Магазінаў шмат, а лавачак каля іх няма

Гандаль і абслугоўванне

Нам у рэдакцыю патэлефанавала жыхарка вуліцы Паўночнай райцэнтра Кацярына Скачок. І вось што паведаміла:

«Дзяўчынкі мае, не ведаю, да каго звяртацца, хто мне дапаможа. Я аб набалелым хачу расказаць. Была на асабістым прыёме ў райвыканкаме. Вельмі хварэю, мне складана хадзіць. Ледзь паўзла па сваёй вуліцы Паўночнай. Дзякуй дзяўчыне Марыне, не ведаю, якое цяпер у яе прозвішча, а дзявочае – Часнок. Яна мяне падвезла да райвыканкама. Самастойна наўрад ці я дайшла б. Добрая дзяўчына, дай Бог ёй здароўя.

Дык вось, пабыла я на прыёме. Ісці назад не магу – ногі падкошваюцца, баляць. Выйшла на вуліцу, крыху «прапаўзла» і хацела прысесці. А дзе? На прыпынку грамадскага транспарту лавачка нізкая, на яе сесці ў мяне не атрымаецца. Іду далей. Прыватных магазінаў шмат (добрых магазінаў, тут я нічога не кажу), але вакол ні лавачкі, ні нават пянька. Я ўжо і крычала ад болю, а ён жа ад гэтага не супакоіцца. Знаёмыя на машынах праязджаюць, не спыняюцца, хоць і бачаць, што ледзь ногі перабіраю. А вось нейкі незнаёмы мужчына на белым аўтамабіле мяне «падабраў» і падвёз. За што я яму вельмі ўдзячна. На жаль, не спытала, як яго завуць, але цераз газету выказваю яму падзяку ад усёй душы. Хаця яму нават не па дарозе было, зусім у іншы бок накіроўваўся. Вось ёсць жа добрыя людзі на свеце.

Яшчэ адзначу, што каля магазінчыкаў мяне ратавалі ўсе, як маглі. Дапамаглі і прадукты набыць. Тут у мяне ніякіх нараканняў няма. Балела, а я нават яшчэ жартаваць спрабавала. Пыталася: «Дзе тут верталётны прыпынак? Я б ужо села ды паляцела».

Дык вось чаго ж я званю – хачу, каб былі лавачкі каля гэтых магазінаў «БелАЗ», «Глория», «Вкусняшка», «Бэби Бум». Нават для таго, каб старым людзям можна было малака дачакацца. Да слова, гэта ж хто так прыдумаў (маю на ўвазе памер): каб у малочнай краме памяшчалася тры чалавекі, а астатнія стаялі ў «стомятровай» чарзе на вуліцы? Калі можна, дапамажыце, напішыце ў газеце, глядзіш, хто і адклікнецца».

Паважаная Кацярына Васільеўна, як і абяцалі, друкуем Вашу просьбу і, магчыма, уладальнікі гандлёвых кропак да Вашай прапановы прыслухаюцца. 

Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *