І колькасць, і якасць

Сельское хозяйство

Два гады запар Велікаборскі сельскі Савет з’яўляецца лепшым у раёне па якасці закупленага ў насельніцтва малака – пры базавай стаўцы тлустасці 3,4 велікаборцы летась дасягнулі сярэдняй лічбы ў 3,89 адзінкі. Аб тым, як гэтая работа вядзецца зараз, расказвае старшыня сельвыканкома Аляксандр Паўлавіч САЧАНКА.



 – Па стану на 1 студзеня 2009 года ў падсобных гаспадарках жыхароў Велікаборскага сельскага Савета налічвалася 236 кароў. Гэта на 21 галаву больш, чым было ў пачатку 2008 года. Аднак гэта толькі на паперы можна механічна параўноўваць лічбы і рабіць нейкія матэматычныя вывады аб плюсе або мінусе. На справе ж гэта жывыя істоты і жыццё уносіць свае карэктывы. Так, у пачатку года ў нас налічвалася 87 малаказдатчыкаў, а па стану на 1 мая іх засталося 61 чалавек. Многія каровы на  падвор’ях зараз знаходзяцца ў запуску, многія ацяліліся зімой-вясной, таму нейкую частку малака гаспадары выкарыстоўваюць на выпайку цялят.

Тым не менш, колькасць здадзенага за 4 месяцы малака ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года вырасла з 34623 кілаграмаў у 2008 годзе да 40762 у бягучым. Вялікая заслуга ў гэтым нашых малаказборшчыкаў В.Б. Кузьменкі і У.М. Лагвінца. Дарэчы, Васілій Барысавіч па выніках работы ў 2008 годзе таксама другі раз запар стаў лепшым у раёне. Выдатна працуе і Уладзімір Мікалаевіч Лагвінец.

Што датычыць якасці малака, то з павелічэннем яго базавай тлустасці да 3,6 адзінкі агульнага падзення паказчыкаў якасці не адбылося: хто здаваў малако з высокай тлустасцю і шчыльнасцю, той і сёння здае. Дапамагае ў гэтым і растлумачальная работа, якую мы пастаянна праводзім з кожным з малаказдатчыкаў. Пад роспіс у спецыяльным журнале праводзім з людзьмі гутаркі аб нормах і патрабаваннях санітарыі, зоаветэрынарных нюансах (напрыклад, папярэджваем аб тым, што калі напярэдадні дойкі карова атрымала укол ад ветэрынара, то такое малако ў гэты дзень лепш не здаваць, гэтак жа як і малако ад хворых кароў).

Вызначэннем якасці малака з кожнага падвор’я ў нас займаецца лабарант. Дрэнна толькі тое, што гэтую вельмі патрэбную штатную адзінку ў хуткім часе  можам страціць з-за невысокай заработнай платы. А ў малаказборшчыкаў на сённяшні дзень адсутнічаюць прыборы і прэпараты для вызначэння якасці малака.

Сярод лепшых малаказдатчыкаў назаву прозвішчы Дзмітрыя Іванавіча Іванюценкі, Івана Іванавіча Яшына, Генадзія Іванавіча Кузькі, Любові Захараўны Хамяковай.


 Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *