Давыдаў дзень, або Як журналіст раёнкі «прымярала» прафесію галоўнага інжынера

Журналіст мяняе прафесію

4У гарачы час пасяўной мехдвор ажывае ў палове шостай раніцы. Пачынае паступова збірацца народ. Мужчыны вядуць бойкую гаворку, завіхаюцца вакол тэхнікі, уважліва аглядаючы яе. Роўна ў шэсць поўны механізатарскі састаў склікаецца на планёрку, якую праводзіць дырэктар гаспадаркі А.А. Кліменка.

Кіраўнік разам са спецыялістамі размяркоўвае тэхніку па палях, дакладна абазначае дзённыя заданні. Атрымаўшы нарад, работнікі спяшаюцца да сельгастэхнікі. Праз некалькі хвілін гул матораў запаўняе прастору. Трактары ў счэпцы з сеялкамі і дыскатарамі па чарзе накіроўваюцца на запраўку, затым – у поле. Прасачыўшы за адпраўкай механізатарскага дэсанта, мы з галоўным інжынерам збіраемся ў райцэнтр: трэба набыць запчасткі на рамонт і вырашыць пытанні з дастаўкай паліва. Пагаварыць з маладым чалавекам у час паездкі не ўдаецца – ён амаль увесь час «вісіць» на тэлефоне, вырашаючы рабочыя пытанні і даючы ўзважаныя распараджэнні. Адрываць яго ўвагу не хацелася. Справіўшыся ў горадзе, вяртаемся ў Барысаўшчыну.

3
Робім абход мехдвара. «Як справы?», – пытаемся ў Леаніда Алімава, (праўда, з-пад машыны, якую ён рамантаваў, былі бачныя толькі яго ногі). «Усё добра. Вось рэмень мяняю. Хутка закончу і паеду», – высунуўшыся на паверхню, адказаў механізатар. Ідзём далей. «Барысавіч, Вы мне запчастку знайшлі, пра якую я казаў?», «Інжынер, трэба вось такі шланг», «Максім, падпішыце мне паперу». Я, шчыра кажучы, ужо не ведала куды кідацца: ці то за шлангам бегчы, ці то запчастку абяцаную шукаць. Але галоўны інжынер разважліва адказваў на ўсе пытанні і без лішняй мітусні, па чарзе выконваў намечанае.
Падыходзім да іншых «рамонтнікаў». Тут паломка ў агрэгаце Вані Барысенкі. Пытаюся: «Што ў вас здарылася?». «Каток выскачыў, але мы ўжо ўсё зрабілі», – закручваючы апошнія гайкі, гаворыць малады чалавек. Рухаемся далей, там Яўгеній Кравец збірае кола. Я ледзь паспявала сачыць за яго дзеяннямі: штосьці шпарка круціў, пастукваў, прыладжваў. Кудысьці пабег – вяртаецца з ключом, потым зноў часова знік – з’явіўся з нейкімі дэталямі. Работа кіпела! Дарэчы, механізатары ўсё стараюцца рабіць якасна і хутка – усведамляюць, што час на вагу золата, а спраўная тэхніка – важны крытэрый поспеху.

2
Аднаму з механізатараў спатрэбіўся болт. Ідзём на такарны ўчастак. Знаходжанне там у мяне выклікала неапісальныя ўражанні. Для старонняга чалавека, асабліва дзяўчыны, тут так усё цікава! Я літаральна «заваліла» пытаннямі токара Уладзіміра Міласердава: «Гэта што?», «Вось гэта для чаго?», «А тут Вы што робіце?» Уладзімір Аляксандравіч мне ўсё падрабязна тлумачыў і нават дазволіў з яго дапамогай вытачыць болт.
Нашу размову з токарам перапыніў званок на телэфон Максіма – паведамілі аб паломцы. «Едзь на мехдвор, зараз буду шукаць падшыпнік. Памяняем», – загадвае інжынер. Спяшаемся з ім да Валянціны Мікалаеўны Бінецкай, якая сумяшчае пасады запраўшчыка і кладаўшчыцы. Разам з ёй ідзём на склад, каб адшукаць неабходную запчастку. «Ледзь кола не страціў», – уздыхаючы, гаворыць Сяргей Віннік і пачынае «чараваць» над няспраўнасцю. Пакуль рамантавалі «стальнога волата», я ўдосталь насмяялася. Ох ужо гэты механізатарскі гумар!
Мы намотвалі кругі па мехдвару, а стрэлка – па гадзінніку. Час для мяне ляцеў вельмі хутка, хаця бліжэй да абеду лёгкая стомленасць ужо адчувалася. Абедзенны перапынак. Але давялося абысціся без яго, бо зноў паступіў сігнал аб тым, што выйшла з ладу тэхніка: адарвала прычапное да трактара. Разам з інжынерам і аграномам едзем у поле глядзець паломку. Раскруцілі частку прычапнога і даставілі яе на мехдвор, каб прыварыць.

5
Інжынер – гэта прафесія з шалёным рытмам. Пад канец рабочага дня ў мяне ўжо кругам ішла галава ад сальнікаў, падшыпнікаў, шлангаў, магнета, каленчатых валоў, карбюратараў, рухавікоў, стояк… А яшчэ я амаль не адчувала ног, хаця мая прафесія таксама не з сядзячых, але гэты, інжынерны дзень быў вельмі дынамічным. Прысесці ўдалося толькі ўвечары, калі прыступілі да папяровай работы. Дарэчы, тое прычапное «зварылі» і вярнулі ў поле. На гэта патрацілі тры гадзіны! Падрабязнасці апусцім, скажу толькі, што папацець работнікам давялося нямала. Больш сур’ёзных паломак не было, таму можна было засесці за дакументацыю. На двары ўжо цямнела. Каля васьмі гадзін вечара тэхніка пачала вяртацца на мехдвор. Далажылі аб выкананых за дзень работах – і па дамах. Але Максіму трэба яшчэ затрымацца – тэхніка працуе ў дзве змены, неабходна адкамандзіраваць механізатараў у начную.

1
Бесперапынны стук інструментаў, пах дызельнага паліва, вымазаныя рукі, разабраныя вузлы і механізмы, ажыўленая размова механізатараў, музыка з магнітол трактараў, што на рамонце – на мехдвары асаблівая атмасфера. Тут ідзе сваё маленькае, але асаблівае жыццё. Вясёлае і цікавае і ў той жа час вельмі напружанае. У яго штодзённа з галавой акунаецца галоўны інжынер і яму гэта падабаецца. Максім Давыдаў робіць толькі першыя крокі ў прафесіі. Калі малады чалавек не страціць свайго запалу, энергіі і жадання працаваць, ён зможа дасягнуць многага на гэтай працоўнай ніве.

Тэкст і фота
Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *