Віншую з Днём маці, шаноўныя хайнічанкі!


Заўтра адзін з самых светлых, самых добрых і самых цёплых дзён у годзе. Бо менавіта ў гэты дзень мы ўшаноўваем і віншуем самых блізкіх і дарагіх жанчын кожнаму чалавеку на свеце. Мама… Адно слова, чатыры літары, а колькі любові і ласкі, колькі клопату, перажыванняў, колькі веры і надзеі стаіць за гэтым словам! Дазвольце адыйсці ад афіцыйнасці і павіншаваць вас так, як адчуваю душой.

Матуля… Прачытаўшы гэта слова, напэўна кожны ўявіць сваю маму: прыгожую, любімую, родную. І яе ўсмешку, што як прамень сонейка, сагравае душу і сэрца. А яшчэ яе рукі: ласкавыя, пяшчотныя, цёплыя.
Якія словы прыходзяць у галаву, калі думаем пра маці? Напэўна, кожны з нас успамінае слова «дзякуй». Дзякуй за ласку, дабрату, сардэчнасць, за тое, што падарыла жыццё. Дзякуй… Але варта ўзгадаць і слова «прабач»? Прабач за крыўды і за хваляванні. Прабач!
Мы рэдка кажам гэтыя словы. Але заўтрашняе свята – добрая нагода для таго, каб сказаць аб сваіх пачуццях. І калі ёсць словы, якія яшчэ не сказаны, крыўды, якія не прабачаны, дзеянні, за якія мы не падзякавалі, трэба ўсё сказаць, прабачыць, падзякаваць…
Цеплыню і дабрыню маці перадавалі нам, калі, схіліўшыся, цалавалі ў шчокі, расказвалі на нач цікавыя казкі. Менавіта гэты чалавек вёў нас па яшчэ невядомым сцежкам, навучыў дарыць людзям дабрыню, паважаць старых і малых, любіць сваю Радзіму. Матуліна ўсмешка, сустрэчы і чаканні, яе шчырасць, клопат, пяшчотная любоў аддадзены нам – дзецям.
Быць маці – гэта не толькі вялікае шчасце, але і цяжкая праца, вялікая адказнасць. Узгадайце, калі мы хварэлі, маці заўсёды была побач, спяшалася на дапамогу з чаем і мёдам. Не спала па начах… Калі мы цяпер прыязджаем да матуль у госці, у хату вабіць прыемны пах смачных страў. А калі нам проста бывае дрэнна на душы, маці заўсёды імкнуцца дапамагчы ўсім, чым могуць – і добрым словам, і справай. І не важна, колькі нам гадоў…
Я вырас у шматдзетнай сям’і. Матулінай любові хапала ўсім, бо яна бязмежная. Шчыра хачу, каб кожная маці заўтра і ў любы іншы дзень была ахутана ўвагай. Даражыце сваімі матулямі. Вырастаем, і, пакінуўшы родны дом, за сваімі штодзённымі справамі і турботамі іншы раз забываем патэлефанаваць, напісаць некалькі радкоў, адаслаць паштоўку да свята. А маці чакае! Адкладзіце ўсе справы і знайдзіце хвіліну, каб падзякаваць за ўсё: за дапамогу, за ласку, за падтрымку і за тое, што яна ёсць у вас. І нават калі толькі ў памяці.
Я жадаю, каб кожны дзень вочы кожнай матулі іскрыліся цяплом і радасцю, і каб жыццё ўсіх хойніцкіх жанчын складалася з самых яркіх падзей.
Мацярынская любоў і самаахвярнасць – загадка, тайну якой яшчэ нікому не давялося разгадаць. I адразу прыгадваецца старадаўняя прытча пра юнака, які па загаду няўмольнай і хцівай каханкі прынёс ёй у ахвяру матчына сэрца. Ён бег з ім у руках, спатыкнуўся, моцна ўдарыўся аб камень і застагнаў. «Ой, табе ж баліць, сынок! Ідзі цішэй, дзіцятка!» – адгукнулася матчына сэрца…
Гэтую любоў нельга вызначыць, вытлумачыць, вымераць, бо гэта – каштоўны дар. Пакуль жывуць на свеце нашы матулі, мы яшчэ застаемся дзецьмі. Таму беражыце іх!
Дарагія нашы мамы, няхай для вас гучаць толькі самыя добрыя пажаданні, а дзеці радуюць сваімі дасягненнямі, атульваюць клопатам і ўвагай. Жадаю моцнага здароўя, здзяйснення ўсіх жаданняў, цудоўнага настрою. Няхай Пакроў Прасвятой Багародзіцы аберагае вас ад нягод. Будзьце заўсёды шчаслівыя і любімыя!

З павагай, старшыня раённага выканаўчага камітэта А.У. Бандарэнка.