Адданыя беларускай песні


Аграгарадок Судкова, надзвычай шчодры на песні і музыку, сустракае ўсіх, хто сюды прыязджае, пявучымі галасамі мясцовых жыхароў.
Тут спяваюць усюды – дома і ў полі, на вяселлях і святах. А найбольш ахвочыя збіраюцца ў сельскім Доме культуры на рэпетыцыі народнага вакальнага ансамбля «Песні над Палессем».



Званне народнага калектыву за высокае выканаўчае майстэрства, прапаганду народнай песеннай творчасці прысуджана гэтаму калектыву  Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь  у жніўні 2011 года. Спачатку, калі калектыў «Судкаўчанка» ў 2000 годзе арганізаваў вялікі энтузіяст сваёй справы Валерый Церашкоў, у яго рэпертуары пераважалі старадаўнія  беларускія абрадавыя песні, народныя жарты, прыпеўкі. Таму і нядзіўна, што мясцовае сельгаспрадпрыемства «Суд-кова», калі пачынаецца або заканчваецца жніво, заўсёды запрашае самадзейных артыстаў на святкаванне гэтых важных хлебаробскіх падзей. І ўжо тады хто толькі не спявае разам з імі, радуючыся добраму ўраджаю, заканчэнню ўборкі, не падцягне даўнішняе: «Сягоння дажынкі… Як на нашай ніўцы». А потым удзячныя слухачы пачуюць беларускія абрадавыя песні. І, нарэшце, загучаць прыпеўкі, народныя жарты на цяперашні лад.



Папулярнасць ансамбля з цягам часу ўзрастала, спяваць у ім пажадалі жыхары навакольных вёсак, і нават з райцэнтра спяшаліся ў Судкова на рэпетыцыі. А калі далучыліся самадзейныя артысты з вёскі Барысаўшчына, то і з’явілася новая назва – «Песні над Палессем».
 Група спевакоў сабралася надзвычай зладжаная. Нягледзячы на работу, дамашнія клопаты, узрост усе прымаюць актыўны  ўдзел ва ўсіх культурна-масавых мерапрыемствах, якія праходзяць у нашым раёне. Іх звонкія галасы гучалі сёлета на святкаванні Дзён вёсак, у час тэматычных канцэртаў, уздымаюць яны настрой жыхарам маланаселеных вёсак, якія запрашаюць прыязджаць яшчэ і яшчэ.



Ля вытокаў стварэння калектыву  стаялі былыя паляводы Аляксандра Кузьмінічна Лагвінец і Любоў Ульянаўна Садоўская, работнікі культуры Наталля Мікалаеўна Коўзік, Таццяна Пятроўна Серада, Вера Фёдараўна Шмідт, а таксама Валерый Пятровіч Бадашка, Аляксандр Яфрэмавіч Сцішанок.  Працавітасць і адданасць беларускай песні характэрна для Людмілы Віктараўны Карпухінай, Наталлі Аляксандраўны Пліско, Наталлі Мікалаеўны Дзегцяровай.
Акрамя В.М. Церашкова, акампаніруе артыстам народнага калектыву Рыгор Мікалаевіч Лушч. А ў рэпертуар дабавіліся і акапельныя спевы, такім чынам выконваюцца беларускія народныя песні, у ліку якіх пад назвамі «Ой, сівы конь бяжыць», «А калі той вечар» і інш.
То задумліва, то радасна гучаць песні ў выкананні народнага калектыву «Песні над Палессем». Песні, якімі так багаты наш хойніцкі край.


Клаўдзія МІКАЛАЕВА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *