Асцярожна: менінгакокавая інфекцыя

Медыцына і здароўе

У Гомельскай вобласці з 10 па 14 студзеня сёлета зарэгістраваны два лятальныя зыходы ад менінгакокавай інфекцыі ў дзяцей да года і старэй двух гадоў у Лоеве і Калінкавічах. У нашым раёне летась зарэгістраваны адзін выпадак гэтай інфекцыі ў дзіцяці да года ў в. Дворышча.

Менінгакокавая інфекцыя займае важнае месца ў інфекцыйнай паталогіі і з’яўляецца самай цяжкай інфекцыяй дзіцячага ўзросту – найбольш часта захворваюць дзеці ва ўзросце да 14 гадоў, з іх пераважаюць дзеці першых гадоў жыцця, у якіх недастатковы імунітэт.

Менінгакокавая інфекцыя характарызуецца лёгкасцю распаўсюджвання, у асноўным паветрана-кропельным шляхам. Бацькі павінны ведаць, што маленькіх дзяцей трэбна максімальна агарадзіць ад зносін з вялікай колькасцю людзей. Нельга з імі хадзіць на рынкі, у магазіны.

Каварства гэтай інфекцыі ў тым, што пачатковыя клінічныя праяўленні напамінаюць прастуду або грып. Для  менінгакокавай інфекцыі характэрны востры і хуткі пачатак на фоне поўнага здароўя. У гэтым выпадку захворванне пачынаецца раптоўна. Напрыклад, дзіця кладзецца спаць зусім здаровым, а ноччу нечакана становіцца неспакойным, адчувае мышачную слабасць, скардзіцца на моцны галаўны боль. На працягу гадзіны тэмпература цела дасягае 39-40, праз 5-6 гадзін узнікае ванітаванне. Але самы грозны сімптом – гэта высыпка, якая з’яўляецца на канечнасцях, ягадзіцах, бакавых паверхнях тулава, якая не знікае пры надаўліванні. Улічваючы раптоўны пачатак і цяжкасць захворвання, неабходна пры першых прыкметах як мага раней звярнуцца за дапамогай да ўрача.

Небяспека ў тым, што захворванне можа развівацца ў лічаныя гадзіны і нават мінуты, і выратаваць хворага ўдаецца не заўсёды.

ПАТРЭБНА ВЕДАЦЬ, што ўзбуджальнік менінгакокавай інфекцыі пастаянна цыркуліруе сярод розных узроставых груп насельніцтва, але найбольшую небяспеку ўяўляюць бактэрыяносьбіты, прычым носьбітамі з’яўляюцца дарослыя, нават не падазраваючы аб гэтым, а хварэюць пераважна дзеці.

КАБ НЕ ЗАХВАРЭЦЬ І НЕ ЗАРАЗІЦЬ АКРУЖАЮЧЫХ, неабходна пазбаўляцца ад хранічных захворванняў насаглоткі – танзіліту, ларынгіту, фарынгіту.

Узбуджальнік няўстойлівы ў знешнім асяроддзі, таму неабходны праветрыванне, вільготная ўборка памяшканняў з прымяненнем дэзінфіцыруючых сродкаў. Пры кашлі і чыханні захоўваць асабістую і грамадскую гігіену. Пры з’яўленні прастудных праяўленняў неабходна карыстацца марлевымі павязкамі. Трэба больш гуляць з дзіцём на адкрытым паветры, пазбягаць паездак у грамадскім транспарце. Паўнацэннае і збалансаванае харчаванне, абагачанае вітамінамі і мікраэлементамі, заняткі спортам, загартоўка арганізма – усё гэта дазволіць захаваць здароўе дарослых і дзяцей.


Н. ЛАГВІНЕЦ, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна;
С. ХАВАНСКІ, урач-інфекцыяніст ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *