Тутэйшыя: у Хвойнай Паляне цішыня. Але так было не заўсёды

Тутэйшыя

Напярэдадні Новага года заехалі ў пасёлак Хвойная Паляна.

Тут больш за 30 гадоў працуе загадчыкам мясцовага ФАПа Надзежда Стрыжак. Нават імя гэтай баяльнай і ва ўсіх адносінах сардэчнай жанчыны падкрэслівае, якую цеплыню яна дорыць сваім землякам. Так, хаця Надзежда Аляксандраўна доўгі час працуе ў медыцыне, не можа назваць тутэйшых пацыентамі – за вялікі адрэзак часу яны сталі для яе кімсьці большым.

– У мяне каля 20 чалавек пад наглядам. Вядома, большая частка з іх – людзі старэйшага ўзросту, – расказвае медык. – А калі прыехала сюды, тут жылі 208 чалавек.

Надзежда Аляксанд-раўна для мясцовых стала больш чым проста медыцынскім работнікам – гэта псіхолаг, тэрапеўт і ўвогуле шчырая падтрымка літаральна ва ўсіх пытаннях. Нездарма ж яна тут яшчэ і ўпаўнаважаная. На працягу шасці (!) скліканняў выконвала абавязкі дэпутата сельскага Савета дэпутатаў і нават прымала ўдзел ва Усебеларускім народным сходзе, які адбыўся ў 2001 годзе.

– Маючы за плячыма такі досвед, вядома, з вялікай цікавасцю сачыла за далейшымі УНС, мне імпануе той кірунак, які ўзяла наша краіна – на развіццё і паляпшэнне яе якасці. Толькі так і трэба.

А яшчэ наша гераіня – сапраўдная патрыётка малой радзімы. Яна расказвае, як падчас размеркавання кожная з навучэнак медыцынскага каледжу спадзявалася, што адправіцца працаваць бліжэй да роднага дому. Некаторым не так «шанцавала» – накіроўвалі ў Гомель. А нашай Надзеі фартуна ўсміхнулася – ураджэнка Вялікага Бору, яна на сёння больш хвойнапалянаўская. Тут ажаніліся з працавітым Міхаілам, нарадзілі чацвярых дзетак.

У час вандроўкі Надзежда Аляксандраўна пазнаёміла з мясцовай жыхаркай – паважанай Нэллі Штыхновай. Ураджэнка вёскі Партызанскай, Нэллі Іванаўна разам з мужам Міхаілам Віктаравічам выхавала 10 дзяцей. Жанчына з гонарам расказвае: усе сыны і дочкі выбралі прафесіі педагогаў і медыкаў. З маленства яны раслі ў атмасферы любві, але рана навучыліся быць самастойнымі – інакш ніяк, бо бацькі ўвесь час працавалі. Напрыклад, сама Нэллі Іванаўна рабіла ў мясцовым філіяле Маскоўскага авіяцыйнага завода. У той час у пасёлку дзейнічалі некалькі магазінаў, сталовая, пякарня, баня, якая працавала круглыя суткі, а ўлетку ў школу прыязджалі дзеці з усіх школ раёна – тут адкрываўся летні лагер «Чайка».

– Жыццё кіпела – прыемна ўспомніць. Пры заводзе нават ансамбль свой быў, а на танцавальнай пляцоўцы і ў клубе на выходных – заўсёды аншлаг, – успамінае яна.

Сёння ў Хвойнай Паляне ціш і спакой. Засталося два шматкватэрныя дамы, якія ацяпляе кацельня. Двойчы на тыдзень прыязджае аўталаўка, курсіруе і мабільная пошта, дзе таксама можна зрабіць пакупкі. Ну а пра медыцынскае абслугоўванне і казаць не трэба – тут яно на ўзроўні санаторыя. Дарэчы, мясцовыя так і кажуць: «Мы пад наглядам нашай Надзежды, як на курорце».

Не забыліся наведаць яшчэ адну жыхарку: прыйшлі ў госці да Ганны Даніленкі. Ганна Адамаўна родам з Гарошкава, а ў пасёлку жыве з 1958 года. На вялікі жаль, яшчэ маленькай яна спазнала жах вайны, разам з сястрой і матуляй была ў нямецкім палоне і сёння мае статус былога вязня. Пасля Перамогі яны вярнуліся на Радзіму, дзе быў вялікі голад. Дзяўчынкай яна жыла ў дзіцячым прытулку, толькі пазней атрымалася адшукаць маму. З юнацтва гэта адважная паляшучка не цуралася ніякай работы: рабіла на тарфзаводзе тут, разгружала вагоны. Такімі ж працавітымі выраслі трое сыноў. Адзін з іх, Аляксандр Іванавіч, сёння даглядае матулю – у Ганны Адамаўны пагоршыўся зрок. Але ж стан здороўя не перашкаджае ёй па-ранейшаму падтрымліваць зносіны з суседзямі і з цікавасцю сачыць за навінамі ў краіне. Дзеці неаднаразова прапаноўвалі маці пераехаць да іх, у больш камфортныя ўмовы, але яна катыгарычна адмовілася – адсюль нікулы, бо прыкіпела душой. Як і астатнія жыхары Хвойнай Паляны.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *