Тутэйшыя: рай для інтравертаў – у Хвойным чуваць, як птушкі ляцяць

Тутэйшыя

Сёлета ў вёсцы Хвойнае давялося пабываць двойчы. Лічу гэта асабістым шанцаваннем, таму што ў такі населены пункт хочацца вяртацца.

Упершыню пазнаёмілася з некаторымі мясцовымі жыхарамі ў маі. Напярэдадні Дня Перамогі ў рамках акцыі «Парад пад акном» наведалі дзяцей вайны, якія пражываюць тут. Яшчэ тады пабачыліся з паважанымі Марыяй Шалкоўскай, Валянцінам Шалкоўскім, Тамарай Варонай, Васіліем Канапелькам і Соф’яй Бяляўскай.

Для доўгажыхароў артысты творчых аб’яднанняў раёна падрыхтавалі сапраўды кранальныя выступленні, а госці – прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай ахове – уручылі кожнаму герою падзеі кветкі і падарункі. Нашым героям, хочацца верыць, святочныя ўрачыстасці прышліся да спадобы.

Паўгода пасля вяртаюся сюды самастойна з намерам пагутарыць з тутэйшымі. Вядома, некаторыя з мясцовых паехалі на зімоўку да дзяцей.

Заўсёды дома Тамара Мікалаеўна Варона. У свае 92 гады жанчына адносіцца да вялікага ўзросту з гумарам. Кажа, не верыць, што столькі ўжо «стукнула». Памяць і сёння зберагае ўспаміны пра ваеннае ліхалецце.

– Перажылі такое, што і ворагу не пажадаеш. З матуляй хаваліся ад паліцаяў і фашыстаў, жылі ў зямлянцы, бо нацысты занялі ўсе хаты, калі ў вёску зайшлі. Адзін з фрыцаў мяне пабачыў і гаворыць: паедзеш у Германію, там мая дачка для цябе будзе паненка, а ты для яе – цурка! Ведаеце, як я тады спужалася! Думала, лепей памру, чым служыць камусьці забяруць.

Бацька і брат Тамары Мікалаеўны з фронту так і не вярнуліся. Яшчэ і родную хату спалілі немцы. Дарэчы, у вайну ўся вёска апынулася ў фашысцкім полымі, а 61 жыхара расстралялі. Удалечыні, там, дзе вёску акаляюць меліяратыўныя каналы, а справа – рака Віць, стаіць помнік загінуўшым землякам – увесь у кветках. Тутэйшыя памятаюць тых, хто заплаціў жыццём за нашу волю.

Запыталася ў суразмоўцы пра сям’ю: ажаніцца прапанаваў кінамеханік, які прыязджаў у вёску круціць фільмы. Дзяўчына нават для самой сябе хутка пагадзілася, пара накіравалася ў сельсавет на роспіс. Вось там Тамара і даведалася, што прозвішча ў яе каханага Івана – Варона. І давай плакаць!

– Ну чаго ты, дзеўка?! – толькі жартавалі ва ўстанове. – Згаджайся: варона – птушка разумная і доўга жыве.

Разам з Іванам Аляксеевічам нарадзілі і выхавалі чацвярых дзяцей. Сын Леанід і сёння часта да матулі прыязджае, хаця пастаянна даглядае за бабай Томай яе апякун – Надзежда Канапелька. Мужчына з жартам кажа: як толькі выдалася магчымасць, змяніў прозвічша – надта ў дзяцінстве дражнілі. Леанід Іванавіч цяпер на пенсіі, з радасцю вяртаецца ў родныя мясціны і ўпэўнены, што тут самая лепшая рыбалка. Сёлета злаваў вялікага шчупака – больш за 3 кг!

Разам з матуляй тутэйшы ўспамінае, як у Хвойным дзейнічала школа-васьмігодка, ФАП, клуб. У ХІХ стагоддзі тут быў вадзяны млын і крама. Вёска доўгая, што нечакана для тых, хто тут упершыню.

У самым канцы Хвойнага незвычайна ажыўлена: ля двара столькі птушак! Тут гусі, куры і індакачкі. А насупраць пасецца спакойная кабылка.

Гэта гаспадарка Любові Кунцэвіч. Сама жанчына займалася справамі дома, але выйшла пагутарыць. Любоў Сафронаўна таксама тутэйшая, да пенсіі працавала ў сельскай гаспадарцы – спачатку ў калгасе «Бальшавіцкая перамога», які пазней увайшоў у склад КСУП «Імя І.П. Мележа». Нават на заслужаным адпачынку ў хвайнічанкі спраў багата ды і дзеткі з унукамі не забываюць. Гаспадыня кажа, што ў Хвойным цяпер засталося мала народу, вёска «сыходзіць», хаця і аднавілася пасля вайны. Хіба што дачнікі прыязджаюць, а зімой зусім глуха, нават дзікія жывёлы заходзяць. І цішыня. Здаецца, такое наваколле – жаданае для інтравертаў. І людзей, якія без вёскі сябе не ўяўляюць.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *