Лён — гэта прыгожа і здарова


2 жніўня летась хойніцкай фабрыцы мастацкіх вырабаў споўнілася 70 гадоў. Юбілей – добрая нагода, каб азірнуцца назад, прааналізаваць сваю працу, а затым з выдатным настроем і падвоенай энергіяй рухацца наперад. Не паспеў пачацца сёлетні год, як майстрыхі фабрыкі зноў імкнуцца прыемна здзіўляць спажыўцоў, радаваць іх цікавымі навінкамі.



– Паспяхова асвоілі выпуск адзення з ільну, – адзначае дырэктар фабрыкі І.У. Пятрунін. Асартымент яго на любы густ: мужчынскі камплект са штанамі і сарочкамі, жаночыя сукенкі і блузкі, дзіцячыя касцюмчыкі. Прычым працуем выключна з беларускім ільняным палатном, у якое не дабаўляецца сінтэтыка.

У дзень, калі наведала прадпрыемства, вялася загрузка  вырабаў у фабрычную “Газель”, вадзіцель якой Руслан Півавар разам са спецыялістамі рыхтаваўся да паездкі ў Маскву з мэтай гандлю ў Паўднёва-Заходняй акрузе сталіцы Расійскай Федэрацыі. Гэта не першая гандлёвая місія туды: як паказала практыка, вырабы з саломкі, кераміка, ільняныя вырабы знаходзяць пакупнікоў, сярод якіх многа замежных грамадзян.

Мадэліруе вырабы С.А. Мазур, чый працоўны стаж на фабрыцы перавышае два дзесяцігоддзі. Пачынала з машыннай вышыўкі, затым была раскройшчыцай, апошнія восем гадоў – канструктар і адначасова старшыня прафсаюзнага камітэта прадпрыемства.

– Чаму аддаём прыярытэт ільняному палатну? На гэтае пытанне магу адказваць доўга, – зазначае Святлана Анатольеўна. – Спажывецкія якасці льну высокія ў параўнанні з іншымі натуральнымі валокнамі. Ен з’яўляецца добрым правадніком цяпла і забяспечвае высокую трываласць вырабаў, у працэсе нашэння адзенне захоўвае свежасць і белізну, ільняное палатно менш забруджваецца і вельмі добра мыецца. Я не толькі канструктар, але і з Русланам Піваварам з’яўляемся “мадэлямі” новых відаў адзення: адпаведна ён – мужчынскага, я – жаночага.

Трываламу ўкараненню навінак з ільну садзейнічае і тое, што наступіў прагрэс у іх стварэнні: з дапамогай камп’ютэра вядзецца выраб лекалаў, на пашыве выкарыстоўваюцца сучасныя машыны карэйскай вытворчасці.

Творчыя ідэі С.А. Мазур пасля зацвярджэння на мастацкім савеце канцэрна “Беларускія мастацкія промыслы” рэалізоўваюцца калектывам фабрыкі. Свой пэўны ўклад у агульную справу ўносяць тэхнолаг Р.М. Шкут, брыгадзір участка раскрою К.В. Жаўняк, работніцы Г.А. Ігнаценка, І.Д. Карпенка, М. І. Цукерман. А ўласна рэалізацыя вырабаў – “епархія” аддзела збыту і забеспячэння, начальнікам якога з’яўляецца Г.У. Лазарэнка.

З 7 па 9 красавіка Ганна Уладзіміраўна прадстаўляла новую калекцыю льнянога адзення з адзінаццаці прадметаў у Мінску, у выставачнай зале БЕЛЭКСПА. І як прыемны факт адзначае, што інтарэс да калекцыі быў вялікі, знойдзены фірмы-пакупнікі, аформлены адпаведныя дагаворы.

Працуе на фабрыцы фірменны магазін, па выхадных днях прадавец Т.У. Атрошчанка ажыццяўляе продаж вырабаў і ў павільёне на рынку “Юбілейны” нашага горада.

– Ільняное адзенне карыстаецца попытам, – расказвае Тамара Уладзіміраўна. – А адна з пакупніц адзначала, што купляе льняныя сукенкі з медыцынскіх меркаванняў, бо ведае, што лён валодае высокай энергетыкай, узбуджае ў чалавеку пачуццё стойкай сканцэнтраванасці і глыбакадумнай размеранасці. Да таго ж гэта цудоўны матэрыял, які выратоўвае ад пылу, шуму, змяншае радыяцыйнае ўздзеянне.

А канструктар С.А. Мазур дадала, што кожны чалавек можа пашыць сабе адзенне на фабрыцы па заказу. Цэны самыя прымальныя.

На развітанне Святлана Анатольеўна запрасіла ў склад гатовай прадукцыі, дзе з’явіліся новыя вырабы з ільну – жаночыя і мужчынскія тунікі, мужчынскія сарочкі розных колераў, гальштукі, піжамы. У вытворчасці – класічны мужчынскі касцюм з белага льну, у стадыі распрацоўкі такі ж касцюм для жанчын.

Ад убачанай прыгажосці вочы разбягаліся. І ствараюць гэтую прыгажосць з дня ў дзень майстрыхі фабрыкі.



Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *