«Я аб такой рабоце са школы марыў!» – прызнаўся машыніст 6-га разраду аўтагрэйдэра ДРБУ-155 Іван Пятровіч Півавар. Вось з такой станоўчай ноты і пачалося наша знаёмства.
Хто не ведае, аўтагрэйдэр – гэта самаходная колавая машына для прафіліравання земляных насыпаў, перамяшчэння і разраўновання грунтоў і дарожна-будаўнічых матэрыялаў на будаўніцтве і рамонце грунтавых і ўдасканаленых дарог, аэрадромных пакрыццяў, арашальных каналаў і інш.
Іван Пятровіч даволі сціплы чалавек, сфатаграфавацца для матэрыяла ледзь пагадзіўся. Сказаў мне: «Лепей маладых здымайце, а я ўжо амаль пенсіянер (нядаўна споўнілася 60)». Аднак усё ж такі для карэспандэнта «Хойніцкіх навін» зрабіў прыемнае выключэнне.
Наш герой працуе ў дарожнай сферы з 1985 года, і ўсё на адзінай пасадзе. Да 2002 года – машыніст у ДБУ-23, а пасля закрыцця будаўнічага ўпраўлення перавёўся ў ДРБУ-155. І за гэты час ніводнага прагула ніякіх нараканняў з боку кіраўніцтва, а толькі падзякі і шчырыя словы за добрасумленную працу.
Пачатак працоўнай дзейнасці паклала вучоба на вадзіцеля ў Рудакоўскім вучылішчы. Затым 10 гадоў стажа шафёрам у былым сельгаспрадпрыемстве «Рассвет». Далей Івана Пятровіча накіравалі на двухмесячныя курсы грэйдэрыстаў у Мінск, аб чым і да гэтай пары ён не пашкадаваў.
Менавіта з дапамогай такіх работнікаў нашы дарогі становяцца бяспечнымі для руху транспарта. Выраўняць асфальт ці ачысціць дарогу ад снегу – не пытанне! З усім справіцца Іван Пятровіч, кіруючы сваім грэйдарам. Прычым, яму і пад сілу адрамантаваць амаль любы агрэгат. Якраз у час майго візіту ён займаўся ўхіленнем няспраўнасцяў рухавіка. А калі здараюцца непаладкі ў асабістым аўтамабілі Nissan, то сам уладальнік і адрамантуе.
Некаторыя члены сям’і машыніста выбралі ў жыцці таксама дарожную справу. Старэйшы брат Васілій доўгі час працаваў прарабам на будаўніцтве мастоў.
Задавальненне І.П. Півавар атрымлівае не толькі ад працы, але ж у першую чаргу ад сямейнага дабрабыту. Разам з жонкай Галінай жывуць ужо 37 гадоў, выхавалі дачку Людмілу, якая атрымала вышэйшую педагагічную адукацыю.
Сумесныя паходы за грыбамі, а таксама рыбалка яшчэ больш аб’ядноўваюць Півавараў і даюць стымул для плённай працы.
Тэкст і фота Вікторыі МАРОЗ.