Будзем сябраваць і надалей


Сустрэча і размова пра час і пра сябе супрацоўнікаў “Хойніцкіх навін” са сваімі чытачамі адбылася раніцой перад пачаткам працоўнага дня 16 верасня  на тэрыторыі дрэваапрацоўчага цэха ДЛГУ “Хойніцкі лясгас”.

Дырэктар прадпрыемства Д.К. Гарбарук не так даўно займае гэтую пасаду і, адпаведна, з’яўляецца чытачом нашай газеты. Але ад гэтага яго меркаванне яшчэ больш каштоўнае: ён можа параўноўваць не з тым, што было ў нас жа, а з іншымі выданнямі, у прыватнасці, Брэсцкай вобласці, дзе нарадзіўся і жыў, і горада Мінска, дзе вучыўся. І прыемна, што параўнанне гэтае – на карысць “Хойніцкіх навін”. Дзмітрый Канстанцінавіч выказаў слушную думку аб тым, што каб адпавядаць гэтай высокай ролі, у творчым калектыве рэдакцыі, акрамя яе нешматлікіх штатных супрацоўнікаў, якім пры ўсім жаданні ўсюды не паспець, былі яе чытачы: дасылалі ў газету свае пісьмы, званілі, падказвалі тэмы, расказвалі пра нешта цікавае, уздымалі праблемы.



Не чытач для газеты, а газета для чытача – пад такім дэвізам працуюць журналісты раёнкі.



Намеснік галоўнага рэдактара “Хойніцкіх навін” Клаўдзія Босак падзякавала прысутным за вернасць і адданасць, расказала пра калектыў рэдакцыі, планах газеты на будучае і запрасіла да размовы.

Якую ацэнку сёння можна паставіць раённай газеце? Якія рубрыкі ў ёй чытаюцца з найбольшай цікавасцю? Чаго не хапае раёнцы або што, наадварот, залішняе?

Жадаючых выказаць думку пра газету было нямала. Усе яны былі аднадушныя ў адным: на старонках раённай газеты прысутнічае ўся неабходная інфармацыя як для працы, так і для душы. Газета падрабязна расказвае пра дасягненні як нашага раёна, так і пра цікавыя навіны ў вобласці і краіне, вядзе летапіс раёна, знаёміць з маладымі талентамі. Тут публікуюцца  матэрыялы пра невядомыя старонкі з гісторыі Хойнікшчыны. Адным словам, тэматыка кожнага нумара “Хойніцкіх навін” – самая разнастайная.

Паступіла прапанова аб змяшчэнні на старонках газеты аб’яў аб знаёмстве (мы зусім не супраць, такія матэрыялы публікуюцца на платнай аснове). Была і скарга, якая на сустрэчы агучана ад імя жыхароў вуліцы Нікалаева. У прыватнасці, гаварылася аб тым, што камунальнікі доўгі час не могуць ліквідаваць парыў цеплатрасы, а небяспечнае месца абазначылі галінкамі дрэва (быццам на асфальце яно вырасла).

Гэтае пытанне мы адрасуем КЖУП “Хойніцкі камунальнік”, а ўсім нашым чытачам гаворым сваё традыцыйнае – будзем сябраваць і надалей.

Цяпер ідзе падпіска на перыядычныя выданні на чацвёрты квартал. Выпісвайце і чытайце“Хойніцкія навіны”. Дасылайце ў рэдакцыю свае пісьмы, прапановы, творы, званіце.


Вольга БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *