«Родны кут» Барыса Сачанкі

Наши проекты

Ён вельмі любіў малую радзіму – вёску Вялікі Бор

15 мая спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння
Барыса Іванавіча Сачанкі.

На жаль, лёс адвёў гэтаму пісьменніку, перакладчыку, журналісту ўсяго 59 гадоў. Ён пайшоў з жыцця 5 ліпеня 1995 года. Жыццё Барыса Іванавіча было вельмі багатым на падзеі і, натуральна, наклала адбітак
на яго творчасць.

Дзіця вайны, як і многія яго равеснікі, бяду і гора бачыў з самых ранніх гадоў. Барысу было сем гадоў, калі акупанты па-сутнасці знішчалі яго родную вёску Вялікі Бор Хойніцкага раёна.

Тады, у 1943-м, адну частку жыхароў, а дакладней, 128 чалавек спалілі, а другую – загналі на прымусовыя работы ў Германію. Шматдзетная сям’я Сачанкаў: бацька Іван, маці Вера і іх сямёра дзяцей два гады працавалі на ферме германскага землеўладальніка.

Летам 1945 года вярнуліся на радзіму. У школу пайшоў у 9 гадоў. Спачатку ў сямігодцы ў роднай вёсцы. А потым у райцэнтры.

Пасля Хойніцкай СШ было аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. Тут атрымаў фундаментальную адукацыю. 1960 год быў для яго прыкметны не толькі заканчэннем БДУ, але і ўступленнем у члены Саюза пісьменнікаў БССР. На чацвёртым і пятым курсах сумяшчаў вучобу з працай у часопісе «Вожык». Яго першая пасада ў часопісе – карэктар, другая – фельетаніст. Цікава, што ў 1958-1960 гг. у «Вожыку» выходзяць матэрыялы за подпісам «I. Сібарсач». Як жа расшыфроўваецца дадзены псеўданім? І. Сі – Іван Сіпакоў. Бар – Рыгор Барадулін. Сач – Барыс Сачанка. Усе – будучыя класікі беларускай літаратуры. Такое сааўтарства аказалася вельмі ўдалым.

Ураджэнец вёскі Вялікі Бор 16 гадоў узначальваў аддзел прозы часопіса «Полымя», 10 гадоў з’яўляўся сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, сем гадоў займаў пасаду загадчыка аддзела перакладной замежнай літаратуры выдавецтва «Мастацкая літаратура».

12 студзеня 1993 года дасягнуў самай высокай кропкі ў сваёй кар’еры. Прызначылі галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі. Барыс Іванавіч збіраўся шмат зрабіць на такой высокай пасадзе. Штосьці яму ўдалося. Выйшлі першы і другі тамы энцыклапедыі гісторыі Беларусі, энцыклапедыя «Археалогія і нумізматыка Беларусі». Аднак у планы галоўнага рэдактара ўмяшалася чорная пятніца 5 ліпеня 1995 года.

Ведучы размову пра творчасць Б.І. Сачанкі, зноў вяртаемся да яго студэнцкіх гадоў. Калі вучыўся на першым курсе, прайшло выдавецкі працэс першае апавяданне «Плынь», а калі заставалася некалькі месяцаў да фініша, дакладна такі ж працэс прайшоў першы зборнік апавяданняў «Дарога ішла празь лес». Агульны назоўнік усіх навел і мініяцюр Барыса Сачанкі – сацыяльна-бытавое апавяданне. Гэтак можна сказаць пра абсалютную большасць беларускіх празаікаў. У адрозненні ад першага зборніка апавяданняў у другім зборніку «Барвы ранняй восені» можна знайсці не толькі апавяданні, а таксама аповесці «Мальвіна» і «Палон». Гэта быў першы вопыт выдання аповесцяў.

Пісьменнік нарадзіўся на Палессі і таму ўяўляецца слушным існаванне цыкла «Палессе» ў творчай спадчыне Барыса Іванавіча. Ён вельмі любіў малую радзіму. Родныя вобразы ўвесь час паяўляліся ў прывязцы да цэнтральных сюжэтных ліній твораў цыкла. Калі градзіраваць адпаведныя творы па жанрах, то атрымліваюцца апавяданні, нарысы, аповесці. Тры аповесці «Варэйка золата», «Англіцкая сталь», «Дыярыуш Мацея Белановіча» выконваюць функцыю гістарычных у дачыненні да Палесся і, на мой погляд, з’яўляюцца лепшымі ў цыкле.

Калі ўвесці чыста колькасны паказчык, то больш усяго твораў прысвечана Вялікай Айчыннай вайне.

Пісьменнік нарадзіўся ў працоўнай сям’і, напружанай працай рабіў кар’еру, сумленна ішоў па жыцці і таму рашуча асуджаў прыстасавальніцкія, спажывецкія адносіны да жыцця, лічыў, што ў грамадстве не павінна мець месца мяшчанства. У яго галаве ніяк не ўкладвалася графаманства.

Радзіма Барыса Сачанкі моцна пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Падзяляў з землякамі іх выпрабаванні. Аб гэтым пранікненна сказана ў «Запісках аб радыяцыі», аповесцях «Родны кут» і «Еўка».

Не прайшлі незаўважнымі зборнікі сатыры і гумару «Волфігурыст», «Халасцяк», кнігі для дзяцей «Кошык малін» і «Бабка Адарка». Іх па сённяшні дзень пастаянна бяруць у бібліятэках.

Пісьменнік спрычыніўся да міжнароднай дзейнасці Беларусі. 41 год таму ЦК КПБ забраніраваў для яго месца ў складзе дэлегацыі БССР на XXXV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Сесія праходзіла тры месяцы. Зразумела, у Барыса Іванавіча было дастаткова часу для азнаямлення са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Падзяліўся ўражаннямі ў цэлай серыі нарысаў пад агульнай назвай «Куды ты ідзеш, Амерыка?». Пабываў таксама ў Галандыі, Польшчы, Чэхаславакіі, Францыі. Галандскі, польскі, чэхаславацкі, французскі вектары народнай дыпламатыі прадвызначылі з’яўленне адпаведных краіназнаўчых нарысаў.

Шмат перакладаў твораў замежных аўтараў на беларускую мову. І яго творы таксама перакладалі на замежныя мовы. Дзякуючы тытанічным высілкам ураджэнца вёскі Вялікі Бор былі надрукаваны творы літаратурных класікаў, пра якія ніхто раней не ведаў.

За сваю работу пісьменнік узнагароджаны двума ордэнамі «Знак Пашаны», медалём Францыска Скарыны, знакамі лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа і Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя І. Мележа.

Міхаіл СТРАЛЕЦ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *