Галасамі нашчадкаў: вечная маладосць салдата Івана Тальчука з Храпкава

На пути к Победе

Што для ўсіх нас значаць словы «Беларусь памятае»? Гэта не толькі святочны парад, дзе людзі розных узростаў нясуць партрэты сваіх родных, якія ваявалі за наша мірнае жыццё ў час Вялікай Айчыннай вайны, альбо ветэранаў, якімі ганарацца.

Мы зберагаем у памяці тое, што не хочам аддаць забыццю, самае каштоўнае.

Здаўна памятае бібліёграф Храпкаўскай бібліятэкі-клуба Таццяна Серада жыхарак гэтай вёскі: працавітых і добрых цётак Марылю і Настассю. Заўжды прыбраная хацінка, ветлівыя гаспадынькі і адзінае, пра што ніколі не дазволілі сабе забыць – памяць пра свайго брата. Ён ахвяраваў сваім жыццём, маладосцю для ўсіх нас. Таму сёння мае сэнс узгадаць імя яшчэ аднаго героя.

– Вуліца Лясная вёскі Храпкаў сустракае яркай зелянінай траў і цішынёй, якую раптоўна парушае клёкат бусла, што сядзіць нападалёк на буслянцы. Ён як быццам кажа: «Паглядзіце, як прыгожа наўкол, а галоўнае – ціха і мірна». На зямлі 80-я мірная вясна, вясна Перамогі, – шчыра дзеліцца Тацяна Пятроўна. – На гэтай вуліцы некалі жыла працавітая вясковая сям’я Тальчук, у якой было трое дзяцей: дзве дачкі і малодшы сын. Старэйшая сястра Марыля пайшла замуж, дажыла да старасці. Да апошніх дзён даглядала яе сярэдняя Настачка, якая за сваё доўгае жыццё старанна працавала, але была адзінокай. Малодшы Іван, нарадзіўся ў 1918 годзе, вырас добрым, прыгожым і разумным хлопцам. Пачынаў працаваць бухгалтарам у саўгасе. Адтуль пайшоў у армію, служыў у Эстоніі. Збераглі фотаздымак, які ён дасылаў сваім родным: на фатакартачцы паляшук разам са сваім таварышам-аднавайскоўцам. Па традыцыі хлопча пакінуў надпіс на фота: «На добрую и никогда не забываемую память мамочке и сестричке Стасе от братишки Вани во время службы в РККА в Эстонии в городе Пярну. Ваш сын и братишка Ваня 15.12.1940 год».

Праз паўгода пачалася Вялікая Айчынная вайна… Літаральна перад яе пачаткам ён даслаў ліст і фота да сястры, дзе напісаў: «Может быть, меня не будет в этом мире, но пусть эта фотография будет как память обо мне».

У чэрвені 1941 года ў Ленінградзе пачалася блакада – фашысты поўнасцю ізалявалі вялікі горад, але нашы войскі не скарыліся, а пастаянна змагаліся з ворагам і немагчымасцю прарвацца да правізіі. Застаецца только здагадвацца, наколькі цяжка давялося нашаму з вамі земляку.

На вялікі жаль, ва ўзросце 24 гадоў (у 1942 годзе) Іван Адамавіч Тальчук захварэў і загінуў у ваенным шпіталі. Пахаваны на Пескароўскіх могілках там жа у Санкт-Пецярбургу (тагачасным Ленінградзе).

А ў Беларусі, за тысячы кіламетраў ад свайго родненькага Вані, заставаліся сёстры. Настасся ўсё сваё жыццё ўспамінала яго і плакала, што воляю лёсу не пабачыла брата дарослым мужчынай. Але няхай памяць пра чалавека, які таксама каваў Перамогу, жыве ў сэрцах другіх людзей.

Вечная слава і памяць тым, хто загінуў на той страшнай вайне дзеля таго, каб мы жылі пад мірным небам. Дзякуй табе, дарагі беларус, за агульную Перамогу.

Беларусь памятае!

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *