Як кіраваць аўтамабілем, каб не трапіць у аварыю на зімняй дарозе: даведаліся ў землякоў з вялікім стажам за рулём

Наши проекты

Дарога – не месца для геройства. І зімовая язда – гэта не пра хуткасць, а пра прадбачанне і кантроль.

Многія вадзіцелі трапляюць у непрыемнасці з-за спешкі, пераацэнкі сваіх навыкаў. Вопытныя аўтааматары Хойнікшчыны далі парады, як паводзіць сябе на слізкай дарозе.

«ПЛАЎНЫ ПАВАРОТ І НІЯКАЙ ПАНІКІ»

Сяргей Пракапенка:

– Узімку не кожны можа лёгка перабудаваць свой стыль кіравання, умела здзяйсняць манеўры на лядовай дарозе. Хтосьці і зусім адмаўляецца ад перасоўванняў на машыне. І іх можна зразумець. Калі адчулі, што машыну панесла, не панікуйце: не круціце руль хаатычна і не цісніце на тормаз. Глядзіце туды, куды хочаце паехаць, і плаўна працуйце рулём. Калі аўтамабіль з’ехаў на абочыну, трэба, утрымліваючы газ у ранейшым становішчы, плаўна выруліць назад у паласу. Заносы на паваротах на слізкай ці заснежанай дарозе выглядаюць эфектна хіба што на відэа, асабліва ў запаволеным рэжыме. Аднак у рэальным жыцці патрапіць у ДТЗ не жадае ніхто.

«ТРЫМАЙЦЕ ДЫСТАНЦЫЮ»

Наталля Альпяровіч:

– Важна зважаць не толькі на дастатковую адлегласць да аўтамабіля наперадзе, але і на транспартны сродак ззаду. Калі хтосьці ззаду моцна прыціскаецца да вашага аўтамабіля, мае сэнс паменшыць хуткасць і дазволіць наступнаму за вамі вадзіцелю таксама прытармазіць альбо абагнаць вас.

Вось асноўныя правілы бяспечнага ваджэння зімой. Першае – хутка не ездзіць, другое – рэзка не тармазіць, і трэцяе: рулём працаваць плаўна. Калі гэта ўсё выконваць, то любая паездка добра скончыцца. Дарэчы, нярэдка вадзіцелям лянота цалкам чысціць свайго «жалезнага каня». Маўляў, і так сыдзе. Але ездзіць «снегавіком» па дарогах небяспечна. Перад выездам неабходна ачысціць ад снега і лёду не толькі лабавое, але і ўсе бакавыя люстэркі, фары, капот.

«ПРАВЯРАЙЦЕ ТЭХНІЧНЫ СТАН МАШЫНЫ!»

Яўгеній Данчанка:

– Гэта неабходна рабіць ў любы сезон, але ўзімку асабліва. І гаворка не толькі аб стане тармазоў і пакрышак, але і аб якасці абмывайкі, чысціні шчотак і нават камфорце вадзіцеля на яго месцы: ці дастаткова цёпла ў салоне, ці добра працуе кандыцыянер, ці не пацеюць вокны.

Напрыклад, калі ўлетку сцёртыя тармазныя дыскі або зношаныя шыны за кошт лепшага счаплення колаў з сухой летняй дарогай не нясуць асаблівай небяспекі, у зімовы перыяд гэты фактар можа стаць вырашальным: лёд пад колам істотна павялічыць тармазны шлях і зменіць траекторыю руху так хутка, што не застанецца часу на гэта зрэагаваць.

Землякі, бяспечнай вам дарогі!

«УВАЖЛІВАСЦЬ ПРЫ НАЯЎНАСЦІ ЗНАКА «ДЗІКІЯ ЖЫВЁЛЫ»

Дзмітрый Дрозд:

– Сустрэча з ляснымі жыхарамі таксама можа здарыцца зімой. Самы небяспечны час сутак для «знаёмства» на дарозе з аленем, касуляй, ласём – вячэрні і ранішні змрок, калі жывёлы становяцца больш актыўнымі. Таму зблізку лясоў варта звяртаць увагу знак «Дзікія жывёлы» і быць максімальны асцярожным. Пры яздзе па начной трасе трэба выкарыстоўваць далёкае святло, каб убачыць звера загадзя. Галоўнае, не забывайце своечасова перамыкацца на блізкае святло фар, каб не асляпіць іншых удзельнікаў дарожнага руху. Калі асляпілі вас, адразу ўключайце «аварыйку» і, не перабудоўваючыся, зніжайце хуткасць і спыняйцеся.

Апытвала Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *