Добрыя амбіцыя


На ПУП “Палескія сыры” працуе 239 чалавек, з іх 86 – маладыя людзі ва ўзросце да 31 года. Арыентуючыся на працоўныя поспехі старэйшага пакалення, яны імкнуцца дасягнуць тых вышынь, якія пакарыліся вопытным, кваліфікаваным работнікам прадпрыемства.

Генератарам маладзёжных ідэй тут з’яўляецца малады спецыяліст Ганна Вяргейчык, якая закончыла Маскоўскі дзяржаўны універсітэт тэхналогіі і кіравання, займае пасаду інжынера па якасці, выбрана на пасаду старшыні прафсаюзнага камітэта прадпрыемства.

– Кожны наш малады працаўнік, – зазначае яна, – добра разумее простую ісціну: з неба ў рукі нічога не ўпадзе. Не хаваю, што бывае цяжка. Але кожнае вытворчае дасягненне дабаўляе нам упэўненасці ў сабе, надае новыя сілы. Мы заўсёды стараемся пераадольваць няўдачы і ісці далей. І поспехі даюць аб сабе знаць. У ліку самых старанных працаўнікоў хачу вылучыць сырароба Таццяну Мелюх, вырабляльніка казеіну Анатолія Голуба і майстра казеінавага цэха Таццяну Паўловіч, майстра цэха цэльнамалочнай прадукцыі Вольгу Сідарчук і работніцу гэтага падраздзялення Кацярыну Борсук, начальніка аддзела забеспячэння і збыту Аляксандра Марчанку, бухгалтараў Людмілу Булава і Юлію Слабодчыкаву, маслароба Крысціну Апанаська.

Працуючая моладзь “Палескіх сыроў” прымае самы актыўны ўдзел у культурна-масавых і спартыўных мерапрыемствах. Гэта ўжо традыцыя, што моладзь праводзіць тэматычныя вечары, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны, 8 сакавіка, арганізавана выходзіць на суботнікі, прыцягваецца да ўдзелу ў раённых акцыях. Істотную дапамогу ва ўсіх пачынаннях моладзі аказвае дырэктар прадпрыемства Галіна Віктараўна Бондар.

Між іншым, спорт – адно з захапленняў маладых працаўнікоў “Палескіх сыроў”. Юнакі і дзяўчаты – пастаянныя ўдзельнікі ўсіх спартыўных мерапрыемстваў раёна і сярод калектываў прадпрыемстваў малочнай галіны Гомельскай вобласці. Выдатна гуляюць у тэніс, валейбол, баскетбол. Найбольш актыўныя са спартсменаў кантралёр КПП Аляксандр Садчанка, слесар КІПіА Цімафей Гарбар, эканаміст-менеджэр Наталля Сабадаш.

А слесар КІПіА Руслан Гаўрыльчык праяўляе свае высокія выканаўчыя здольнасці – наведвае песенны калектыў гарадскога цэнтра культуры і спорту і з яго мастацтвам маглі ўжо пазнаёміцца жыхары горада і раёна.

– Такія вось у нас дасягненні, – усміхаецца Ганна Вяргейчык. – Можа, і невялікія яны, але, імкнучыся да большага, мы адначасова набываем працоўны і грамадскі багаж. А ўсё дзякуючы таму, што моладзь нашага прадпрыемства здольна працаваць і ісці наперад.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *