Такой вады нам не патрэбна

Власть

Сустрэчы з насельніцтвам па месцы жыхарства, у працоўных калектывах – адна з форм работы па вырашэнню пытанняў жыццезабеспячэння.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар правяла прыём грамадзян і сустрэчу з актывам Алексіцкага сельсавета ў н.п. Глінішча.

Праблема з вадой у жыхароў 4 дамоў па вул. Будаўнічай аграгарадка: у вадзе пясок. З-за гэтага і фільтры «забітыя» пяском пастаянна, і пральную машыну ўключаць небяспечна. Нягледзячы на заяўкі, што пакідаюць жыхары, камунальная служба не на кожны зварот рэагуе. А такіх адносін быць не павінна. Кіраўніцтву КЖУП «Хойніцкі камунальнік» даручана аператыўна высветліць прычыну  гэтай праблемы і дапамагчы жыхарам.

Таксама паступіў зварот і наконт медабслугоўвання. Стаматолаг не працуе і нават з горада не прыязджае спецыяліст, хаця стаматалагічны кабінет у амбулаторыі ўрача агульнай практыкі абсталяваны. І ўрача часта адзываюць прыём у горадзе весці або на іншых амбулаторыях ці ФАПах. Як жыхарам быць, у горад не наездзішся, асабліва з дзецьмі. Чаму такая сітуацыя? Кіраўніцтву цэнтральнай раённай бальніцы неабходна забяспечыць работу амбулаторыі ўрача агульнай практыкі ў поўнай адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі.

На сустрэчы з актывам Алексіцкага сельсавета размова ішла аб неабходнасці праходжання жыхарамі сельсавета дыспансерызацыі. У прыватнасці, штогод у абавязковым парадку патрэбна здаваць аналізы, рабіць флюараграфію і электракардыяграму. Гэта той мінімум, які неабходна выконваць кожнаму чалавеку. Да таго ж, у раёне дзейнічаюць скрынінгавыя праграмы, даследаванне ў межах якіх праводзіцца бясплатна, у іх таксама патрэбна ўдзельнічаць. Пра здароўе клапаціцца неабходна і самастойна, не толькі на бальніцу спадзявацца.

Што датычыць якасці вады, то старшыня райсавета праінфармавала грамадзян аб тым, што ў бягучым годзе плануецца ўстанавіць у населеным пункце станцыю абезжалезвання, для чаго будуць праводзіцца работы па замене водаправода (прычым, жыхарам таксама патрэбна забяспечыць належны стан сваіх сетак).

Таксама Галіна Віктараўна сустрэлася з работнікамі МТК «Тунеўшчына» і МТФ «Глінішча» КСУП «Імя І.П. Мележа». Сярод паступіўшых зваротаў – скаргі на бадзяжных сабак. Адпаведным службам даручана прыняць меры. Аднак гэтыя жывёлы не ўзяліся з другога горада. Гэтых сабак спачатку нехта завёў, а потым выкінуў на вуліцу, дзе яны бескантрольна размножваюцца, галадаюць, дзічэюць і, у выніку, ствараюць сапраўдную праблему для людзей. Таму насельніцтву нельга садзейнічаць распаўсюджванню бадзяжных сабак. І памятайце, што мы ў адказе за тых, каго прыручылі.

Вольга БЕЛАШ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *