Хайнічанін Аляксандр Мянёк: «Люблю, калі вакол мяне прыгажосць»

Добраўпарадкаванне

Не перастаюць здзіўляцца хайнічане, якія праходзяць-праязджаюць каля дома № 4 па вул. Лермантава горада. На сцяне цеплавузла па гэтым адрасе замест звычайнага шэрага фона з’явілася цудоўная карціна – выява трапічнага вадаспаду з яркім блакітным небам і зялёным лесам. Малюнак мае працяг – вадаспад нібыта сцякае па лавачцы каля гэтай сцяны.

Задумку з цікавым эфектам выбраў жыхар суседняга дома – работнік КЖУП «Хойніцкі камунальнік» Аляксандр Рыгоравіч Мянёк. Па асабістай ініцыятыве вырашыў добраўпарадкаваць непрыкметную сцяну, запытаў дазволу ў «Камунальніка», набыў неабходныя будаўнічыя матэрыялы, самастойна тынкаваў паверхню і запрасіў мастака Анатолія Гладкага зрабіць прыгожую выяву. Сваёй дзейнасцю ён паказвае: з кожнага звычайнага збудавання можна зрабіць цуд, трэба толькі дадаць туды крыху колеру. Дарэчы, гэты аб’ект – не адзіны ў спісе пераўвасабленняў прасторы, што акаляе Аляксандра.
Паказаў цуда-гаспадар і ўваходную групу пад’езда, дзе пражывае. Мы летась пісалі пра гэту карпатлівую работу. Добраўпарадкаванне пачалося з усталявання і фарбоўкі лавачак, давялося і пляцоўку раўняць, што да ўваходных дзвярэй вядзе. Чым далей праходзіш у пад’езд, тым больш здзіўляешся.
Суседзі гараджаніна з першага паверха выбралі для сябе выявы Парыжу з легендарнай Эйфелевай вежай і вострыя дахі Пекіна, а Аляксандр, наадварот, вярнуўся, так бы мовіць, да вытокаў – папрасіў мастака намаляваць родную глыбінку – пейзаж з бярозкамі. Зноў жа на свае грошы паклаў дэкаратыўную плітку на пляцоўцы, заказаў шклопакет і замяніў ім старыя фрамугі. На здзіўленае «Навошта вам свае сродкі на такое траціць?» Аляксандр проста адказвае: «Ведаеце, я вельмі люблю, каб вакол мяне было прыгожа. Тым і натхняюся». Ва ўсіх гэтых пачынаннях дапамагае сын, таксама Аляксандр. Не толькі каля свайго дома такое хараство. У сям’і ёсць два гаражы – і яны аформлены з густам. На варотах абавязкова карціна – на памяць пра машыну, якая некалі была ў сям’і, намалявалі падобную, а на нумары – год стварэння самой карціны. Унутры таксама адна са сцен прыгожа расфарбавана. Словам, ва ўсім бачна рука гаспадара. Вароты другога збудавання ўпрыгожаны выявай сажалкі з лебедзямі. Пытаюся: чаму вы так часта заказваеце водную стыхію маляваць? У адказ Аляксандр тлумачыць, што яго прозвішча супадае з назвай рачной рыбкі. Можа, таму і цягне да вады.
Дарэчы, такое імкненне да стварэння камфортных умоў ідзе з сям’і. Прыгожа і на тэрыторыі домаўладання ў бацькоў Мянёк у в. Хвойнае, ды і ў бацькоў яго жонкі Жанны ў Лісцвіне таксама ўзорны парадак.
Звычайна ў творчых людзей пытаюцца пра далейшыя планы. Пацікавілася і ў Аляксандра Рыгоравіча. На што пачула цэлы спіс задумак: знаёмыя прапануюць і бакавую сцяну цеплавузла чым-небудзь упрыгожыць, а яшчэ хацелася б нешта на сцяне дома, дзе жыве, прыдумаць крэатыўнае, каб хайнічане жылі ў прыгажосці, як і іх руплівы зямляк.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *