Еду адпачываць!

Сельское хозяйство

Выдатны «бонус» за плённую працу – прафсаюзную пуцёўку ў санаторый «Прыдняпроўскі» атрымала аператар машыннага даення ААТ «Хойніцкі Аграсэрвіс» Галіна Чэкан.

Днямі для ўручэння падарунка зрабілі невялікую «паўзу» падчас абедзеннага даення кароў на МТК «Карчовае». Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вера Васільеўна Харошка шчыра падзякавала руплівай жанчыне за адданасць справе і ўручыла падарунак – паездку ў «дванаццацідзённы рай».

Безумоўна, Галіна Чэкан такі сюрпрыз заслужыла: даяркай працуе амаль два дзясяткі гадоў і заўсёды ў ліку лепшых не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і ў раёне.

Пуцёўка стала прыемнай нечаканасцю для адказнай працаўніцы. Спачатку бянтэжылася, нават адмаўлялася ад паездкі, але потым дзеці ўгаварылі яе адпачыць і паправіць здароўе. Жанчына бярэ водпуск і дзявятага красавіка адправіцца ў санаторый.

Адзначым, што адпаведнае ўшаноўванне перадавікоў сельскай гаспадаркі праводзіцца у рамках рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод». Як гаворыцца, лепшым работнікам – лепшы адпачынак!

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *