Разгледзець патэнцыял кожнага

Власть

На чарговым пасяджэнні райвыканкама разгледжаны пытанні выканання Комплекснага плана мерапрыемстваў па кадраваму забеспячэнню органаў мясцовага кіравання, арганізацый галін эканомікі і сацыяльнай сферы Хойніцкага раёна за 2018 год, а таксама аб бюджэце Хойніцкага раёна на 2019 год.

Удзел у пасяджэнні прыняла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С.У. Чэкан.

На 1 студзеня 2018 года насельніцтва раёна складала 19043 чалавекі, з іх працаздольнага ўзросту – 9778 чалавек (51% ад агульнай колькасці насельніцтва). Колькасць эканамічна актыўнага насельніцтва склала 7767 чалавек.

На сённяшні дзень у раёне ёсць 135 вакансій, 86 з іх – па рабочых спецыяльнасцях. Азнаёміцца са спіскам можна на сайце райвыканкама і на партале дзяржаўнай службы занятасці.
Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Г.П. Цімошчанка праінфармавала аб праводзімай рабоце па кадраваму забеспячэнню: атэстацыя кіруючых кадраў, перападрыхтоўка, стажыроўка, семінары, вучоба, дні рэзервістаў і інш. На кожным прадпрыемстве, арганізацыі, установе сфарміраваны рэзэрв кадраў, з якім таксама праводзіцца пэўная работа.

Аднак, як адзначыў старшыня райвыканкама А.У. Бандарэнка, гэтай работы недастаткова. Кожны кіраўнік не павінен сядзець і чакаць, пакуль яму знойдуць спецыяліста, намесніка, патэнцыяльную змену. Неабходна самому ўжо ў школе прафесіянальна арыентаваць падрастаючае пакаленне, расказваць пра плюсы тых ці іншых спецыяльнасцей, у якіх ёсць патрэба, аб неабходных у раёне спецыяльнасцях і прафесіях.

Патрэбна разгледзець патэнцыял кожнага чалавека, падтрымліваць, развіваць, асабліва маладых і перспектыўных. Калі спецыяліста цэняць, то ён і працуе лепей.
Кадравая служба раёна патрабуе змен. У школах патрэбна штомесяц праводзіць так званы прафдзень – калі кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў будуць прыходзіць і расказваць юнакам і дзяўчатам аб спецыфіке работы. На базе дзяржаўнага прафесійнага ліцэя разгледзець магчымасць стварэння курсаў і груп навучання па самых неабходных спецыяльнасцях (напрыклад, тынкоўшчыкаў, маляроў), якія неабходны нашым прадпрыемствам.

На прымяненні пункта 2 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30.11.1998 г. № 1842 «Аб увядзенні кантрактнай формы найму на працу педагагічных, медыцынскіх, фармацэўтычных работнікаў, работнікаў культуры і мастацтва, уключаючы кіраўнікоў гэтых работнікаў, спецыялістаў і кіраўнікоў спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, спецыялістаў сельскай і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, работнікаў і спецыялістаў сістэмы спажывецкай кааперацыі ў раёнах, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС» больш актыўна асобнымі арганізацыямі акцэнтавала ўвагу С.У. Чэкан. Гэтым пунктам устаноўлена адзіначасовая выплата работнікам пэўных спецыяльнасцей пры заключэнні першага кантракта тэрмінам на 5 гадоў – 200 базавых велічынь, пры заключэнні другога кантракта тэрмінам на 5 гадоў пасля 5 гадоў работы на ўмовах першага пяцігадовага кантракта – 300 базовых велічынь. Кіраўнікі павінны разумець важнасць такога моманту, адзначыла Святлана Уладзіславаўна, як замацоўваемасць кадраў, і ў гэтым вялікую ролю адыгрывае як раз заключэнне пяцігадовых кантрактаў. Неабходны стымул – жыллё, дастойная заработная плата, дастойныя ўмовы працы – тады і людзі будуць заставацца ў раёне.

Вольга БЕЛАШ.
Фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *