Выпрабаванне на мужнасць


Уладзімір Якаўлевіч Півавар – надзвычай сціплы чалавек. Аб тым, што пабываў у 1986 годзе ў самым пекле Чарнобыльскай АЭС, калі гарэў чацвёрты блок, расказалі яго таварышы па службе ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях. Цяпер, калі прайшло 25 гадоў пасля аварыі, яе  ліквідатар успамінае:



– Аб небяспецы тады не думалі, стаяла задача збіць імклівае полымя, якое пагражала смяротнай катастрофай не толькі нам, пажарным, але многім і многім людзям. Ад напружання стыла кроў, нямела цела. Потым, знаходзячыся ў шпіталі, суцэльным калейдаскопам праходзілі перад вачыма гэтыя імгненні.
Вельмі непакоіўся аб сваім начальніку Л.П. Цялятнікаву, якога з высокай дозай апрамянення павезлі ў Маскву. Думаў пра месца будучай працы, бо аб вяртанні ў Чарнобыль размовы быць не магло: іх часць перавялі ў Выжгарад.



У час доўгага лячэння Уладзімір Півавар прыняў цвёрдае рашэнне вярнуцца дамоў, у Хойнікі. Хаця тут яно ў многіх выклікала непаразуменне. Некаторыя сябры прама так і гаварылі ў вочы:
– Ну, ты і дзівак! Хіба мала радыяцыі нахапаўся? Трэба табе ехаць надалей ад зоны.
Ён толькі пасмейваўся ў адказ на боязь за яго родных, блізкіх, знаёмых людзей. Уладкаваўшыся ў ваенізаваную пажарную часць г. Хойнікі, наадварот радаваўся, што можа быць побач з братам Сяргеем і сястрой Ірынай, бацькамі.



Пажарны – гэта сапраўды мужная прафесія. У заўсёднай гатоўнасці і трывозе праходзяць працоўныя будні. І калі здараецца экстранны выклік, у дзеянне прыходзяць, быццам гнуткая пружына, усе рэзервы фізічнай вынослівасці, кемлівасці і хуткасці.



Так было і ў красавіку 1987-га, калі У.Я. Півавар на чырвонай машыне з пранізлівай сірэнай імчаў са сваёй камандай у зону адсялення, дзе непадалёку ад Пагоннага загарэліся тарфянікі. Трэба было ліквідаваць небяспечны ачаг. Тое, што тут павышаны радыяцыйны фон, не палохала, бо там, на АЭС, ён быў у многа разоў большым.
На радзіме, у Хойніках, ажыццявілася запаветная мара аб атрыманні  спецыяльнай адукацыі: Уладзімір Якаўлевіч  паступіў і паспяхова закончыў Львоўскае пажарна-тэхнічнае вучылішча і ўвесь час да выхаду на пенсію нёс нялёгкую службу ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях.



Вядома, што змагацца з пажарамі, іншымі надзвычайнымі сітуацыямі даводзілася не кожны дзень. Як лічыць Уладзімір Якаўлевіч, гэта выдатна. Яму хочацца, каб гэтага ліха ніколі не ведалі людзі. Але каб у складаных абставінах дзейнічаць хутка і зладжана, трэба многа ведаць і ўмець. Вось чаму служба праходзіла і ў спакойныя дні напружана. І ў вучобе, і на практычных занятках Уладзімір Півавар імкнуўся быць першым. Такая ўжо ў яго натура. Складваць пажарную лесвіцу, вязаць вузлы, дзейнічаць дакладна і маланкава ўмеў ён у любых абставінах.



А вечарам у родным доме па вуліцы Меліярацыйнай збіралася ўся сям’я Півавараў. Марылі, спрачаліся, абмяркоўвалі навіны. Толькі ніколі не гаварылі аб гераічным учынку блізкага ім чалавека. Магчыма, лічылі, што так, як Уладзімір, зрабіў бы на яго месцы кожны. А можа ў кожнага з іх было сваё меркаванне, якое проста з далікатнасці на слых не выносілася.



Выйшаўшы на заслужаны адпачынак з пасады начальніка РАНС у званні маёра, У.Я. Півавар не доўга сядзеў без справы.  Цяпер ён працуе інжынерам па грамадзянскай абароне ў цэнтральнай раённай бальніцы. І, як усе жыхары нашага горада, спакойна раніцой крочыць на работу ва ўпэўненасці ў дабрыні заўтрашняга дня, на варце якога стаяць такія слаўныя, як прыгожы, па-цыганску смуглявы Уладзімір Якаўлевіч Півавар. І калі абганяе яго пажарная машына, падымае руку і махае ёй услед з добрымі пажаданнямі шчасця, міру і спакою людзям, якія працягваюць яго мужную і вельмі патрэбную справу.
Уладзімір Якаўлевіч Півавар стварыў добрую сям’ю, разам з жонкай Ірынай Дзмітрыеўнай выхоўваюць сына і дачку, якія вучацца ў восьмым і трэцім класе. І хочуць, каб на долю малодшага пакалення хайнічан не выпадала тое, што адбылося ў далёкім ужо 1986-м.



 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *