У 92 гады ветэран Васілій Гардзеенка піша партрэт маршала

Да Дня Вялікай Перамогі Людзі і лёсы

IMG_7784Добразычлівы дзядуля з зіхатлівымі на салдацкай гімнасцёрцы баявымі ўзнагародамі заўсёды прыцягвае ўвагу на раённых мерапрыемствах патрыятычнай накіраванасці. Мужны твар, на якім зрэдку прабягае ўсмешка, праніклівы погляд, спакойныя рухі. Міжволі ўзнікае жаданне яго сфатаграфаваць. І, мяркуючы па яго шматлікіх здымках у Інтэрнэце, не толькі ў мяне. Ёсць фатаграфіі, дзе ён грае на гармоніку, гутарыць з дзецьмі, ідзе на парадзе і нават едзе на мапедзе. А апошнім часам на розных сайтах пачалі з’яўляцца і яго фота за стварэннем партрэта любімага палкаводца Георгія Жукава. Мы таксама не маглі абмінуць гэты цікавы факт і завіталі да ветэрана.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васілій Сямёнавіч Гардзеенка жыве ў вёсцы Клівы Хойніцкага раёна. Прыезду журналістаў ужо не здзіўляецца, часта бываюць у яго і са сталіцы, і з абласнога цэнтра, нават расійскія наведвалі. Ён заўсёды гасцінна ўсіх сустракае і кожны раз ахвотна распавядае пра свой салдацкі лёс.

У семнаццацігадовым узросце ў чэрвені 1941 года Васілій Гардзеенка збіраўся ісці на фронт, але, атрымаўшы адказ у ваенкамаце, трапіў у партызанскі атрад у Калінкавіцкім раёне. Быў разведчыкам і падрыўніком, а калі пачалося вызваленне Гомельскай вобласці, прызваўся ў рады Чырвонай Арміі. У якасці байца кулямётнага разліку ён вызваляў Варшаву, а затым ад Віслы дайшоў да Эльбы, прымаў удзел ва ўзяцці Берліна.

Пасля дэмабілізацыі ў 1947 годзе вярнуўся на Хойнікшчыну, працаваў у сельскай гаспадарцы і на вытворчасці. А вольны час прысвячаў любімаму занятку – маляванню. Дарэчы, будучы юнаком, ён марыў закончыць Пінскі мастацкі тэхнікум, але Вялікая Айчынная вайна ўнесла свае карэктывы ў жыццёвыя планы.

У Васілія Сямёнавіча выдатна атрымліваюцца пейзажы, але асабліва ўдала выходзяць партрэты – людзі на іх, быццам жывыя. Ды і сам мастак-аматар прызнаецца, што для яго гэты жанр найбольш даспадобы.
Сёлета 12 красавіка ветэрану Вялікай Айчыннай вайны споўнілася 92 гады! Але нягледзячы на салідны ўзрост, ён і сёння ўпэўнена трымае ў руках палітру з фарбамі і пэндзлік (на здымку). Нядаўна Васілій Сямёнавіч скончыў пісаць партрэт легендарнага маршала Савецкага Саюза Г.К. Жукава, з якім, дарэчы, быў асабіста знаёмы: меў зносіны з палкаводцам, калі той у час ваенных дзеянняў прыязджаў у Польшчу. Гэту карціну плануе падарыць Хойніцкаму краязнаўчаму музею да 70-годдзя Вялікай Перамогі. Да слова, яшчэ дзве работы ветэрана – а гэта партрэты маршалаў Савецкага Саюза К.К. Ракасоўскага і Г.К. Жукава, захоўваюцца ў музеі Хойніцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя.

Свята Вялікай Перамогі В.С. Гардзеенка часта адзначае ў Маскве. Па традыцыі ён ездзіць туды, каб сустрэцца з сябрамі-франтавікамі каля Вялікага тэатра. Плануе такую паездку і сёлета.
Васілію Сямёнавічу Гардзеенку цудам удалося застацца ў жывых на фронце, дзе на вачах кожны дзень гінулі баявыя сябры. Ён верыў у перамогу, і ішоў на Берлін. Як самыя шчаслівыя мінуты ў сваім жыцці дзядуля ўспамінае, калі яго камандзір Герой Савецкага Саюза генерал-лейтэнант Крукаў урачыста праехаў уздоўж строю, віншуючы салдат, афіцэраў, генералаў з Вялікай Перамогай над фашысцкай Германіяй.

…Пагутарыўшы, зрабіўшы здымкі, развітваюся з Васіліем Сямёнавічам і жадаю яму моцнага здароўя. А ён, так сумна паглядзеўшы мне ў вочы, ціха дадаў: «Галоўнае, каб ніколі болей не было вайны…»

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *