Што яднае хойніцкія Алексічы і лагойскую Хатынь

Важное

Хайнічанка Вера Лявонцьеўна Касабуцкая на ўсё жыццё запомніла з расказаў матулі Матроны Кірылаўны і не дае сабе забыць, як у жніўні 1942-га спалілі іх родную вёску Алексічы разам з 366 яе жыхарамі.

Хіба толькі цудам збераглі жыццё маці Веры, яна сама і яе старэйшая сястра Алена.

Матрона Кірылаўна з унучкай Таняй

Гэтымі днямі пашчасціла пагутарыць па тэлефоне з паважанай Верай Лявонцьеўнай. Нядзіўна, што столькі дзесяцігоддзяў пасля жудаснага фашысцкага злачынства мая суразмоўца са слязамі ў голасе расказвае сваю гісторыю. Цяпер, акрамя яе, ніхто не можа перадаць тыя факты.

Нездарма Алексічы трапілі ў шэраг разам з самай вядомай ахвярай нямецка-фашысцкіх карнікаў – вёскай Хатынь. У адрозненні ад апошняй, у нашай вёсцы ад жорсткіх пакут у агні закончылі жыццё 336 вяскоўцаў, у тым ліку і дзеці. Да прыкладу, у Хатыні загінулі 149 чалавек.

За час вайны 628 беларускіх вёсак пабывалі ў агні нацысцкіх карнікаў. Алексічы пасля вайны, як міфічная птушка Фенікс, адрадзіліся.

Хаця ў час размовы нас з Верай Лявонцьеўнай раздзялялі кіламетры, я быццам адчувала цеплыню, з якой жанчына ўспамінала гісторыю сваёй сям’і. Да вайны, як расказавала дачкам матуля, Алексічы былі буйным населеным пунктам. Гэта, відаць, і спакусіла ворагаў знішчыць яго. Там дзейнічалі калгас «Камунар», сярэдняя школа, царква, працавалі некалькі крам. Сям’я Касабуцкіх у час калектывізацыі пераехала ў суседнюю вёску Рабец, у Алексічах засталіся бацькі жанчыны – Кірыл Навумавіч і Алена Дзяменцьеўна. У вайну, каб дачцэ было лягчэй, бабуля з дзядулем узялі ад маці на выхаванне сярэдніх дзяцей – Іванчыка і Зосю. Старэйшая Алена і малодшая Вера, якой толькі споўнілася паўгода, засталіся ў Рабцы.

Ад смерці у той страшны дзень, 22 жніўня 1942 года, ўратаваліся толькі некалькі дзясяткаў жанчын. Яны як раз працавалі на жніве, калі на гарызонце пабачылі стаўпы дыму. Прыбеглі ўжо на папялішча – агонь за лічаныя хвіліны пераўтварыў вёску на могілкі. Пра людзей і казаць страшна. Карнікі зрабілі сваю чорную справу і паехалі далей.

Маці Веры Лявонцьеўны там, у агні, страціла сваіх бацькоў і двух дзяцей. Сваю сястру Настассю, цяжка параненую, знайшла ледзь жывой за вёскай.

Як ні жудасна зараз пра гэта казаць, але рэшткі сваіх родзічаў людзі сабралі, іх пахавалі ў брацкай магіле. Толькі ў 1990-я гады магілу асвяцілі, а ў 2010-х абнеслі металічнай агароджай. За гэта, дарэчы, трэба падзякаваць Веру Лявонцьеўну, якая літаральна сваімі нагамі выхадзіла такую неабходнасць, а таму зараз адчувае сваю адказнасць за месца памяці.

Цяпер у падарожжы да мясцін дзяцінства Вера Лявонцьеўна працягвае наведваць толькі з дачкой Таццянай: на жаль, два гады назад пайшла з жыцця родная сястра Алена.

У Алексічах яны ўскладаюць кветкі да могілак родных, а таксама каля Брацкай магілы. Зрабілі гэта і летась – акурат пасля Вялікдня і пасля яблычнага Спаса – калі спаўняецца чарговая гадавіна з дня масавай гібелі аднавяскоўцаў.

Няхай як мага далей Вера Лявонцьеўна здзяйсняе сваё паломніцтва туды і перадае ўспаміны новым пакаленням. Бо забыць такое – грэх, а паўтарыць – удвая.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *