Сям’я прыёмная, а ўсе як родныя


Наваселле – гэта заўсёды свята. А ў вялікай сям’і, як у Людмілы Барысаўны Рабянок, свята асаблівае. Перасяліцца дзякуючы клопатам дзяржавы ў выдатны двухпавярховы катэдж, у якім восем пакояў, на падворку шыкоўная дзіцячая пляцоўка, вялікі прысядзібны ўчастак, на якім ёсць ужо маладзенькі сад,  усе неабходныя надворныя пабудовы для вядзення дамашняй гаспадаркі, – не кожнаму дадзена, заслужыць патрэбна.

Жыллё пабудавана па прэзідэнцкай праграме “Дзеці Беларусі”. Кошт яго 614 мільёнаў рублёў (206 мільёнаў з рэспубліканскага бюджэту і 408 – з абласнога). Агульная плошча пакояў 189,03 квадратных метра, якія ўкамплектаваны мэбляй і абсталяваннем, набытымі таксама за кошт абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў.

Таму і не дзіўна, што на ўрачыстае наваселле “зляцеліся” нашы браты-журналісты з вобласці і рэспублікі. А ганаровымі гасцямі былі намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта П.А. Кірычэнка, начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкома М.А. Бондар, старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.М. Рабінкіна, намеснікі старшыні райвыканкома А.М. Байкоў і В.М. Шаўчэнка.

 Людміла Рабянок сустракала іх з усёй сваёй вялікай сям’ёй, прыпаднесла Пятру Аляксеевічу традыцыйны хлеб-соль. А ён, падкрэсліўшы наколькі хвалюючы і запамінальны дзень не толькі для прыёмнай сям’і, але і блізкіх, знаёмых яе, прадстаўнікоў органаў улады, пажадаў маці і дзецям узаемаразумення, дружбы, любві і дабрабыту і на наваселле прыпаднёс падарунак – камп’ютэр.

Аб важнасці справы людзей, якія ўзялі на сябе клопат аб дзецях, якія аказаліся пазбаўленымі цеплыні і ўтульнасці сямейнага ачага, гаварыла старшыня райсавета Г.М. Рабінкіна, пажадала міру і шчасця ў доме і ўручыла ад райвыканкома і райсавета тэлевізар.

А потым гаспадары запрасілі гасцей у дом. Спярша, як прынята ў народзе, запусціўшы кошку, ролю якой выконвала выхавальніца дзіцячага сада № 1 М.М. Сабадаш. У зале гасцей чакалі “салодкія сталы”, аб якіх паклапаціліся работнікі рэстарана і хлебазавода, духмяны чай і кава, а таксама прыемная нечаканасць – Дзед Мароз са Снягурачкай. Аказваецца, да такой знамянальнай падзеі раней тэрміну прыбылі яны на хойніцкую зямлю, каб сказаць “З новым шчасцем, навасёлы!”

Начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта М.А. Бондар кожнаму з дзяцей прывезла цацкі. Вялікі торт і кошык з фруктамі да святочнага стала падарылі работнікі райспажыўтаварыства, сваю смачную прадукцыю – ПУП “Палескія сыры”, прыпаднёс падарункі прыватны прадпрымальнік І.У. Дземчанка.

Весела і ўтульна было і навасёлам, і гасцям, а закончыліся “ўлазіны” карагодам дзяцей разам з Дзедам Марозам і Снягурачкай каля ўбранай елкі ў двары.


Уладзімір СЯМЕНАЎ.
На здымках:
чырвоную стужку пераразаюць
намеснік старшыні аблвыканкома П.А. Кірычэнка
і старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.М. Рабінкіна;
дом для навасёлаў;
уся сям’я ў зборы.



Якая яна, прыёмная сям’я? Людміла Барысаўна Рабянок закончыла Гомельскае педагагічнае вучылішча і з 1987-га па 1997 год працавала выхавальніцай у дзіцячым садзе № 3 г. Хойнікі. У  жніўні 2003 года ўзяла пад апеку Максіма Смальцара, 2000 года нараджэння, а ў кастрычніку былі прыняты ў сям’ю Аляксандр і Яўгеній Жоўнеры, бацькі якіх памёрлі. Зараз хлопцы вучацца ў Рэчыцкім аграрным каледжы. Сувязі з сям’ёй не губляюць, прыязджаюць у выхадныя і святочныя дні, на канікулы.

Л.Б. Рабянок прайшла спецыяльную падрыхтоўку і з лютага 2004 года працуе прыёмнай маці. У той год на выхаванне ўзяла Вольгу Мамчыц,  якая зараз вучыцца ў Прыбарскім вучылішчы, па магчымасці наведвае прыёмную сям’ю. У 2006 годзе прыйшлі Леанід, Іван і Елізавета Марозавы, а ў 2008-м – Дар’я Лагвінец і Віялета Марозава. У маі бягучага года сям’я папоўнілася яшчэ трыма сацыяльнымі сіратамі – сёстрамі Галінай, Аленай і Дыянай Сямёнавымі.

Зараз у сям’і дзевяць прыёмных дзяцей (тры хлопчыкі і шэсць дзяўчынак): старэйшаму дзіцяці 11 год, малодшаму – 2. Акрамя іх, Людміла Барысаўна выхоўвае родную дачку Настассю, 2002 года нараджэння.

У сям’і падтрымліваюцца спакойныя добразычлівыя адносіны, склаліся ўжо свае правілы і традыцыі: чытанне кніг, бісерапляценне, маляванне, праца на прысядзібным участку. Да кожнага дзіцяці Людміла Барысаўна адносіцца з любоўю, як і да свайго роднага. Нездарма ў народзе кажуць: не тая маці, што нарадзіла, а тая, што вырасціла і выхавала.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *