Сям’я аграномаў

Сельское хозяйство

Малая радзіма для кожнага чалавека многа значыць: тут пад кронамі дрэў, як і пад страхой бацькоўскай хаты, заўсёды цёпла і ўтульна. Уладзімір Бандарэнка з дзяцінства зачароўваўся роднымі палеткамі, якія быццам запаўнялі яго сэрца. Так паступова нараджалася любоў да зямлі, вось чаму з будучай прафесіяй агранома юнак вызначыўся лёгка. Ён мэтанакіравана ішоў да ажыццяўлення сваёй мары. Нарадзіўся і вырас у вёсцы Пудакоў, закончыў базавую Веляцінскую, потым – Паселіцкую сярэднюю школу. Вучыўся ў Хойніцкім прафтэхвучылішчы, а пасля паступіў у Калінкавіцкі аграрны каледж. 



Стараннага і сумленнага хлопца чакалі ў гаспадарцы з дыпломам. Ён прыехаў на працу, ды не адзін, а прывёз з сабой яшчэ аднаго агранома – цяпер ужо жонку Юлію (вяселле згулялі месяц назад). Іх знаёмства завязалася ў час вучобы. Запала юнаку ў сэрца абаяльная, сціплая дзяўчына. Ды і Юлі адразу спадабаўся цікавы, сімпатычны юнак. Пасля заканчэння вучобы яна прыехала на малую радзіму каханага.



У КСУП «Веляцін» Уладзімір цяпер працуе аграномам-аграхімікам, а Юля – аграномам-насенняводам. Маладыя людзі адзначаюць, што работа на зямлі вельмі творчая, патрабуе і ведаў, і пошуку, і любові. Ім падабаецца. Дарэчы, для маладой пары спецыялістаў у Велеціне будуецца дом, хутка будуць гуляць наваселле.   
Напэўна, Бандарэнкі – самы вялікі сямейны падрад не толькі ў КСУП «Веляцін», але і ва ўсім раёне. Маці, Вольга Сямёнаўна, да выхаду на заслужаны адпачынак працавала брыгадзірам на Пудакоўскай ферме, бацька, Уладзімір Анатольевіч, з’яўляецца перадавым вадзіцелем. Працуюць у гэтай гаспадарцы іх сыны Анатолій  і Сяргей і іх жонкі, дачка Таццяна, а вось цяпер і малодшы сын Уладзімір з жонкай Юляй.
Поспехаў вам у працы. 



Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *