Хойнікі – адзін з прыгажэйшых гарадоў краіны

Рэха падзеі

У вясенне-летні перыяд Хойнікі патанаюць у зеляніне, расквечаны шматлікімі прысадамі і стракатымі клумбамі, каралямі кустоў і кветак. Сёння горад па праву можна лічыць жамчужынкай добраўпарадкавання і ўтульнасці. Згодны з гэтым не толькі мясцовыя жыхары, але і арганізатары і суддзі штогадовага рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь, якія прызналі наш раённы цэнтр пераможцам сярод малых гарадоў Беларусі.



Вынікі спаборніцтва за 2010 год былі падведзены Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь сёлета 23 сакавіка.
А ў мінулую пятніцу намеснік Міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Андрэй Віктаравіч Шорэц у прысутнасці работнікаў аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, кіраўнікоў і прадстаўнікоў арганізацый, прадпрыемстаў і ўстаноў раёна ўручыў пасведчанне і пераходны вымпел у падцвярджэнне заслужанай перамогі намесніку старшыні райвыканкама А.У. Машэўскаму.



Намеснік Міністра адзначыў, што з кожным годам ў рэспубліцы з’яўляецца ўсё болей гарадоў, якія прэтэндуюць на званне лепшага, і стаць першым сярод роўных – асаблівы гонар. Але дасягнуты Хойнікамі поспех заканамерны, бо ў раёне вядзецца вялікая работа ў сферы  жыллёва-камунальнай гаспадаркі і добраўпарадкавання. А.В. Шорэц пажадаў хайнічанам новых перамог, заклікаў іх не спыняцца на дасягнутым, а рабіць прыгажэй і ўтульней не толькі Хойнікі, але і астатнія населеныя пункты раёна.



У сваю чаргу А.У. Машэўскі падзякаваў за высокую ацэнку праводзімай работы і адзначыў, што да гэтай перамогі горад ішоў, мэтанакіравана ператвараючы ў жыццё разнастайныя мерапрыемствы па добраўпарадкаванню і навядзенню парадку на зямлі. Падрыхтоўка да правядзення Дня беларускага пісьменства стала ў гэтай важнай справе значным прарывам уперад. З мэтай падтрымання і паляпшэння экалагічнага стану, стварэння паўнацэннага жыццёвага асяроддзя, павышэння ўзроўню архітэктуры, санітарнай ачысткі і азелянення населеных пунктаў работы па добраўпарадкаванню раёна актыўна працягваюцца. А таксама выказаў упэўненасць у тым, што жыхары Хойнікшчыны прыкладуць усе свае сілы для таго, каб пераходны вымпел атрымаў пастаянную прапіску ў нашым горадзе.



Акрамя таго, горад-пераможца ўдастоены грашовай прэміі ў памеры 70 мільёнаў рублёў. Асноўную частку матэрыяльнага заахвочвання плануецца затраціць на набыццё дзіцячай пляцоўцы, якая будзе абсталявана ў мікрараёне «Юбілейны».




Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *