Педагог Алеся Чаховіч даўно змяніла вясковую хату на гарадскую кватэру, але зберагла назаўсёды рацэпт тых самых – матуліных – коржыкаў, якія нагадваюць абаяльнай жанчыне пра родныя мясціны і ціхія вечары, калі за кубачкам гарбаты збіралася ўся яе сям’я – а ў цэнтры ўвагі любімая мама Юлія Пятроўна.
Гэты смак ведае кожны з нас, упэўнена ў гэтым на ўсе 100%! Няма такога чалавека на Хойнікшчыне, хто б не паспрабаваў хаця б разочак гэтыя коржыкі. Але вось парадокс: у кожнай гаспадыні гэтае печыва атрымліваецца асаблівым, быццам гатуюць па розных рацэптах.
У маёй бабулі коржыкі выходзілі надзвычай хрусткія, а школьная сяброўка прыносіла пачаставацца коржыкамі па іх сямейным рацэпце – цвёрдымі, але з тоўстым слоем цукру. Калега па рабоце затое расказвае, што яе матуля заўсёды гатавала не коржыкі, а Каржы. Кожны з іх быў памерам з далонь, каб гарантавана наесціся скібкай.
Тыя, што на гэтым тыдні прыгатавала Алеся Іванаўна, – пераўзышлі ўсе мае чаканні. Пухнастыя, мякенькія, маленькія падушачкі з ледзьве заўважным бліскучым салодкім пакрыццём. Так і хацелася хутчэй наліць малака і сесці за стол. Што мы і зрабілі.
Больш за ўсіх уражанняў было ў майго трохгадовага сына: гэта вам не снікерсам ласавацца, зусім іншыя эмоцыі. Так мы і сядзелі ў цішыні: только за вухамі трашчала ад смакаты!
Ой, амаль не забылася падзяліцца з вамі, як жа прыгатаваць знаёмыя з дзяцінства «смакоцікі». Запісвайце, калі ласка.
Падрыхтуйце 200 мл кефіру, 300 г смятаны, 1 яйка, 200 г цукру, палову чайнай лыжкі соды, крыху солі, ванілін, 50 г топленага сметанковага масла ці маргарыну і кілаграм мукі. Але наконт мукі гаспадыня папярэдзіла, што можа спатрэбіцца не цэлае кіло, а колькі возьме ў выніку цеста.
Перш-наперш Алеся Іванаўна змешвае ўсе прадукты, акрамя мукі, у адной місцы. Далей дадае муку і няспынна перамешвае цеста. Калі яно стала дастаткова тугім, замешванне перанесла на стол. Цеста ў выніку павінна атрымацца эластычным і да рук не прыліпаць.
Пазней раскатвала цеста на паверхні, якую загадзя прысыпалі мукой. Таўшчыня слоя – прыкладна 2 см. Зверху пасыпаем цукрам і зноў раскатваем, каб салодкія крышталікі не асыпаліся.
Рэжам пласт на ромбікі – і можна пекці. Дла гэтага пагрэйце духоўку да 180-200 градусаў. Выпякайце коржыкі з абодвух бакоў па 15-20 хвілін.
Вуаля! Знакамітыя матуліны коржыкі гатовыя! Упэўнена, вы, як і я, не зможаце дачакацца, калі такая смаката астыне.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.