Расказ аб тым, як гатуецца сілас

Сельское хозяйство

Вы калі-небудзь прымалі ўдзел у нарыхтоўцы кармоў? Ці бачылі, што робяць са скошанай кукурузай? Калі не і вам гэта цікава, то накіроўвайцеся разам са мной у эксбазу «Стралічава» – аб усім даведаецеся. Канешне, мы аб гэтым пішам штогод і шмат, але гэта публікацыя разлічана на дылетантаў у сельскагаспадарчых пытаннях. Якіх, згадзіцеся, сярод нас нямала.
Восень невыпадкова называюць залатой: наваколле цалкам змяняе свае колеры. І немагчыма ахапіць усю іх разнастайнасць: ярка аранжавы, чырвоная медзь, жоўтая охра, карычняватая бронза. Аднак туды, куды мы з вамі едзем, здаецца, восень яшчэ не наступіла – там усё насычана зялёнае.
Пачнем з таго, што кукурузны сілас – гэта адзін з галоўных сакавітых кармоў, які выкарыстоўваецца ў жывёлагадоўлі. Як кукурузу ўбіраюць? Па кукурузным полі павольна, але ўпэўнена рухаюцца кормаўборачныя камбайны. Да слова, у нашым раёне гэта пераважна «Ягуары», КВК і УЭСы. Жатка «падгінае» радкі «царыцы палёў», а ў гэты час праз спецыяльнае прыстасаванне запаўняюцца прычэпы трактараў, кузавы МАЗаў і ЗіЛаў. Хутка. Даверху.
Пасля вадзіцелі вязуць зялёную масу на сіласную яму. Мы таксама накіроўваемся туды – размяшчаецца яна на тэрыторыі малочна-таварнага комплексу. Перад тым, як «зваліцца» ў адзіную кучу, увесь груз у абавязковым парадку важыцца. Улік «зялёных» тон вядзе Ларыса Вітальеўна Зіноўева. Жанчына выдатна «сябруе» з лічбамі – і як толькі яны ўсе месцяцца ў галаве? Вырасла яна на Віцебшчыне, закончыла медвучылішча ў Латвіі, нейкі час працавала па спецыяльнасці ў Расіі, і вось ужо дваццаць гадоў жыве на Хойнікшчыне. У яе двое дарослых дзяцей – Вова працуе энергетыкам тут жа, у эксбазе, а Зоя – майстар у лясгасе.
Пакуль мы крыху паразмаўлялі з прыёмшчыцай аб жыцці-быцці, пад’ехаў Мікалай Касінскі. Ларыса пытаецца: «Вас ужо кармілі?» «Так, суп гарохавы быў, плоў,» – бадзёра адказвае мазіст. Каб не губляць час, нарыхтоўшчыкам прывозяць абеды-вячэры прама ў поле.
У меня не было магчымасці доўга размаўляць з вадіцелем, бо зразумела, што ён павінен безупынна рухацца з поля на ферму, аднак, паспела даведацца, што працуе ў фермерскай гаспадарцы «Родны путь». Яе дырэктар Мікалай Чубянок прадаставіў тэхніку эксбазе на час восеньскіх работ.
А яшчэ перакінуліся з вадзіцелем некалькімі словамі пра надвор’е – неба было шэрае і вось-вось павінен быў пайсці дождж. Але, як высветлілася, Мікалаю Касінскаму ніякія капрызы надвор’я не страшныя, пасля таго, як ён пабываў за Паўночным палярным кругам. Там слупок тэрмометра падаў ніжэй за пяцьдзесят градусаў. У пацвярджэнне мужчына паказаў здымак на тэлефоне. Субяседнік ён вельмі цікавы, але цяпер яму не да гутарак.
Пасля машыны пачалі ехаць адна за адной – на адвозцы ў гэты дзень задзейнічаны сем адзінак тэхнікі. І за рулём усе знаёмыя асобы – яшчэ нядаўна з гэтымі мужчынамі мы бачыліся на жніве, а цяпер іх маршрут пралягае на кукурузныя палеткі. Усе такія шчырыя, усмешлівыя і працавітыя.
Цікава, што ў работнікаў ёсць свая «мова». Да прыкладу, машына едзе і сігналіць – гэта адзначае, што масу вязе ад камбайна Мікалая Салдаценкі. А калі ніякіх знакаў не падае – ад Аляксандра Дрончанкі. Яшчэ ёсць спецыяльныя жэсты, якія апавяшчаюць аб паломках, і іншыя.
Пасля ўзважвання тэхніка накіроўваецца да ямы, куды выгружае свой скарб. Далей да работы прыступае «Амкадор». Трамбоўка арганізавана кругласутачна пагрузчыкам. У дзённы час разроўваннем і трамбоўкай займаецца Мікалай Пранягін. «Я не буду фатаграфавацца, – адразу заявіў мужчына, – зраблю здымак толькі ў 63-м годзе. На пашпарт». Люблю гэты іх гумар. Аднак, мне ўдалося падлавіць некалькі кадраў. Акрамя таго, мужчына згадзіўся дапамагчы мне зведаць яго работу, як кажуць, на сабе. Я некалькі хвілін пакаталася побач з ім на Амкадоры – і зрабіла выснову, што тут справяцца толькі людзі з вялікай вытрымкай. Манатонная праца і вельмі адказная – праз рукавы не зробіш – якасць вышэй за ўсё.

Дарэчы, на пастаянным кантролі трымаецца – вымяраецца – тэмпература і вільготнасць масы. Пакуль ехалі па яме, убачыла на ключах бірульку з малюнкам горада Бургхаузен, які знаходзіцца ў Баварыі. Аказваецца, там жыве яго дачка. А другая – у Мазыры. Ён вельмі ганарыцца імі.
У кожнага з работнікаў сваё жыццё, сем’і, цікавыя гісторыі – можна слухаць і слухаць. А на рабоце ўсе яны становяцца адной дружнай камандай, якая працуе на добры вынік. І менавіта дзякуючы адданасці сваёй справе кожнага з гэтых людзей, эксбаза «Стралічава» шмат гадоў запар з’яўляецца лідарам у раёне па запасам кармоў. І сёлета яны не збіраюцца губляць пазіцый.
Магчыма, не вельмі падрабязны атрымаўся расказ пра кукурузны сілас, не хацелася вас загружаць складанымі словамі і лічбамі, але, думаю, прынцып зразумелы ўсім. Тэхналогія прыгатавання сіласу: скошванне, драбненне, пагрузка і транспарціроўка, трамбоўка і герметызацыя. А ў будучым адсюль будуць карміцца стралічаўскія кароўкі.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *