Тутэйшыя: у Дворышчы жывуць патрыёты – тут вёска гудзіць на Радуніцу

Тутэйшыя

Сваё чарговае падарожжа на гэты раз запланавалі ў вёску Дворышча, дзе жывуць зямлячкі – сапраўдныя патрыёткі малой радзімы.

Марына Сацура і Валерыя Сацура

З вялікім задавальненнем пагутарылі з актыўнымі мясцовымі дзяўчатамі: бібліятэкарам Дварышчанскай сельскай бібліятэкі Марынай Сацурай і загадчыцай сельскім клубам Валерыяй Сацурай. Дзякуючы гэтым культработнікам ніводнае свята не праходзіць на вёсцы сумна. Нават гэтымі днямі яны рыхтуюцца весела правесці Масленіцу ў Дворышчы, і ніхто не сумняваецца, што традыцыя пройдзе з размахам. І ніяк інакш, бо абедзьве арганізатары тутэйшыя, ведаюць, што даспадобы землякам.

Тут любяць і пачытаць. Марына Анатольеўна кажа, што пастаяннымі наведвальнікамі бібліятэкі на сяле па праву лічацца тутэйшыя жыхары Генадзій Хадасок і Таццяна Кудака. Калі патрэбна, бібліятэкар і сама даносіць да іх жаданыя кнігі. Да таго ж, Марына Анатольеўна яшчэ і ўпаўнаважаны вёскі – усе пытанні жыхароў адрасуе ў сельвыканкам, дзе аператыўна рэагуюць на звароты.

Таццяна Шыцікава

Сіла роднай зямлі і моц бацькоўскага дома – не пустыя словы для тутэйшай Таццяны Шыцікавай. Яна тут нарадзілася, атрымала спецыяльнасць медыцынскай сястры ў Рагачове – з чырвоным дыпломам. Хаця і паспяхова працавала ў санаторыі «Чонкі», заўжды цягнулася ў родны край. Пераехала назад, доўгі час працавала ў хірургічным аддзяленні райбальніцы і Паганянскай участковай бальніцы. Нават Чарнобыль не спалохаў жанчыну, не адагнаў яе адсюль. Вось і сёння Таццяна Уладзіміраўна жыве там, дзе нарадзілася, шпарка даходзіць да аўталаўкі, якая прыязджае ў Дворышча двойчы на тыдзень. Ды і дзеці матулю не забываюць.

Кацярына Лобан

З юных гадоў спазнала цяжкасць сельскай працы паважаная Кацярына Лобан. Улетку доўгажыхарцы споўніцца 85 гадоў, амаль 60 з іх пражыла ў шчаслівым саюзе з першым і адзіным сваім каханнем – мужам Іванам Іосіфавічам. Нарадзілі траіх дзетак, а цяпер радуюць бабулю шасцёра ўнукаў і праўнукі. У хаце гаспадыні, як на карцінцы – прыбраны ложак, вышытыя сурвэткі, фотаздымкі мілага Вані… На свой лёс Кацярына Васільеўна ніколі не скардзіцца: жыла ў вялікай сям’і, дзе яе цанілі і любілі. А што яшчэ трэба?!

Зінаіда Жэнбарава

– З 14 гадоў пайшла каровак даіць, – успамінае юнацтва наступная суразмоўца Зінаіда Жэнбарава. – Потым на цаліну ў Казахстан паехала на паўгода, дзе пазнаёмілася з будучым мужам.

Мухамед Жэнбараў быў родам з Туркменістана, а ў Алмаце служыў у арміі. На танцах пабачыў беларуску з самай прыгожай у свеце ўсмешкай і адразу папярэдзіў паляшучку: «Мая будзеш». Зіна і не паверыла, але хлопец прыехаў у Дворышча пасля дэмабілізацыі. Сур’ёзнасць намеру ў беларускай сям’і ацанілі, а таму згулялі вяселле, пасля чаго маладыя паехалі на радзіму мужа. Хаця нараджаць першага сына наша гераіня ўсё роўна паехала дадому – быццам родныя сцены да сябе магнітам цягнулі. А потым Зінаіда Уладзіміраўна ўпэўніла і мужа застацца ў Беларусі. Муж і жонка пражылі разам амаль да залатога вяселля, вырасцілі траіх дзетак. Выпрабаванне Чарнобылем цяжка далося сям’і – на сем гадоў заставаліся ў Туркменістане, але потым дзеці жанчыны папрасілі паехаць назад. Гэта рашэнне Зінаіда Жэнбарава і сёння называе самым правільным – родная зямля надта вялікую сілу мае і сваіх дзяцей падтрымлівае.

Наталля Вяргейчык

Таксама мяркуе і тубельная Наталля Вяргейчык: жанчына родам з вёскі Казялужжа, пайшла ў Дворышча замуж. Доўгі час працавала ў Дварышчанскім сельсавеце. Тут выраслі двое дзяцей гераіні, атрымалі школьную адукацыю. З-за аварыі на Чарнобыльскай АЭС сям’я вагалася: ехаць адсюль ці не, і куды накіравацца. Але ж вырашылі застацца. Цяпер муж і жонка Вяргейчык штогод на Радуніцу сустракаюць у вёсцы родных і сяброў, каб па тутэйшай традыцыі менавіта ў панядзелак ушанаваць памяць продкаў.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *