Па выніках праверак


Шэраг парушэнняў выяўлены пры праверцы каўбаснага цэха АСП “Каапнарыхтпром” райспажыўтаварыства. Хаця прылягаючая тэрыторыя ўтрымліваецца ў чысціні, аднак не выконваецца графік санітарных дзён. Не праведзены рамонт фасада будынка і бягучы рамонт цэха, не пашпартызавана вентыляцыйная сістэма.

Ажыццяўляецца выпуск вэнджаных паўтушак куранят-бройлераў пры адсутнасці ўмоў для размарожвання мяса птушкі, не заведзены журналы тэхналагічнага працэсу. У складзе сыпучых прадуктаў захоўвалася харчовая дабаўка ў колькасці 4 кілаграмаў. Без ярлыкоў і дакументаў, пацвярджаючых якасць і бяспеку, выкарыстоўваецца кішсыравіна. Работнікамі цэха не пройдзена гігіенічнае прафнавучанне.

Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты тэхнолаг цэха і кладаўшчык. Вынесены пастановы: аб прыпыненні эксплуатацыі цэха для правядзення рамонтных работ; аб забароне выкарыстання харчовых дабавак і кішсыравіны без дакументаў; аб забароне выпуску вэнджаных паўтушак куранят-бройлераў.

Многа парушэнняў выяўлена пры праверках гандлёвых кропак райспажыўтаварыства. Асноўнае з іх – рэалізацыя прадуктаў з прайшоўшым тэрмінам годнасці. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты за гэта загадчыкі магазінаў        № 49 в. Звяняцкае, № 8 в. Тунеўшчына, № 48 в. Ліствін, № 42 в. Судкова, № 24  і “Верасень” в. Казялужжа, а таксама магазінаў №№ 25, 29, 14, 35, “Дарожны” райцэнтра.

Праведзены праверкі 20 прадпрыемстваў усіх форм уласнасці, абасобленых гандлёвых месц на рынку “Юбілейны”. 15 пасадавых асоб, тры індывідуальныя прадпрымальнікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Вынесена 9 пастаноў аб прыпыненні эксплуатацыі на правядзенне чарговага санітарнага дня; 4 пастановы аб прыпыненні эксплуатацыі на правядзенне рамонтных работ; 15 пастаноў аб забароне рэалізацыі прадуктаў з прайшоўшым тэрмінам годнасці і без дакументаў, пацвярджаючых якасць і бяспеку прадуктаў.

Адначасова адабраны 21 узор прадуктаў (яек і курыных паўфабрыкатаў) і праведзены 122 змывы са знешняга асяроддзя на патагенныя мікраарганізмы, у тым ліку на сальманелы. Усе ўзоры адпавядаюць тэхнічным нарматывам.


Н.  ЛАГВІНЕЦ, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *