За тры месяцы бягучага года на тэрыторыі нашага раёна зарэгістравана 14 выпадкаў захворванняў вострымі кішэчнымі інфекцыямі. Хварэлі пераважна дзеці ва ўзросце да 3-х гадоў. Прычынай захворвання часта становіцца некіпячонае малако, вада, малочныя сумесі, прыгатаваныя ў запас.
Звяртаю вашу ўвагу на тое, што ў маленькіх дзяцей хутка развіваюцца сімптомы кішэчных інфекцый нават пры самым нязначным невыкананні правіл прыгатавання ежы: нямытыя рукі, посуд, захаванне ежы ў цяпле, некіпячоная калодзежная вада – усё гэта можа паслужыць фактарам перадачы інфекцыі.
На харчаблоках дзіцячых дашкольных устаноў і школ патрабуецца жорсткі кантроль з боку кіраўнікоў, старшых повараў за выкананнем персаналам харчаблока правіл асабістай гігіены, тэхналогіі прыгатавання страў, якасцю мыцця посуду.
Спецыялістамі райЦГЭ праведзены пазапланавыя праверкі харчаблокаў устаноў адукацыі згодна з пастановай галоўнага дзяржаўнага ўрача Рэспублікі Беларусь ад 22.03.2010 № 8.
У ходзе праверак устаноўлены парушэнні, для ўхілення якіх не трэба было чакаць прыходу правяраючых: поварамі пры прыгатаванні ежы не здымаліся ювелірныя ўпрыгажэнні, не мянялася забруджанае спецадзенне, пасля туалета рукі не апрацоўваліся антысептыкам. Выяўлены і сур’ёзныя парушэнні тэхналогіі прыгатавання страў. Напрыклад, у ДПТВ-183 пры прыгатаванні адварнога мяса птушкі неабходна было разабранае на порцыі мяса падвяргаць паўторнай апрацоўцы ў жаравой шафе на працягу 10 мінут пры тэмпературы 220-250 градусаў, але повар палічыў магчымым скараціць час апрацоўкі ўдвая (да 5 мінут), а заадно і тэмпературу панізіць да 60 градусаў.
Падтрымліванне санітарна-супрацьэпідэмічнага рэжыму на харчаблоках павінна кантралявацца па прынцыпу штодзённага самакантролю.
Задача адміністрацыі вучэбна-выхаваўчых устаноў, тэхнолагаў грамадскага харчавання – прадухіляць парушэнні, распрацаваць парадак эфектыўнага вытворчага контролю за выкананнем усімі работнікамі харчаблокаў санітарных правіл і гігіенічных нарматываў. Служба дзяржсаннагляду можа дапамагчы ў арганізацыі такога кантролю.
Н. ЛАГВІНЕЦ,
галоўны дзяржаўны
санітарны ўрач раёна.