Настроены на выніковую работу

Экономика

P8277355Выдатны ўраджай збожжавых атрымалі сёлета хлебаробы Беларусі. Але спелае, налітае сонейкам зерне толькі тады прынясе карысць людзям, калі трапіць у рукі перапрацоўшчыкаў. Адным з такіх перапрацоўчых прадпрыемстваў у нашым раёне з’яўляецца ўчастак па вытворчасці камбікармоў саўгаса-камбіната «Зара» Мазырскага раёна. Слова яго начальніку Святлане Мікалаеўне Вашчыла.

– Сёлетняя ўборка збожжавых у гаспадарках вобласці прайшла дружна і арганізавана: збожжа новага ўраджаю мы прымалі з 1 ліпеня па 1 жніўня. У асноўным машыны са збожжам ішлі з сельгаспрадпрыемстваў Хойніцкага і Брагінскага раёна, але нямала яго прынялі з гаспадарак Мазырскага, Лоеўскага, Рэчыцкага, Гомельскага, Лельчыцкага, Нараўлянскага раёнаў. Гэтай сыравінай для вытворчасці камбікармоў мы пад завязку загрузілі ўсе нашы складскія памяшканні. Больш таго, для гэтай жа мэты арандавалі ёмістасць на 2 тысячы тон у «Брагінскім Аграсервісе». Так што сыравінай для далейшай работы мы забяспечаны грунтоўна. Вытворчасцю камбікармоў мы займаемся па заяўках саўгаса-камбіната «Зара».

Колькасць выпушчанай прадукцыі залежыць ад пагалоўя жывёлы ў «Зары», хаця нашы сённяшнія вытворчыя магутнасці разлічаны на выпуск 1700-2000 тон камбікорму ў месяц. Гэтаму ў многім паспрыяла новая збожжасушылка «Амкадор» магутнасцю перапрацоўкі 60 тон збожжа ў гадзіну, якую мы запусцілі ў эксплуатацыю ў мінулым годзе. Па-ранейшаму задзейнічаем у рабоце і сушылку КЗСК вытворчасці магілёўскіх машынабудаўнікоў магутнасцю перапрацоўкі 30 тон збожжа ў гадзіну. Разам з вядзеннем вытворчага працэсу паступова паднаўляем матэрыяльна-тэхнічную базу вытворчасці, паляпшаем умовы працы людзей. Адрамантавалі ўсе складскія памяшканні, памянялі дахі на іх, замянілі ленты транспарцёраў. А ў галоўным цэху па вытворчасці камбікармоў устанавілі сучасную сістэму аспірацыі, дзякуючы якой колькасць пылу, які натуральна ўздымаецца ў працэсе здрабнення зерня, у паветры намнога зменшылася.

 

На будучы год плануем правесці рэканструкцыю камбікормавага цэха, у выніку чаго павялічацца аб’ёмы вытворчасці, пашырыцца наменклатура вырабаў, палепшацца ўмовы працы. Аснову калектыву нашага прадпрыемства складаюць людзі з немалым вопытам работы. А значыць і іх рабочая кваліфікацыя дазваляе вырашаць многія вытворчыя задачы. Таму з аптымізмам глядзім у будучае і настроены на выніковую работу.

Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *