Фарбы і пахі дзяцінства

Год малой радзімы Родныя мясціны: грэюць душу ўспаміны

У свой час класік беларускай літаратуры Кузьма Чорны трапна заўважыў: «Радзіма чалавека там, дзе прайшло яго дзяцінства». Для першага намесніка старшыні Хойніцкага райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ж.Я. Бажок такім месцам з’яўляецца вёска Клівы.

Сёння гэта невялікая, ціхая вёсачка, выцягнутая ўздоўж аўтадарогі Хойнікі – Мазыр. Хаця некалі тут кіпела, віравала жыццё і, як успамінае Жанна Яўгеньеўна, не існавала ў Клівах сям’і, у якой было б менш трох дзяцей. Вось і ў яе бацькоўскай сям’і, акрамя яе самой, падрасталі яшчэ два малодшыя браты.
Дзяцінства – самы шчаслівы і бесклапотны час ў жыцці кожнага чалавека, які заўсёды ўспамінаецца з асаблівай пяшчотай і хваляваннем. Так, вясковыя дзеці, у адрозненне ад гарадскіх, з маленства прывыкалі да нялёгкай дарослай, сялянскай працы. І ўсё ж і ў іх знаходзіўся час для сваіх дзіцячых забаў і гульняў.
Асаблівым месцам для кліўской дзятвы і моладзі быў вялікі стары дуб з арэлямі каля вясковай лазні. Тут яны збіраліся вечарамі будняў і ў святы, куплялі ў лазневым буфеце найсмацнейшы хойніцкі ліманад, тут заўсёды было цікава і весела.
Як месца адпачынку і да гэтага часу памятаецца і вясковы клуб, які набіваўся «пад завязку», калі тут дэманстраваліся кінафільмы (асабліва індыйскія!), а таксама на канцэртах самадзейных артыстаў – як сваіх, так і гасцей з райцэнтра.
Што датычыцца прагляду тэлеперадач, то тэлевізары ў той час мела далёка не кожная савецкая сям’я, і людзі звычайна збіраліся разам у дамах шчаслівых уладальнікаў «блакітных экранаў». Так было ў іх доме, і гэтыя тэлепрагляды, з жывым абмеркаваннем, дасціпным каментарам ад суседзяў самых уражваючых эпізодаў таксама памятаюцца і сёння.
– Мне здаецца, што раней людзі былі больш шчырымі, дабрэйшымі і адкрытымі, –успамінае Ж.Я. Бажок. – Усе былі роўнымі ў маёмасных адносінах, працавалі разам і побач, дзяліліся адзін з адным сваімі радасцямі і праблемамі. Куды і чаму прапала гэтая духоўная прастата сёння?..
Успамінаю, як шчыра і радасна адзначалі мы вясковыя і дзяржаўныя святы, асабліва Дзень Перамогі. 9 Мая ў лесе наладжваліся «маёўкі» – ушаноўвалі ветэранаў вайны і працы, выступалі артысты, гучалі музыка і апладысменты, працавалі гандлёвыя кропкі. Панавала атмасфера сапраўднага, шчырага свята, усе мае аднавяскоўцы выглядалі прыгожымі і ўбранымі, а зазелянеўшыя ў пачатку мая лясныя дрэвы дадавалі свае непаўторныя штрыхі ў агульны малюнак свята.
Гэтак жа весела адзначалася і любімае свята дзятвы – Новы год, хаця ў тыя гады аб паху і смаку мандарынаў даводзілася толькі марыць. Але і без іх запамінальны і непаўторны водар елкі, цукеркі і іншыя дамашнія прысмакі прымушалі дзяцей з нецярплівасцю чакаць кожнага апошняга вечара года.
Многа радасці, смеху і жартаў прыносілі людзям Калядкі, калі марознымі і месяцовымі вечарамі свяціліся агеньчыкамі вокны кожнай вясковай хаты, і ў кожнай з іх гасцей чакаў апетытны святочны стол.
Дарэчы, усе стравы гатаваліся тады ў печы (газавых пліт у той час яшчэ не было), ад чаго яны станавіліся яшчэ больш смачнымі і жаданымі.
Назаўсёды запомніліся Жанне Яўгеньеўне і будзённыя паходы ў лес, з якога і дарослыя, і дзеці вярталіся з вёдрамі і кошыкамі, поўнымі дужых баравічкоў і абабкаў, чырвонагаловых падасінавікаў, жоўта- аранжавых лісічак.
А як духмяна і непаўторна пахлі пунсова-барвовыя суніцы, чорныя з сінім адлівам чарніцы!.. Таму яшчэ і сёння водары дароў прыроды асацыіруюцца ў Жанны Яўгеньеўны з далёкім і мілым дзяцінствам.
Дарэчы, гэтак жа як водары язміну і бэзу, у якіх патанала вёска ўвесну. Амаль на кожным двары ў Клівах зелянела гэтае сціплае дэкаратыўнае і вельмі духмянае кустоўе.
Яшчэ адным самым любімым з дзяцінства водарам для Жанны Яўгеньеўны і сёння з’яўляецца пах свежаскошанай травы. Сена для гаспадаркі патрабавалася многа – і для каня, і для каровы, а таму папрацаваць на сенажацях сям’і даводзілася нямала.
Бацька Яўгеній Адамавіч быў брыгадзірам, а потым упраўляючым аддзялення «Клівы» саўгаса «Хойніцкі», маці Надзежда Фёдараўна доўгі час працавала заатэхнікам, потым – дыспетчарам. Работы ў саўгасе хапала, але бацькі спраўляліся і на саўгасных палетках, і па ўласнай гаспадарцы. Менавіта ў іх вучыліся дзеці працавітасці, сумленнасці, адказнасці за даручаную справу. А сёння ўжо яны вучаць таму ж самаму сваіх дзяцей.
– Зрэшты, так быць і павінна, – гаворыць Ж.Я. Бажок, – такім чынам і падтрымліваецца сувязь пакаленняў, і пакуль яна існуе – будзе жыць і сённяшняя вёска, будзе існаваць сельская гаспадарка, якая корміць усю краіну.
Вось колькі многа ўсяго мудрага і шматзначнага месціцца для мяне ў двух простых словах – малая радзіма.
Мне застаецца толькі пагадзіцца са словамі субяседніцы, мяркую, што дакладней і не скажаш.

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *