25 крокаў на шляху Незалежнасці. Глінішча: ад вёскі да аграгарадка

25 крокаў на шляху Незалежнасці Наши проекты

Гэтай публікацыяй мы даём старт цыклу матэрыялаў новага праекта «25 крокаў на шляху Незалежнасці».

Ён аб знакавых і значных аб’ектах, падзеях, людзях і дасягненнях нашага раёна, якія створаны і адбыліся ў эпоху незалежнай Беларусі. І проста аб цудоўных месцах Хойнікшчыны, якія варта наведаць.

Хаты стаялі на востраве. Аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі, вакол гніла купістая дрыгва. Так у рамане «Людзі на балоце» Іван Мележ апісваў тутэйшыя месцы. Калі б сёння наш славуты зямляк меў магчымасць убачыць вёску Глінішча, якая пераўтварылася ў сучасны аграгарадок (статус прысвоены ў 2009 годзе), то, напэўна б, ганарыўся сваёй малой радзімай. Умовы жыцця тут сёння не горшыя за гарадскія, бадай, адзінае чаго не хапала – гэта прыродны газ, ды і гэтае пытанне ўжо вырашаецца. Газавая галіна ў аграгарадок праведзена і сёлета блакітнае паліва паступіць у дамы вяскоўцаў.

Значных падзей у гісторыі Глінішча было шмат. Адна з іх – візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў 2008 годзе. 22-я вясна пасля катастрофы на ЧАЭС была ў самым росквіце. Цешыла вока сакавітая зеляніна лугоў, дагледжаныя палі і агароды сялян, квітнеючыя вішні і слівы, буянства чаромхі. Верталёт кіраўніка дзяржавы тады прызямліўся непадалёк ад сельгасугоддзяў КСУП «Імя І.П. Мележа». Гледзячы на ​​меліяраваныя землі ў аграгарадка Глінішча, адведзеныя пад вырошчванне гібрыднага насення кукурузы, кіраўнік дзяржавы не хаваў свайго захаплення. Людзі працуюць, вёска развіваецца…

Прэзідэнт краіны наведаў дзіцячы садок і падарыў у памяць аб сустрэчы піяніна, пабываў на экскурсіі ў Доме-музеі народнага пісьменніка, усклаў кветкі да Знака ў памяць аб чарнобыльскай трагедыі. Звяртаючыся да жыхароў аграгарадка Глінішча, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Лепшыя рысы беларускага народа адсюль, ад палешукоў». Прэзідэнт дакладна абазначыў: «Нам трэба дапамагчы людзям, якія застаюцца тут і працуюць. Гэта галоўнае».  Таму і сёння пры дапамозе чарнобыльскіх праграм робіцца многае, каб наладзіць камфортнае жыццё ў аграгарадку.

У час размовы з кіраўніком дзяржавы глінішчанцы папрасілі, каб у Хойніках правялі Дзень беларускага пісьменства. І ўжо ў 2010 годзе наш горад стаў сталіцай рэспубліканскаго свята і цалкам змяніў сваё аблічча. 

Іван Мележ нарадзіўся ў маленечкай вёсачцы Глінішча, пасярод бяскрайніх балот, у 30 кіламетрах ад бліжэйшай станцыі. Сярод драўляных дамоў з саламянымі стрэхамі, сярод простых мужыкоў і жанчын, якія не ведалі адпачынку з-за неабходнасці зарабіць на кавалак хлеба. А сёння тут прыгожыя вуліцы з цаглянымі дамамі, сучасная школа, дзіцячы сад, клуб, пошта і г.д.  А галоўнае – мірнае неба, цудоўная прырода, працавітыя, адкрытыя людзі і  дзіцячы смех. Жыццё ў аграгарадку «бурліць», а значыць мы на правільным шляху.

Наталля РЭВЯКА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *