Вырошчваць цыбулю навучыліся

Сельское хозяйство

Спрадвеку расцілі велікаборцы на градах цыбулю. З насення і сеянкі. Для ўласных патрэб. І ніхто ніколі не думаў, што з той цыбулі можна прыбытак мець, калі па навуцы вырошчваць яе ў грамадскім сектары.

– Яшчэ не ў маю бытнасць дырэктарам, – гаворыць кіраўнік КСУП “Велікаборскі” А.М. Тальчук, – спрабавалі заняцца гэтай справай, а па-сур’ёзнаму,  па сутнасці, другі год вырошчваем. Летась з 5 гектараў сабралі 100 тон цыбулі.

– І, наколькі вядома, з прыбыткам…

– Амаль 12 мільёнаў рублёў затрацілі на набыццё насення галандскай селекцыі, плюс хімпрэпараты для апрацоўкі пасеваў. Агульныя затраты склалі калі 22 мільёнаў рублёў. А ад продажу цыбулі атрымалі 52 мільёны. Па восені не было праблем, каб разлічыцца з падаткамі.

– Тэхналогія вытворчасці збожжавых, бульбы кожнаму аграному вядома. Вы ж, па сутнасці, заняліся справай у нас новай.

– А літаратура навошта? Да таго ж, добры вопыт ёсць у суседнім Рэчыцкім раёне. Дарэчы, там і сеялку СОН-2,8А папрасілі для сяўбы летась, а сёлета ў Нараўлянскім раёне, у Галоўчыцах. Падзяліліся суседзі і капальнікам-валкаўкладчыкам КЛ-1,4.

З восені рыхтуем глебу, уносім гліфасфаты, комплекс мінеральных угнаенняў, а вясной пускаем на палеткі АКШ і прыкатваем глебу. На нашых лёгкіх землях гэта неабходна рабіць у абавязковым парадку. Глыбіня задзелкі насення 2-3 сантыметры.

У фазе другога ліста апрацоўваем пасевы гербіцыдам каранёвага дзеяння “Стомп”. Самае ж галоўнае – не прамарудзіць з апрацоўкай супраць цыбульнай мухі. Прымяняем “Гоала 2Е”.

І на апошняй стадыі, каб паскорыць паспяванне цыбулін, апрацоўваем пасевы “Раундапам Ультра 360 SL”.

– Усе гэтыя аперацыі механізаваны?

– Так. З доглядам пасеваў выдатна спраўляюцца нашы механізатары, аднак уборка – працаёмкая, ручная. У мінулым годзе і сёлета, як я ўжо адзначаў, дапамаглі з капальнікам суседзі. З падборам цыбулін неацэнную дапамогу аказалі летась вучні Партызанскай і Велікаборскай школ, пенсіянеры, работнікі  раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, ветлячэбніцы, навучэнцы ДПТВ-183. Зараз на палетках старанна працуюць работнікі нашай бухгалтэрыі.

– А якія, Аляксандр Мікалаевіч, віды на ўраджай сёлета?

– Урадзіла цыбуля нядрэнна. Павінны сабраць не менш чым 100 тон яе, а гэта жывыя грошы ў скарбонку гаспадаркі. Выязджаем на восеньскія кірмашы ў райцэнтр, дзе цыбуля знаходзіць свайго спажыўца. Хачу зазначыць, што мае яна выдатныя смакавыя якасці, добра захоўваецца.

На здымку: да чарговага кірмашу загружаюць сельгаспрадукцыяй аўтамашыну рабочыя гаспадаркі В.М. Дземідзенка, Ю.А. Дземідзенка і Я.В. Харошка.


Уладзімір СЯМЁНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *