ЧЭРВЕНЬская РАПСодыя

Сельское хозяйство

Вось і пачалося!.. Для хлебаробаў наступіла самая адказная пара – уборачная. Менавіта яна пакажа, наколькі эфектыўна спрацавала раслінаводчая галіна. Жніво, як заўсёды, пачынаецца з уборкі азімага рапсу і плаўна перацячэ на хлебныя нівы.
Сёлета ўборку гэтай культуры першымі ў нашым раёне пачалі ў сельгаспрадпрыемстве «Судкова». У мінулы аўторак ажыло рапсавае поле, што за вёскай Казялужжа: два камбайны «Палессе» ўпэўнена рухаліся па загонках, раўнамерна кладучы на рапсавы стол сцяблы ўжо добра паспеўшай культуры.
Пачаць жніво ў гаспадарцы даручылі маладым, але надзейным і добрасумленным працаўнікам – Уладзіміру Бельскаму і Юрыю Курыленку, а таксама Міхаілу Кірычэнку і Мікалаю Краўцу (на здымку).

3
…Загарэлася лямпачка на бункеры аднаго камбайна – тут жа да яго на загрузку пад’ехаў на аўтамашыне Фёдар Ефіменка. Праз некалькі хвілін у работу ўключыўся і яго калега, вадзіцель Васілій Жаўняк, які прымаў намалот другога экіпажа.
Настрой у хлебаробаў у першы дзень уборкі быў прыўзняты, адзінае, што засмучала, – вялікая чорная хмара, якая навісла над полем. Аднак і яна, быццам не жадаючы сапсаваць пазітыў, абышла палетак бокам. Будзем спадзявацца, што надвор’е і далей будзе міласцівым і дасць разгарнуцца аграрыям у поўную моц.
Па словах галоўнага агранома КСУП «Судкова» С.В. Мастабая, азімы рапс у гаспадарцы займае 415 гектараў. Па стану на чацвер, 26 чэрвеня, было ўбрана 80 га і намалочана 190 тон масланасення рапсу. Цяпер да ўборкі далучыліся і камбайнеры Леанід Краўчанка, Валерый Гардзеенка і Аляксандр Варабей.
На гэтым тыдні першыя гектары рапсу ўбралі і камбайнеры КСУП імя Мележа, а на наступным да жніва прыступяць і ў астатніх гаспадарках раёна.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *