Яе душа напоўнена музыкай

Людзі і лёсы

Пайду я ў садочак,
Сарву я лісточак,
Дый панакрываю
Мілага слядочак…

IMG_1681Галасы спявачак хвалявалі, краналі сэрца, захаплялі. Старадаўнія беларускія спевы вярталі глядзельную залу ў мінулае, у тыя часы, калі нашы бабулі ў сваіх песнях, не кранутых сучаснай апаратурай, фанаграмамі, у песнях, прыгожых і непаўторных у сваёй арыгінальнасці, душэўнай чысціні, аўтарамі якіх былі не прафесіянальныя кампазітары, а сам народ, апавядалі нам пра сялянскую долю, каханне, пра думкі і пачуцці. Асабліва краналі душу лірычныя песні, моцна звязаныя з прыродай. Прайшлі стагоддзі, а творы аўтэнтыкі і сёння не пакідаюць слухача абыякавым. Вось і зараз зала з удзячнасцю і замілаваннем сачыла за канцэртам, каб адарыць потым артыстак шчырымі апладысментамі.

– Такія песні не параўнаць ні з чым, немагчыма словамі перадаць тое, што робіцца ў душы, калі іх спяваеш, – гаворыць адна з выканаўцаў Н.М. Дзегцярова. – Колькі сябе памятаю, столькі ж люблю родныя беларускія песні. Яны для мяне нібы бяздонная светлая крыніца, з якой я чэрпаю асалоду, жаданне жыць і ствараць.

Наталля Мікалаеўна, ураджэнка Чачэрскага раёна, спявала з самага дзяцінства, перапяваючы дарослыя і не зусім зразумелыя песні. І вось ужо больш за сорак гадоў не развітваецца з баянам, акампаніруючы самадзейным артыстам. Лёс прыносіў Наталлі Мікалаеўне розныя выпрабаванні, з якіх яна выходзіла з вартасцю і заўсёды з песняй.

У 1973 годзе Н.М. Дзегцярова закончыла Гомельскае музычнае педвучылішча, па размеркаванню паехала працаваць у Буда-Кашалёўскі раён, затым працавала на Веткаўшчыне. Сцэну для яе ў другой палове хаціны, дзе размясцілася чытальня, зрабіў свёкар – атрымаўся такі сабе невялічкі вясковы клуб, дзе маладая жанчына збірала свой першы творчы калектыў. Набыты пэўны практычны вопыт спатрэбіўся, калі працавала дырэктарам СДК у вёсцы Беліцкае Рагачоўскага раёна, а затым – у вёсцы Жгунь Добрушскага раёна на такой жа пасадзе.

Давялося Н.М. Дзегцяровай папрацаваць і ў іншай сферы – у маці, акрамя яе, было яшчэ сямёра дзяцей, патрэбна было неяк зарабляць грошы на жыллё, усёй сям’ёй пайшлі на «Гомсельмаш».
– Я працавала на прадпрыемстве ў ваенізаванай ахове, – успамінае Наталля Мікалаеўна. – Выбралі мяне членам цэхавага камітэта, хапала грамадскай дзейнасці. Але не лічылася ні з часам, ні з уласнымі праблемамі. Радавалася чужым працоўным перамогам, дапамагала чым магла іншым. А пазней у нашу сям’ю прыйшла радасць – атрымалі кватэру ў Гомелі.

Потым лёс Н.М. Дзегцяровай зноў крута памяняўся. Свой куточак у гэтай кватэры ў 1987 годзе яна памяняла – на падсяленне туды пераехаў жыхар нашага горада. Уладкавалася ў дзіцячы сад «Бярозка» музычным кіраўніком. Святочныя ранішнікі, заняткі музыкай з дзецьмі, шырокі спектр тэматычных мерапрыемстваў – такім чынам праляцелі 10 гадоў. Жадання і сіл для правядзення самадзейных канцэртаў хапала спаўна, і Наталля Мікалаеўна арганізоўвае творчы калектыў «Рэчанька» у клубе торфабрыкетнага завода «Хойніцкі».

На першай рэпетыцыі было ўсяго толькі два чалавекі, а потым пацягнуліся аматаркі народнай песні ў клуб. Насычаная канцэртная дзейнасць захліснула выканаўцаў. Ім дзякавалі старэйшыя жыхары горада за тое, што са сцэны ліліся песні іх юнацтва, а моладзь заслухоўвалася натхнёнай любоўнай лірыкай. Прайшлі гады, ужо няма гэтага калектыву, затое яго нязменны кіраўнік Н.М. Дзегцярова памятае ўвесь песенны рэпертуар, і сёння ўспамінае з удзячнасцю актыўных удзельніц калектыву А.Р. Лешчанок, К.А. Сівую, Л.А. Бачына, іншых жанчын, з якімі яна ездзіла выступаць на рэспубліканскае тэлебачанне.

…Заліваўся баян, звінеў голас, адзін за другім праводзіліся канцэрты. Здавалася, што жыццё Н.М. Дзегцяровай было пафарбавана ў светлыя колеры. Але чорнай хмарай уварвалася гора – памёр адзіны сын, для Наталлі Мікалаеўны жыццё страціла ўсялякі сэнс. Да свядомасці паступова вяртаў любімы ўнучак, які светлым праменьчыкам саграваў параненае сэрца бабулі. Ды яшчэ прасілася выйсці з нябыту песня, умольвала, шаптала, усё мацнеў голас спявачкі. Боль і адчуванне страты падрэзалі крылы, але песні хацелася вырвацца з палону бяды і выцягнуць адтуль Наталлю Мікалаеўну. А сустрэчы з маленькім Ягоркам, яго ўсмешкі, гарэзлівыя вочы і пяшчотныя пацалункі вярнулі жанчыне адчуванне рэальнасці.

Сёння Наталля Мікалаеўна Дзегцярова – адна з самых актыўных аматараў самадзейнай мастацкай творчасці, цудоўная спявачка, здольны акампаніятар-баяніст, удзельніца культурна-масавых мерапрыемстваў, канцэртаў, конкурсаў і фестываляў. Вялікую дапамогу аказвае, плённа займаецца творчай дзейнасцю ў цэнтры культуры г. Хойнікі на грамадскіх пачатках.
– Песня для мяне – і дарадчык, і памочнік, і светлы прамень на маім жыццёвым шляху, – дзеліцца Наталля Мікалаеўна.
Слухаючы гэта, у чарговы раз пераконваешся: багатая ж наша зямля таленавітымі і цікавымі людзьмі, якіх трэба ведаць і берагчы як народны здабытак.

Л. КРАЎЧАНКА, мастацкі кіраўнік ансамбля «Спадчына».

Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *