Як глыток свежага паветра


Для жыхароў Паселіцкага сельскага Савета прыезд у мінулы чацвер інфармацыйна-прапагандысцкай групы на чале са старшынёй райвыканкома А.В. Бічаном быў як глыток свежага паветра. Грунтоўна падрыхтаваўшыся, аперыруючы прозвішчамі, лічбамі і фактамі па розных напрамках жыццядзейнасці названага Савета, выступаючым удалося стварыць своеасаблівае люстэрка, у якім жыхары вёсак Паселічы, Веляцін убачылі сваё адлюстраванне.

Прыйшоўшыя на сустрэчу былі не проста слухачамі, у іх абудзілі кола розных пачуццяў. Напрыклад, гонар за дасягненні працаўнікоў мясцовага сельгаспрадпрыемства “Веляцін” у галіне раслінаводства (у параўнанні з мінулым годам на 6 цэнтнераў узрасла ўраджайнасць збожжа з кожнага гектара, ураджайнасць цукровых буракоў склала 470 цэнтнераў з гектара – гэта другі паказчык у раёне, сёлета на галаву буйной рагатай жывёлы нарыхтавалі 30,9 цэнтнера кармавых адзінак травяных кармоў, пры леташнім адпаведным паказчыку 16,7 ц к.а.), гонар за вучняў Веляцінскай базавай школы Галіну Ярац, Сяргея Стасянка, Кацярыну Кардаш, Вікторыю Яромчык, Ірыну Германенка, якія маюць дасягненні ў вучобе і на спартыўных арэнах. Дарэчы, тры гады запар выхаванцы школы трымаюць пальму першынства ў раённай спартакіядзе па дзевяці відах спорту.

Радасна – ад навіны аб тым, што ў наступным годзе ў Велеціне запланавана будаўніцтва аграгарадка.

Крыўдна і балюча было за пражываючых у Велеціне Аксану Уладзіміраўну Гарашчанка і Надзежду Іванаўну Сідарэнка, бо не займаюцца жанчыны выхаваннем дзяцей.

Верыцца, што прачнуўся сорам у вяскоўцаў за тое, што ў свядомасці многіх паняцце “гаспадар” стала звужацца. Маўляў, у доме сваім шык-бляск навяду, а на вуліцы няхай падмятаюць, снег убіраюць, агароджу, перагарэўшую лямпачку мяняюць за дзяржаўныя сродкі. Адмаўляюць нават у пасільнай дапамозе, калі старшыня сельсавета Л.М. Зелянкоўская агітуе скласціся па тысячы-дзве рублёў  на добраўпарадкаванне тэрыторыі, дзе жывуць. Затое сілы чакаць і патрабаваць для сябе выгод хоць адбаўляй.

Не так жылі нашы продкі, не так завяшчалі нам жыць. Ці не вялікі адрыў цяпер паміж узроўнем жыцця і ўзроўнем культуры, патрыятызмам людзей? Аб гэтым міжволі задумваешся, калі даведваешся, што на прывядзенне ў парадак могілак у Лісцвіне, Мархлеўску ўвогуле не выйшлі жыхары Паселіцкага сельсавета, у якім, дарэчы, пражывае каля паўтары тысячы чалавек.

Як бачна, поспехі вяскоўцаў пакуль сціплыя, а недахопы ўнушальныя. А павінна быць наадварот.   


Ірына ВАСІЛЬЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *