Напярэдадні кожнай нашай вандроўкі па вёсках Хойнікшчыны імкнуся атрымаць параду ў старшыні сельсавета, куды патрапіць.
На гэтым тыдні звярнулася да старшыні Судкоўскага сельвыканкама Алены Ваўчок: «Куды накіравацца?» Прапанавалі завітаць у Загальскую Слабаду. Хаця там і засталося некалькі хацін, людзі жывуць неверагоднай руплівасці.
Ведаеце, ніколі не забуду мясцовых жыхароў маленькай вёсачкі! Усе яны старэйшага ўзросту, але столькі энергіі не пабачыш у моладзі.
У вёсцы зарэгістравана дзве сялянска-фермерскія гаспадаркі – адна з іх належыць сям’і Прышчэп, другая – Кананенка. Першымі сустрэла Прышчэпаў. Сям’я родам з Аравіч, але пасля чарнобыльскай бяды паехалі. Без малой радзімы вытрымалі больш за паўтара года, а потым вярнуліся ў Хойнікі. Муж Павел Пятровіч і жонка Валянціна Васільеўна ўсё жыццё трымалі хатнюю гаспадарку. Траіх сыноў – Уладзіміра, Васілія і Мікалая – вырасцілі ў павазе да працы. Таму на пенсіі вырашылі заняцца ўсур’ёз – у 2008 годзе Павел Пятровіч аформіў сялянска-фермерскую гаспадарку «Наш пан» у Загальскай Слабадзе, менавіта там па Прэзідэнцкай праграме перадавалі ў карыстанне ўчасткі і гаспадарчыя забудовы. З тае пары ў распараджэнні сям’і 160 га зямель. Ды і гаспадарка немаленькая: 40 авечак, 9 кароў, больш за 40 гусей, качак паўсотні, ёсць куры і свінкі. Маецца і ўся неабходная для работы тэхніка, уключаючы камбайн.
Валянціна Васільеўна гасцінна пазнаёміла з жывёламі. Сапраўдны кантактны заапарк тут!
Разам з мужам жанчына больш за пяцьдзесят гадоў – сакрэт моцнага саюзу ў адзінстве поглядаў, павазе і пастаяннай працы. Маўляў, няма часу высвятляць адносіны, бо з самага ранку да світання гаспадарку глядзяць.
Такіх жа поглядаў і іх сусед – без пяці хвілін Герой сацыялістычнай працы Міхаіл Паўлавіч Кананенка. Так, ад высокага звання ўраджэнца Краснаселля аддаліў Чарнобыль. Хаця і без таго працавіты мужчына неаднаразова ўзнагароджаны Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ордэнам Працы 3 і 2 ступеняў – іх атрымаў, калі працаваў комплексным брыгадзірам. Дзякуючы грунтоўнаму падыходу, ён дасягаў на сваім участку высокай ураджайнасці і надояў. За гэта ў райвыканкаме аднойчы яго назвалі «Міша Пуд», бо ў такога брыгадзіра кожная карова не менш за 16 літраў малака давала.
Міхаіл Кананенка
Разам з жонкай Галінай Антонаўнай выхавалі траіх дзетак, зараз чатыры ўнукі дарослыя. Міхаіл Паўлавіч і зараз бачыць у шчырай працы залог доўгажыхарства – у лістападзе адзначыць 83-годдзе. У гаспадарцы – 15 кароў і 7 свіней.
Дарэчы, да пенсіі працаваў у Палескім запаведніку ляснічым Аравіцкага лясніцтва. І вельмі ганарыцца, што ў той час папрасіў асабіста Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку дазволіць на тэрыторыі запаведніка вырошчваць коней – дазвол атрымаў. Справа Паўлавіча і сёння жыве! Чым гаспадар вельмі ганарыцца.
А нам застаецца ганарыцца такімі землякамі і вучыцца любіць жыццё, шанаваць мір і працаваць, як умеюць тутэйшыя.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.