У ліку галоўных прыярытэтаў

Образование

Чарнобыльская катастрофа паставіла на парадак дня арганізацыю гарачага харчавання школьнікаў, якое ў нашым раёне ажыццяўляецца згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС». Рацыянальнае здаровае харчаванне дзяцей з’яўляецца неабходнай умовай забеспячэння іх здароўя. Як яно арганізавана, у гутарцы карэспандэнту «ХН» расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Л.Ф. Кулакоўская:


– Людміла Фёдараўна, хто корміць дзяцей у школе?
– Харчаванне ажыццяўляе райспажыўтаварыства ў 12 школьных сталовых. Ва ўстановах адукацыі навучаецца 2876 вучняў, і яны забяспечаны харчаваннем у залежнасці ад узроставай катэгорыі: 839 вучняў (29%) атрымліваюць трохразовае харчаванне, 1857 (65%) – двухразовае, 180 вучняў (6%) – аднаразовае.



– Хто ўпаўнаважаны ажыццяўляць кантроль за школьным харчаваннем?
– Ва ўсіх школах створаны саветы па харчаванню, у іх уваходзяць педагогі, бацькі, вучні. Асноўнымі задачамі саветаў з’яўляюцца: кантроль за якасцю прыгатавання і арганізацыі прыёму ежы, санітарна-гігіенічнымі нормамі работы сталовай; работа па прапагандзе здаровага ладу жыцця і асноў рацыянальнага харчавання. Права атрымаць неабходную інфармацыю ёсць у кожнага з бацькоў.



– Якія грашовыя нормы ў разліку на адно дзіця?
– Усё залежыць ад узросту. Для дзяцей 6-10 гадоў на трохразовае харчаванне яны складаюць 8242 рублі, 11-13 гадоў – 9321 рубель. На двухразовае харчаванне – ад 7163 да 8749 рублёў, на аднаразовае – ад 4225 да 6369 рублёў. За мінулы навучальны год на харчаванне школьнікаў было выкарыстана 2 мільярды 384 мільёны рублёў дзяржаўных сродкаў, за 6 месяцаў сёлета – 1 мільярд 617 мільёнаў рублёў. Дзеля падзешаўлення школьнага харчавання штогод займаемся саманарыхтоўкамі бульбы і агародніны ў сельгаспрадпрыемствах раёна. У гэтым годзе – у КСУП імя Мележа, дзе маецца сертыфікат якасці прадукцыі.

– Людміла Фёдараўна, у апошні час з’явіліся новыя формы харчавання школьнікаў.
– Маецца станоўчая дынаміка ахопу школьнікаў такой формай харчавання, як папярэдні заказ страў: у 2010-2011 навучальным годзе было ахоплена 35% вучняў школ, сёлета – 47%. Гэта дазваляе істотна разнастаіць харчаванне, а таксама зрабіць паслугу школьнага харчавання найбольш прывабнай. У меню гарачых страў уключаюцца 2-3 назвы салаты, другіх страў, а ў школьнікаў з’яўляецца магчымасць зрабіць самастойны выбар. Праводзіцца карэкцыя харчавання праз школьныя буфеты і кафэ.
Значны ўплыў на якасць арганізацыі харчавання аказваюць умовы прыёму ежы. Харчаванне ў школе – гэта працяг вучэбнага працэсу за абедзенным сталом. Настаў час, калі дзяцей трэба карміць не толькі смачна, але і ў прыгожых, эстэтычна аформленых умовах. У многіх абедзенных залах афармленне інтэр’ераў тэматычнае, напрыклад, па матывах народных казак.
Арганізавана дыетычнае харчаванне выхаванцаў у дзіцячым садзе №6 г. Хойнікі. У цэнтры развіцця дзіцяці ясляў-сада №5 арганізавана абслугоўванне выхаванцаў у фітабары.


 
– Якое прыкладнае меню школьніка?
– У асартыменце страў сталовых устаноў адукацыі прадугледжаны першыя і другія стравы, разнастайныя салаты, сокі, малочныя і кісламалочныя прадукты, у тым ліку абагачаныя мікранутрыентамі. Праводіцца абавязковая С-вітамінізацыя ежы.



– Што можаце сказаць аб матэрыяльна-тэхнічнай базе школьных сталовых?
– Пастаянна праводзіцца работа па яе ўмацаванню, а таксама ўкараненню прагрэсіўных тэхналогій і новых форм арганізацыі харчавання, прапагандзе здаровага ладу жыцця, прывіццю культуры харчавання. Аддзелам адукацыі праводзіцца работа па своечасовай замене неэфектыўна працуючага халадзільнага і тэхналагічнага абсталявання ў рамках раённай Комплекснай праграмы тэхналагічнага перааснашчэння харчблокаў на 2006-2011 гады.
Праблемных пытанняў у гэтым сэнсе не ўзнікае. Мы перакананы, што вынік харчавання – розум, рост, прыгажосць, маральнасць, светапогляд, талент, дасягненні, жыццёвыя сілы нашых дзяцей.



Гутарыла Клаўдзія БОСАК.
 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *