Адкрыў лік тысячнікаў раёна вадзіцель КСУП «Веляцін» Міхаіл Анісенка. А сярод экіпажаў хто стане першым?

Сельское хозяйство

У сонечны дзень, з самай раніцы, калі спадае раса, мехдвор пусцее. Камбайны і грузавікі выязджаюць на запраўку, а потым чарадой накіроўваюцца на палі.

Учора да адпраўкі тэхнікі на хлебную «вахту» мы завіталі ў КСУП «Веляцін», каб прыняць удзел у нефармальнай камбайнерскай планёрцы. Пакуль работнікі чакаюць «адмашкі», правяраюць сваіх «жалезных коней», нешта падладзяць (а нехта нават трапачкай камбайн працірае), ну, і словам-другім перакідваюцца па ходзе справы.

Вітаюся з усімі і пытаюся, як справы? «Сёння ж дзень паветрана-дэсантных войскаў – гэта ў нас свята Віці, а ён чамусьці без цяльняшкі», – адразу пачынаюць жартаваць мужчыны і юнакі. Потым расказалі мне, каго мучыць бяссонне, таму што ён перажывае за жніво. Ну, і, канешне, абмеркавалі тэму дня – хто стане першым экіпажам-тысячнікам у раёне?

Як паведамляецца на першай старонцы газеты, лік лідараў жніва ў гэтым годзе распачалі веляцінскія хлебаробы. Першым чаканую планку ўзяў Міхаіл Анісенка, а другім вадзіцелем-тысячнікам стаў таксама працаўнік гэтай гаспадаркі – Уладзімір Бандарэнка. І гэта пры тым, што ўдваіх працуюць на ГАЗ.

А цяпер, паводле даных раённай зводкі, сярод экіпажаў у лідарах таксама веляцінцы. Аднак на пяткі літаральна наступаюць калегі з «Судкова». Да апошняга захоўваецца інтрыга і, магчыма, яна вырашыцца ўжо сёння – віншаванне камбайнераў, як і заўсёды, будзе наладжана непасрэдна ў полі. Калі так, то мы абавязкова вам паведамім у нашых групах у сацыяльных сетках – сачыце за навінамі.

Але пагутарыўшы з веляцінскімі хлебаробамі, я зразумела, што яны, безумоўна, «хварэюць» за свой экіпаж, але любы вынік не паўплывае на іх агульны настрой, паколькі галоўнае – убраць ураджай без страт. Працуюць і ўсё, не задумваючыся пра рэкорды. І нават зазначылі, што пры неабходнасці і калі б такое было магчыма, працавалі б на камбайнах нават па начах. А так надвор’е працягвае рабіць свае паўзы ў жніве.
І ўзнімаюць настрой пакуль толькі добрыя весткі з палёў аб з’яўленні новых тысячнікаў.

На гэтым тыдні для лідараў жніва зладзілі міні-свята пад адкрытым небам. На ўшанаванне лепшых вадзіцелей на поле за вёскай Лісцвін прыехалі намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Жанна Бажок, галоўны аграном Марына Дубавец, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Малаш, спецыялісты сельгаспрадпрыемства. А самадзейныя артысты арганізавалі святочную цырымонію і падрыхтавалі музычныя падарункі. Хвіліна славы прайшла, і вадзіцелі зноў прыняліся за работу.

Ведаеце, колькі б разоў не сачыла за жнівом, заўсёды дух захоплівае, калі едуць камбайны, хутка круціцца жатка, падмінаючы порцыю каласкоў. Стаіць рокат па-над полем і такі прыемны, ні з чым не параўнальны пах. «Кантралючы» ўвесь працэс, побач з магутнай тэхнікай паважна шпацыруюць буслы. Жніво імкліва гартае каляндар падзей і працягвае называць імёны лепшых.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *