«Мішкі па-дварышчанскі»: смачны, мяккі смятанны торт

Наши проекты Смак малой радзімы

Калі глядзіш на карту свету, позірк міжвольна шукае месца, дзе жывеш. І тая маленькая, зусім непрыкметная кропачка ў вялікім свеце – родная сэрцу, бо гэта твая малая радзіма…

Для кожнага з нас яна – самая прыгожая і лепшая. Бо тут самыя квяцістыя сады, лепшыя краявіды, непаўторны водар і жывуць асаблівыя людзі.

А які смак у малой радзімы? «Бабкі»? Яечні са скваркамі? Запечаных у печы яблык з мёдам? Ромбікаў з дражджавога цеста і пасыпаных цукрам ці бліноў з салодкай смятанай?

Для маёй сённяшняй гераіні, ураджэнкі вёскі Дворышча Кацярыны Кастрыца, смак малой радзімы – гэта смятанны торт «Мішкі», які яна адаптавала да сучасных умоў і падзялілася рэцэптам са мной і з вамі, паважаныя чытачы. У яе дзяцінстве торт пяклі ў печы на патэльні, а замест какавы выкарыстоўвалі шакаладныя цукеркі. Рыхтавалі гэты дэсерт на любое свята – вяселле, провады ў армію, дні нараджэння… І, што цікава, у кожнай сям’і торт з аднолькавымі інгрэдыентамі атрымліваўся розным па смаку.

ІНГРЭДЫЕНТЫ:

Для цеста: 2 яйкі, 1 шклянка цукру, 100 г штучнага мёду, 1 ч.л. соды, 1 ст.л. воцату, 3 шклянкі мукі вышэйшага гатунку.

Для крэму: 2,5 шклянкі смятаны (18% тлустасці), 1 шклянка цукру.

Для глазуры: 2 ст.л. какавы, 0,5 шклянкі цукру, 0,5 шклянкі вады, 100 г сметанковага масла.

ПРЫГАТАВАННЕ:

Спачатку прыгатуем цеста. Узбіваем венцам яйкі з цукрам да поўнага яго растварэння. Дадаём мёд і добранька змешваем. Затым сода, якую гасім воцатам. Дадаём муку. Абавязкова яе прасейваем. Замешваем цеста, накрываем яго ручніком і даём трохі пастаяць.

Для крэму змешваем смятану і цукар. Добра змешваем і адстаўляем убок.

Робім глазур. Змешваем какаву, цукар і ваду. Ставім на маленькі агонь на 15 хвілін, пакуль не пойдуць «бурбалкі». Пастаянна памешваем.

Дадаём сметанковае масла, раствараем яго і прыбіраем глазур з пліты ў халадзільнік на 20 хвілін.

Вяртаемся да нашага цеста. Разразаем яго на 6 кавалачкаў і абмінаем кожны. Раскочваем кавалачак і выразаем круг талеркай або формай для выпечкі.

Пасыпаем процівень мукой (каб каржы не былi тлустымі і не прыліпалі) і выкладваем па два каржы. Выпякаем іх па 5 хвілін з двух бакоў пры тэмпературы 180 градусаў у духоўцы.

Дастаём нашы каржы (у гэты час ставім выпякацца наступныя два) і астуджаем. Змазваем крэмам кожны корж з двух бакоў (прыкладна 3 ст. лыжкі крэму на адзін бок). І такім чынам збіраем наш торт з 6 каржоў. Заліваем торт глазурай, даём настаяцца прыкладна 6 гадзін.

Каржы вельмі добра насычаюцца, а смятанны крэм надае торту прыемны сметанковы смак. Ён просты ў прыгатаванні і не патрабуе вялікіх фінансавых выдаткаў.

Прыемнага апетыту!

«Фішкі» для добрага выніку:

* Ёсць прыкмета, што торт лепш пекчы ноччу.

* Бярыце не тлустую смятану, тады «Мішка» атрымаецца больш лёгкім.

* Не забывайце змазваць кожны корж крэмам з двух бакоў.

* Ваніль лепш не дадаваць. Яна «забівае» арыгінальны смак торта.

* Уважліва сачыце, каб сода пагасілася.

* Не адыходзьце ад духоўкі з каржамі, не давайце ім шанцу падгарэць.

Цікавыя факты аб гераіні:

* Нарадзілася ў в. Дворышча ў шматдзетнай сям’і. Зараз іх засталося 9 – 5 братоў і 4 сястры.

* Рэцэпт маладосці – радавацца нават самай маленькай дробязі.

* Ёсць кошка Муся, якая любіць спаць на ложку пад покрывам.

* Закончыла Гомельскі кааператыўны тэхнікум па спецыяльнасці «таваразнаўца».

* У 18 гадоў назначылі на пасаду намесніка старшыні Аравіцкага сельскага спажывецкага таварыства.

* Сваю шматлікую радню, якая налічвае 109 чалавек, называе клан.

* У кожнага з Пінчукоў (дзявочае прозвішча Кацярыны Аляксандраўны) ёсць мянушкі. Такія, напрыклад, як «Боцман», «Несцерка», «Сябрук» і інш.

* З інтэрнэтам на «ты». З усіх сацыяльных сетак аддае перавагу Instagram. Карыстаецца мабільным дадаткам «Шагомер».

Алена СМУСЯНОК.

Фота аўтара.



1 комментарий по теме “«Мішкі па-дварышчанскі»: смачны, мяккі смятанны торт

  1. «Мішкі па-дварышчанскі» это вкус празника из детства.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий для Максим Отменить ответ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *