Прафесіянал высока класа


Васілій Іванавіч Банчак на заводзе гідраапаратуры лічыцца не толькі адным з самых кваліфікаваных, але і адным з самых вопытных работнікаў. На прадпрыемстве ён працуе з першых дзён яго існавання, яшчэ з тых часоў, калі вытворчая база былога завода “Салют” знаходзілася ў вёсцы Хвойная Паляна.

А да гэтага была вучоба ў Глінішчанскай СШ, нялёгкая трохгадовая служба на адной з падводных лодак Паўночнага флоту. Там, на флоце, у суровых умовах Запаляр’я і ў час доўгіх мнагамесячных плаванняў (нават у Афрыцы давялося пабываць!) гартаваўся характар, фарміраваліся тыя рысы, якія дазваляюць юнаку стаць сапраўдным мужчынам. А працавітасці, стараннасці і кемлівасці Васілію было не займаць з дзяцінства. І калі ў 1985 годзе ўладкаваўся ён вучнем фрэзероўшчыка на самае маладое ў той час прадпрыемства горада, адчуў: работа з металам – гэта яго справа. Падабаўся сам рабочы працэс, калі бясформенны кавалак металу паступова ператвараўся ў патрэбную дэталь, падабалася і асваенне складанай металаапрацоўчай тэхнікі, і атмасфера ў калектыве, дзе ў любы час можна было звярнуцца за дапамогай або парадай да любога больш вопытнага таварыша па рабоце.

Ішоў час, ляцелі гады, якія ўвабралі ў сябе мноства грамадска-палітычных падзей, змен у настроях людзей, іх памкненнях і жаданнях. За гэты час многае змянілася і на стаўшым родным прадпрыемстве. Аднак нават у самыя складаныя для заводскага калектыву часы, калі многія звальняліся і шукалі сабе больш прыбытковы занятак, Васілій Іванавіч верыў у тое, што закончыцца няпросты перыяд эканамічнага бязладдзя, адновяць сваю работу заводскія цэхі і ўчасткі, людзі набудуць стабільнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

І такі час прыйшоў у 2005 годзе, калі Хойніцкі завод гідраапаратуры ўвайшоў у структуру Мінскага трактарнага завода. Пайшлі заказы, загулі прамысловыя станкі, сярод якіх з’явілася і нямала новых, пастаўленых з МТЗ, і для таго, каб асвоіць іх, хойніцкім машынабудаўнікам давялося павучыцца ў сваіх мінскіх калег. Такім чынам фрэзероўшчык з 20-гадовым стажам Васілій Банчак перакваліфікаваўся ў наладчыка 8-шпіндзельных такарных паўаўтаматаў, а зараз упраўляецца з гэтай мудрагелістай і грувасткай на выгляд тэхнікай так што люба-дорага паглядзець.

– І маладых рабоце на ёй вучыць, – гаворыць начальнік вытворчасці прадпрыемства А.Я. Плотнікаў. – Наогул, не злічыць колькі пачынаючых рабочых прайшло праз яго рукі!

Зусім не дзіўна, што гэта так, бо не забывае Васілій Іванавіч, як дапамагалі яму самому ў пачатку працоўнага шляху больш вопытныя таварышы. Таму ахвотна бярэцца за прафесійную (а, па сутнасці, і жыццёвую) апеку маладых завадчан.

Разам з начальнікам вытворчасці прадпрыемства пастаялі, паназіралі за тым, як працуе В.І. Банчак. Такія хуткія, але разам з тым,  дакладныя і ўпэўненыя рухі ўласцівы толькі прафесіяналам высокага класа. Зрэшты, менавіта такую рэпутацыю і мае гэты чалавек у працоўным калектыве завода гідраапаратуры.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *