Увесь наш клопат, любоў – малой радзіме!

Год малой радзімы

Нельга пераацаніць важнасць малой радзімы ў лёсе кожнага чалавека. Там нашы карані, там прайшлі лепшыя дзіцячыя гады, там, як кажуць, загартоўвалася сталь – фарміравалася асоба. Такім жа ўсеабдымным, значным павінен быць удзел кожнага беларуса ў лёсе месца свайго нараджэння, станаўлення.

У цяперашнім годзе ў Беларусі малая радзіма знаходзіцца ў прызме агульнай увагі. А гэта прадугледжвае не толькі шанаванне, павагу, але і праяўленне клопату, энергіі любві праз канкрэтныя справы. На ўзроўні кіраўніка нашай дзяржавы сёлета прагучаў заклік, каб дапамога гэта ішла ад сэрцаў людзей, стала ўласнай ініцыятывай кожнага. Яна можа быць матэрыяльнай, стваральнай, асветніцкай, творчай – хто як можа і хто колькі можа, усё залежыць ад магчымасцяў, фантазіі, жадання. Толькі б з карысцю прымяніць добрыя намеры.

Не сакрэт, што з года ў год гэта робіцца паўсюдна. Такія прыклады ёсць і ў нашым раёне. Сярод неабыякавых яго жыхароў можна перш-наперш узгадаць хайнічаніна Аляксандра Балобана, які каля свайго пад’езда шматкватэрнага дома па вул. Жукава, 9, пасяліў вялізную колькасць драўляных казачных герояў, жыхара Віці Пятра Судзенку, які таксама ўпрыгожыў вуліцу шматлікімі арыгінальнымі малымі архітэктурнымі формамі. Пад крылом веры ўвасабляе ў жыццё свае задумы хайнічанка Ірына Раманюк. З дапамогай людзей, якія падтрымліваюць яе ідэі, пабудавана на гарадскіх могілках каплічка, устаноўлены сімвалы святасці – паклонныя крыжы на ўездах у наш горад. Нізкі паклон за пяшчотныя адносіны да малой радзімы ўраджэнцам выселенай вёскі Амелькаўшчына. На яе могілках узорная чысціня, парадак, дагледжанасць. Гэтых людзей ніхто не прымушае, ніхто, акрамя іх саміх, не бачыць у выселенай зоне вынікаў гэтага догляду. Яны робяць усё па поклічу сэрца. За свае сродкі замянілі агароджу на могілках, пабудавалі каплічку, даглядаюць не толькі ўсе да адной магілы, але і помнік мірным жыхарам Амелькаўшчыны, закатаваным фашыстамі ў гады вайны. Такімі ж душэўнымі парывамі кіраваўся цяперашні жыхар Масквы, ураджэнец выселенай вёскі Людвін Мікалай Сушчанка, які паклапаціўся аб устаноўцы на яе месцы паклоннага крыжа. Нельга не аддаць даніну прызнання паважанаму чалавеку, інваліду Вялікай Айчыннай вайны Мікалаю Цыганкову, які ў сваім сталым узросце вышывае вялікія па памеру карціны, амаль дзесятак з іх ён падараваў раённаму краязнаўчаму музею.

І гэта толькі малая частка патрыётаў нашай роднай зямлі. Як заўсёды, на перадавой дэпутацкі корпус, сёлета з сыходам снегу народныя абраннікі высадзяць маладыя дрэўцы. Няма сумнення, што ў ліку першых са станоўчага боку праявяць сябе ў Год малой радзімы кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, тыя, хто мае свой бізнес.

Словам, нам ёсць на каго трымаць раўненне. Пажадана, каб добрых спраў сёлета было як мага больш. Асобна я звяртаюся да ўсіх землякоў, што жывуць за межамі нашага раёна, сярод іх многа відных людзей. Узгадайце сваю малую радзіму, знайдзіце час і сілы, каб зрабіць для яе што-небудзь карыснае. Няхай кроплі пасільнага ўкладу кожнага ўраджэнца нашага раёна сальюцца ў бясконцы паток абнаўлення, добраўпарадкавання, стварэння ўтульнасці і прыгажосці ў населеных пунктах Хойнікшчыны. Паважаныя жыхары раёна, без напаміну, смялей дабаўце яркіх фарбаў свайму дому, агароджы, пад’езду, месцу сваёй працы ў горадзе і сельскіх населеных пунктах… Апраўце ўсё гэта ў канву кветак. Іх многа не бывае, няхай менавіта кветкі пануюць там, дзе раней было пустазелле.

Кожнаму, без агляду на ўзрост, паладжэнне ў грамадстве, адводзіцца роля руплівага, стараннага гаспадара малой радзімы. Давайце выканаем яе з душой, з поўнай самааддачай, цалкам праявім сябе ў гэтым, каб агульны вынік быў усім на заглядзенне, спрыяў выхаванню ў падрастаючага пакалення правільных жыццёвых прынцыпаў, чалавечых каштоўнасцяў, пачуцця гонару за родны край.

Дарагія сэрцу мясціны заслугоўваюць і вельмі чакаюць такіх руплівых адносін, чакаюць паступальнага руху магутнага чалавечага патэнцыялу раёна. Не сядзіце склаўшы рукі, і ваша імя будзе ўнесена ў гісторыю малой радзімы за новыя перспектыўныя ідэі і ініцыятывы ў любой сферы жыццядзейнасці, працяг лепшых традыцый, закладзеных раней на любай Хойнікшчыне.

Г.В. Бондар, старшыня раённага Савета дэпутатаў.

Ад рэдакцыі: люстэркам такіх добрых спраў стане, безумоўна, раённая газета. Толькі вы паведамляйце нам аб гэтым: званіце, пішыце, запрашайце да ўдзелу.

Акрамя таго, у межах аб’яўленага ў Беларусі Года малой радзімы штомесячна ў «Хойніцкіх навінах» будуць размяшчацца матэрыялы пад рубрыкамі:
— «Родныя мясціны: грэюць сэрца ўспаміны» (аб цікаўнасцях былога жыцця ў глыбінцы);
— «Смак малой радзімы» (сакрэты прыгатавання розных прысмакаў у сваёй мясцовасці);
— «Сэрцам адданыя роднай зямлі» (фотамарафон працаўнікоў розных галін народнай гаспадаркі);
— «Пазнай малую радзіму» (віктарыны, фотозагадкі).

Таксама кожны жадаючы можа паспрабаваць свае сілы ў вершаваным прызнанні ў любві сваёй малой радзіме і ў конкурсе фотаздымкаў «Мілы сэрцу родны край». Дасылайце іх нам для апублікавання.

Паважаныя жыхары раёна, будзьце актыўнымі, падказвайце нам тэмы па абазначаных рубрыках.

Галоўны рэдактар Ірына Лукашэнка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *