мележаўцы завяршаюць падрыхтоўку тэхнікі да сяўбы. А як астатнія?

Сельское хозяйство

ИнженерЗаўтра – першы дзень вясны, а значыць хутка пачнуць ажываць нашы палеткі. Пасля зімовага сну іх разбудзіць рокат сельскагаспадарчай тэхнікі. Хаця… Гэта пакуль пытанне балючае. Бо яшчэ не ўся тэхніка ў раёне стаіць на лінейцы гатоўнасці.

Паводле слоў галоўнага інжынера райсельгасхарчу А.А. Дразда, пэўныя цяжкасці ёсць у КСУП «Веляцін» і ААТ «Хойніцкі Аграсервіс». Стрымліваюць аўтсайдэраў не толькі фінансавыя праблемы, але і ўласная няспрытнасць. А як жа сеяць будзем? Як калісьці ўручную: жменямі з кошыка, а потым заворваць сахой і закрываць бараной? Утрыруем, канешне, але сапраўды трэба «паднаціснуць», каб належным чынам падрыхтавацца да выхаду ў поле.
Часу ж засталося вельмі мала. Гэта ўсведамляюць у «Велікаборскім», «Судкова» і «Аравічах», таму і пачалі напрыканцы зімы «варушыцца». У майстэрнях з розных бакоў даносіцца грукат жалеза, «шыпенне» зварачнага апарата, адчуваецца пах гаручазмазачных матэрыялаў. Каля разабраных агрэгатаў завіхаюцца механізатары – усё гэта ўсяляе надзею на добры вынік.

Авось каго сапраўды можна паставіць у прыклад, дык гэта КСУП імя Мележа і эксбазу «Стралічава». Тут пачалі рыхтаваць тэхніку загадзя і грунтоўна, таму лепш за астатніх спраўляюцца з пастаўленымі задачамі. У мінулы раз, месяц назад, мы пісалі, як прыводзяць у рабочы стан трактары і сеялкі на стралічаўскім мехдвары, а цяпер з гэтай мэтай пабывалі ў мележаўцаў.
– Мы сярод лепшых? Не можа быць. Працуем жа звычайна, як усе, – сустракаючы мяне, са здзіўленнем гаворыць галоўны інжынер КСУП імя Мележа К.М. Суржэнка.
Прашу яго не скромнічаць і, як кажуць, выкладваць усе карты на стол.
– Проста пачалі рыхтавацца адразу пасля заканчэння ўборачнай, – пачаў расказваць Канстанцін Міхайлавіч. – Калі ставілі тэхніку на захоўванне, «прайшліся» па кожнаму агрэгату і склалі дэфектоўкі. Восенню кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла сродкі на набыццё запчастак. Адразу з новага года, калі работнікі выйшлі з водпускаў, пачалі рамонт і ў далейшым нарошчвалі тэмпы работ. На сённяшні дзень у нас з чатырох дыскатараў гатовы тры, над адным АПД-7,5 яшчэ трэба крыху пакарпець. Цалкам зроблены культыватар АКШ-7,2, сеялкі АПП-6М, «Гаспардо» і АПП-6Д. Чакаюць свайго часу таксама адрамантаваныя трактары. Падрыхтаваны да выхаду ў поле і машыны для ўнясення мінеральных і арганічных угнаенняў – РУ-7000, МТТ-4У, «РОСА», «Калумбія». Што датычыць ПРТ-7, то з чатырох спраўныя тры, над апошнім яшчэ працуем.

Гаспадарка супрацоўнічае з «Гомельаблаграсервісам», «Мазырскім аграснабам». Рухавікі і каробкі здаюць у рамонт на Гомельскі маторны завод. Кукурузная сеялка ТС-8000 зараз знаходзіцца ў наладчыкаў Мазырскага аграсервісу, а трактар МТЗ-2522 чыняць у Брагінскім аграсервісе.

Падрыхтоўкай тэхнікі да пачатку сезона займаецца рамонтная служба, у склад якой увайшлі майстар-наладчык Васілій Шкода, слесар Аляксандр Цішкавец, механізатары Аляксандр Купрыенка, Дзмітрый Блізнец, Васілій Канапелька і Аляксандр Капітан. Узначальвае гэтую дружную брыгаду загадчык майстэрняў Міхаіл Уласік.

У ходзе размовы з Канстанцінам Міхайлавічам заўважыла на яго руках рабочыя пальчаткі з надпісам «залатыя рукі». Калі на гэтым акцэнтавала ўвагу, ён адразу зазначыў, што гэта так, проста, а вось ва ўсіх яго работнікаў сапраўды такія рукі. Цудоўна, але немалаважна, каб работа была яшчэ і добра арганізавана. А са сваёй справай К.М. Суржэнка спраўляецца выдатна. Дваццаць чатыры гады працуе ў гаспадарцы, з іх пятнаццаць – інжынерам. Хоць мы з ім жартоўна і спрачаліся наконт таго, ставіць ці не яго здымак на першую старонку газеты, але прабачайце, Канстанцін Міхайлавіч, – вы заслужылі!

Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *