Вучыць адказнасці і майстэрству

Образование Общество

Яго працоўная кніжка не спярэшчана шматлікімі запісамі і пячаткамі арганізацый і ўстаноў.

У ёй толькі два працоўныя адрасы – Рудакоўскае ПТВ-180 і Хойніцкае ПТВ-183, якое зараз мае назву «Хойніцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй». А спецыяльнасць адна і тая ж – майстар вытворчага навучання.

Але за гэтыя амаль тры з паловай дзесяцігоддзі «праз рукі» Мікалая Уладзіміравіча Ярмоленкі прайшла напэўна ўжо не адна тысяча навучэнцаў вучылішча і дарослых слухачоў, якія навучаліся (і навучаюцца зараз) на курсах для атрымання вадзіцельскага пасведчання. Як сам ён прызнаецца, нават нязвыкла, але заўсёды прыемна бывае пачуць ад маладога навучэнца альбо курсанта:
– А я Вас ведаю, Вы маю маму (альбо тату) ваджэнню навучалі…

Нарадзіўся ў Рудакове, там жа скончыў 8-годку, у старэйшыя класы хадзіў у Бабчынскую СШ. Пасля заканчэння школы пайшоў вучыцца на вадзіцеля ў Рудакоўскае ПТВ-180. Нечым прывабіў ён аднаго з самых вопытных і аўтарытэтных выкладчыкаў вучылішча Рыгора Якаўлевіча Дыгуна і той прапанаваў заняцца падрыхтоўкай будучых механізатараў і вадзіцеляў. Дома гэтую прапанову падтрымаў бацька Уладзімір Фёдаравіч, які таксама працаваў у Рудакоўскім ПТВ-183. З 1981 па 1983 г.г. юнаку давялося выканаць свой ганаровы армейскі абавязак. Пасля дэмабілізацыі з радоў Савецкай арміі пайшоў на гадавое навучанне ў Рэспубліканскі інстытут павышэння кваліфікацыі і пасля заканчэння вучобы атрымаў права на навучанне кіраванню механічнымі транспартнымі сродкамі.

Вярнуўся ў родны Рудакоў і, як кажуць, навучальны «працэс пайшоў». За якасць і аб’ём сваіх тэхнічных ведаў малады майстар не хваляваўся, а вось тонкасцямі педагагічнага майстэрства давялося авалодваць па ходу работы. Паступова ўсё наладжвалася, прыходзіў неабходны педагагічны вопыт. Але грымнула катастрофа на ЧАЭС, вёска Рудакоў трапіла ў зону адсялення, вучылішча закрылі. Тым самым перастала існаваць сапраўдная кузня механізатарскіх кадраў для гаспадарак і прамысловых прадпрыемстваў Хойніцкага, Брагінскага, Лоеўскага, Рэчыцкага і іншых раёнаў вобласці.

Механізатарская і вадзіцельская спецыяльнасці былі ўключаны ў праграму навучання Хойніцкага ПТВ-183. І з 1986 года Мікалай Уладзіміравіч працуе ў дзяржаўным прафесійным ліцэі.

Калі спытаўся аб тым, што ён лічыць галоўным у сваёй прафесіі, то адказ прагучаў так:
– Імкнуся не толькі даць веды аб устройстве аўтамабіля і навучыць чалавека практычнаму кіраванню аўтамабілем, але і выхаваць у яго, у першую чаргу, пачуццё адказнасці. Гэта лічу сваёй галоўнай задачай і паспрабую растлумачыць чаму. Любы транспартны сродак: аўтамабіль, трактар, нават асфальтавы каток – крыніца павышанай рызыкі і небяспекі не толькі для самога вадзіцеля, але і для іншых удзельнікаў дарожнага руху – пасажыраў, пешаходаў, іншых вадзіцеляў. І калі чалавек заўсёды будзе ясна і выразна ўсведамляць гэта, ён ніколі не стане ні перавышаць дазволеную хуткасць руху, ні, тым больш, дазволяць сабе сесці за руль ў стане алкагольнага ап’янення. А гэта – дзве самыя асноўныя прычыны дарожна-транспартных здарэнняў, аварый і катастроф.

Сучасны аўтамабільны транспарт імкліва ўдасканальваецца – растуць яго хуткасныя магчымасці, павышаецца ступень камфорту ў салоне. Усё гэта прытупляе пільнасць і ўвагу з боку вадзіцеля, зніжае яго канцэнтрацыю. Таму я і вучу пастаяннай адказнасці, уменню быць на дарозе не толькі падрыхтаваным прафесійна, але і гатоўнасці да рэагавання ў любы момант на няштатную сітуацыю.

Мікалай Уладзіміравіч стараецца быць у курсе ўсіх тэхналагічных аўтанавінак, пытанні ад юных і дасведчаных у Інтэрнеце навучэнцаў могуць паступіць самыя каверзныя. Таму праглядвае рэгулярна ўсе аўтамабільныя Інтэрнет-сайты.

Захапляецца рыбалкай і любіць папрацаваць на ўчастку, на якім разам з жонкай Галінай Якаўлеўнай (яна працуе бібліятэкарам цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы) вырошчваюць садавіну і гародніну. Іх дзяці ўжо дарослыя, жывуць і працуюць у Гомелі. Сын Дзяніс закончыў Хойніцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй, а потым – Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. Па прыкладу бацькі працуе ў сістэме прафтэхадукацыі – выкладчыкам Гомельскага дзяржаўнага машынабудаўнічага каледжа.Дачка Таццяна пасля заканчэння юрыдычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны працуе ў адным з судоў горада Гомеля.

А Мікалай Уладзіміравіч усё гэтак жа кожную раніцу крочыць у наш ліцэй. Месца, у якім ён вучыць людзей адказнасці і майстэрству.

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *