Памяць часу непадуладна


Аб вайне пісалі многа. І яшчэ нямала будзе напісана. Яна пакінула велізарныя кроватачывыя раны ў сэрцах людзей, але яны зарубцуюцца толькі са смерцю апошняга сведкі яе жорсткасці.

Мы вучым гісторыю, асабліва не задумваючыся, колькі пакут прычыняла і колькі ўнесла жыццяў асобна ўзятая дата. А ўсё таму, што мы жывём у мірны час і не жадаем распытваць нашых бацькоў і дзедаў аб вайне, успаміны аб якой, магчыма, прынясуць ім боль. А гэтыя ж успаміны дастойны павагі.

Гэты матэрыял я прысвячаю свайму бацьку Кашперку Мікалаю Цярэнцьевічу, франтавіку, кавалеру баявога ордэна Чырвонага сцяга, які пайшоў з жыцця ў 1982 годзе, і ўсім ветэранам Хойнікшчыны, якія прынеслі нам светлае свята Перамогі. …Калі прайшлі раўніны Польшчы і наблізіліся да мяжы яшчэ нядаўна далёкай Чэхаславакіі, паўзабыты даваенны зялёны колер юнацтва наблізіўся здалёку, стаў сніцца  глухімі асеннімі начамі пад тужлівы скрып соснаў, пад стук кулямётных чэргаў на вышынях.

Прачынаючыся ў сырым ад расы акопе, засыпаным апаўшай лістотай, ён адчуваў, як золкавым холадам несла ад ледзяных вяршынь Карпат, як халадзела пад туманам зямля, счарнелая варонкамі. І, гледзячы на спячых каля гармат таварышаў, Мікалай з намаганнем успамінаў сон: у цёплай траве горача стракаталі конікі, парная ліпеньская духата стаяла над сенакосам, потым на яго абрушвалася лавіна кароткага дажджу. У паветры свежасць, на лузе шчыруюць аднавяскоўцы, талакой збіраюць водарнае сена… Гэты сон быў непраходзячым і хваравітым сумам па Беларусі, па Радзіме, пачуццё, роўнае самаму моцнаму пачуццю любві да маці, да жонкі, да дзяцей. І яно, гэтае пачуццё, як водблеск, узнікала ў самыя адчайныя, самыя небяспечныя мінуты бою, калі глухлі ад разрываў снарадаў, рэжучага віску асколкаў, аўтаматных чэргаў, калі нічога не існавала, акрамя жалезнага гула, скрыгату паўзучых на гарматы фашысцкіх танкаў, распаленых да фіялетавага свячэння ствалоў, чорных ад парахавой гары, потных твараў салдат, цёмнага дыму палаючай травы паблізу агнявой.

Аддаляючыся ад дому, Мікалай упарта і цяжка ішоў да яго. Чым бліжэй была Германія, тым бліжэй быў дом, тым хутчэй вяртаўся ён у сваё абарванае вайной юнацтва.

Яму і яго баявым таварышам было тады па дваццаць гадоў і па сорак адначасова. Яны марылі вярнуцца ў той сонечны даваенны свет, дзе сонца здавалася святочным сонцам; трава была травой, прызначанай для таго, каб расці; усе ўсмешкі ў тым часе прызначаліся толькі яму; усе слёзы і смерці былі чужымі.

За доўгія чатыры гады вайны, кожную мінуту адчуваючы каля свайго пляча вогненнае дыханне смерці, моўчкі праходзячы каля свежых бугаркоў з надпісамі хімічным алоўкам на дошчачках, байцы не страчвалі ў сябе ранейшы свет юнацтва, але і сталі дарослымі на дваццаць гадоў, і, мроілася, пражылі іх так падрабязна, так насычана, што гэтых гадоў хапіла б на жыццё двум пакаленням.

Яны ўваходзілі ў паўразбураныя, бязлюдныя гарады, якія дзіка ззялі чорнымі пустотамі вокнаў, праваламі пад’ездаў; паваленыя ліхтары не асвятлялі натоўпы гуляючых на параненых варонкамі тратуарах, і не гучала музыка, не загараліся вясёлыя агеньчыкі цыгарак пад абвугленна-чорнымі таполямі мёртвых паркаў.

У Польшчы ўбачылі гіганцкі лагер знішчэння – Асвенцым, гэты фашысцкі камбінат смерці, які дзень і ноч працаваў з вар’яцкай пунктуальнасцю, навокал яго ўсё паветра пахла тлустым пахам чалавечага попелу.

Савецкія салдаты пазналі, што такое фашызм ва ўсёй яго чалавеканенавісніцкай галізне. За чатыры гады пакаленне франтавікоў пазнала многае, але іх унутраны зрок успрымаў толькі два колеры: сонечна-белы і масляна-чорны. Сярэдзіны не было. Радужныя колеры спектра адсутнічалі.

Вайна была жорсткай і грубай школай, салдаты Айчыннай сядзелі не за партамі, не ва аўдыторыях, а ў мёрзлых акопах, і перад імі былі не канспекты, а бранябойныя снарады і кулямётныя гашэткі.

Але іх духоўны вопыт быў перапоўнены да мяжы, яны маглі плакаць не ад гора, а ад нянавісці і маглі па-дзіцячаму радавацца вясенняй чарадзе журавоў, як ніколі не радаваліся – ні да вайны, ні пасля вайны. Бацька ўспамінаў, як у перадгор’і Карпат першыя трохвугольнікі журавоў узніклі ў небе, працягнуліся ў белых, як празрысты дым, вясенніх разводах воблакаў над нашымі акопамі. Байцы глядзелі іх да таго часу, пакуль гітлераўцы з акопаў не адкрылі аўтаматны агонь па гэтых чародах, трасіруючыя кулі расстроілі жураўліныя ланцужкі, і нашы салдаты ў гневу адкрылі агонь па фашысцкіх акопах.

Пакаленне франтавікоў – тое, што засталося ў жывых, – вярнулася з вайны, змагло захаваць, пранесці ў сабе праз агонь гэты чысты, прамяністы свет, веру і надзею. Але яны сталі дабрэйшымі да несправядлівасці, дабрэй да дабра, іх сумленне стала другім сэрцам. Бо сумленне гэтае было аплачана вялікай крывёю.

Вайна ўжо стала гісторыяй. Але ці так гэта?

Ясна адно: галоўныя ўдзельнікі гісторыі – гэта Людзі і Час. Не забываць Час – гэта значыць не забываць Людзей, не забываць Людзей – значыць не забываць Час. Колькасць дывізій, што ўдзельнічалі ў тых або іншых бітвах, са скрупулёзнай дакладнасцю падлічваюць гісторыкі. Але яны не могуць падслухаць размову ў акопе перад танкавай атакай, пабачыць пакуты і слёзы ў вачах дзяўчыны-саніструктара, паміраючай у прыцемку паўразбуранага бліндажа, вакол якога гудуць нямецкія танкі, адчуць трэск кулямётнай чаргі, забіваючай жыццё.

У нашай крыві пульсуюць токі тых людзей, што жылі ў Гісторыі. Яны не ведалі і не маглі ведаць  тое, што ведаем мы, але яны адчувалі тое, што ўжо не адчуваем мы. Пры штосекундным поглядзе ў твар смерці ўсё абвострана, усё сканцэнтравана ў чалавечай душы.

Пройдуць гады, дзесяцігодзі, але памяць аб подзвігу нашага народа не забудзецца.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *