. Небытаў, дзе машыны стаялі, пакуль ішоў кароткачасовы дождж. Як толькі хмары разышліся, мужчыны прадоўжылі сваю справу. Менавіта непагадзь дазволіла карэспандэнту выкарыстаць удалы выпадак і хутка «злавіць» механізатараў, каб зрабіць здымкі.
Тым часам нашы сельгаспрадпрыемствы прыступілі да ўборкі азімай пшаніцы.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *